Вы тут

У Мінску ўрачыста адкрылі абноўленую кнігарню "Вянок"


Урачыстая цырымонія прайшла ў сталіцы ў дзень 125-годдзя класіка. Ганна Какуева (яе ролю выканала актрыса Купалаўскага Хрысціна Дробыш) стала на час гаспадыняй кнігарні, а Максім Багдановіч (у выкананні акцёра Купалаўскага Андрэя Дробыша) завітаў у краму, каб прачытаць каханай новы верш — "Раманс" — "Зорка Венера ўзышла над зямлёю" і пазнаёміцца з кнігамі, прадстаўленымі на паліцах крамы.


Першы намеснік міністра інфармацыі Ігар ЛУЦКІ зачытаў віншаванне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з нагоды 125-годдзя Максіма Багдановіча. Ён таксама зазначыў:

— Радкі Максама Багдановіча — у сэрцы і душы кожнага з нас. Яны не даюць забыцца пра тое, што мы — беларусы. Гэтая крама тут працуе многія гады, але для яе адкрыцця зноў сёння праведзена шмат работы. Варта падзякаваць Мінскаму гарвыканкаму, прадпрыемству "Мінская спадчына" і "Белкнізе" за тое, што "Вянок" захаваны і надалей будзе працаваць для ўсіх мінчан і гасцей горада.

Шмат разважалі госці імпрэзы пра сімвалізм спадчыны Багдановіча, яго зборніка "Вянок" для беларускага народа. Зазначалі патрэбу існавання кнігарні, дзе галоўнае месца займае не кніжны бізнес, а кніга рарытэтная, букіністычная. Знакавае і размяшчэнне абноўленай крамы — у гістарычным цэнтры горада, непадалёк ад Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.

— Калі Максім пісаў радкі свайго верша "Я не самотны, я кнігу маю...", гэтыя словы былі для яго глыбока асабістыя. Паэт вельмі чакаў свой "Вянок", — зазначыў дырэктар выдавецтва "Мастацкая літаратура", пісьменнік Алесь БАДАК. — Але сёння Максімавы словы — агульныя для ўсіх беларусаў, для ўсяго свету. Мы сапраўды не самотныя, бо маем такую выдатную кнігу вершаў. Мы ведаем, што гэта кніга еўрапейскага ўзроўню, якая жыве ўжо многа дзесяцігоддзяў і будзе жыць яшчэ доўга, знаходзіць водгук у сэрцах наступных пакаленняў беларусаў і прачытвацца, засвойвацца імі па-новаму.

Гэтую думку Алеся Мікалаевіча падтрымала намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена СТЭЛЬМАХ. А рэдактар аддзела прозы часопіса "Маладосць" Маргарыта ЛАТЫШКЕВІЧ расказала пра акцыю, што ладзілася выданнем да юбілею Максіма. У яе межах быў здзейснены пераклад знакамітага Багдановічавага "Я хацеў бы спаткацца з Вамі..." аж на два дзясяткі моў свету.

У час адкрыцця крамы "Вянок" можна было пабачыць выстаўку сапраўды рарытэтных выданняў твораў Багдановіча з фондаў архіва друку Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі. Намесніца дырэктара кніжнай палаты Алена ЯРМОЛІЧ расказала, што ўсяго ў нашай краіне пабачылі свет больш як паўсотні выданняў твораў Максіма агульным тыражом больш як 641 000 асобнікаў. Гэта як грунтоўныя акадэмічныя зборы, так і мініяцюрныя кніжачкі. Адметная і гісторыя некаторых кніг з фондаў. Паколькі ў час вайны архіў друку быў амаль страчаны, даводзілася рознымі шляхамі яго ўзнаўляць. Так, першы акадэмічны Збор твораў 1927—1928 гг. перадалі з Літаратурнага інстытута імя А.М. Горкага. А даваеннае выданне "Мушка-зелянушка і Камарык-насаты тварык" у 1961 годзе трапіла ў Беларусь з Дзяржаўнай бібліятэкі Туркменскай ССР. Дарэчы, менавіта гэтая дзіцячая кніга выходзіла самым вялікім тыражом з усіх Багдановічавых. Наклад аднаго з выданняў складаў 100 тысяч.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».