Вы тут

Як камунальныя адходы становяцца карыснымі


Калі ў 2012 годзе з усіх камунальных адходаў толькі 10 працэнтаў траплялі на перапрацоўку, то летась — 15,6. Гэта ўжо вялікі скачок. Уявіце: на звалку не патрапіла 540 тысяч тон выкінутай паперы, шкла і пластыку. Калі б усё гэта можна было сабраць у мяхі, хапіла б выкласці імі мяжу Беларусі восем разоў альбо заставіць усю дарогу ад Брэста да Масквы. Але мы можам яшчэ больш смецця не дапусціць да звалак. Усяго толькі і патрабуецца — збіраць адходы асобна.


Мэта 99

Здаецца, гэта нескладана — паперку сюды, бутэльку туды. І тым не менш, нават калі з'явіліся кантэйнеры для асобнага збору, некаторыя неахайныя таварышы імкнуцца туды ўвапхнуць пакеты са звычайным змяшаным смеццем, большая частка якога — харчовыя рэшткі, і такім чынам часта псуюць другасную сыравіну. Асабліва псуецца папера, размакае, забруджваецца. Акрамя таго, у смеццявозе адходы прэсуюцца, і на сартавальнай ліні складаней здабыць тое, што адпавядае патрабаванням перапрацоўшчыка. Іншым разам выбракоўваецца практычна ўсё змесціва кантэйнера!

Ацынкаваныя кантэйнеры са спецыяльнымі адтулінамі з'явіліся ў нашых дварах менавіта для таго, каб прывучыць насельніцтва да сарціроўкі. Але адразу ж знайшліся і незадаволеныя. Маўляў, буйныя бутэлькі ды слоікі туды не праходзяць.

— Пакуль пагалоўна беларусы не гатовы сартаваць смецце. Адтуліны ў кантэйнерах прадугледжаны для найбольш частых адходаў, што збіраюцца ў людзей у дамах, — заўважае дырэктар установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Наталля Грынцэвіч. — Так, трохлітровыя слоікі сюды не памесцяцца, але як часта мы іх выкідаем? З той жа пластыкавай бутэлькай на пяць літраў я праводзіла эксперымент: калі прыкласці невялікія намаганні, проста сагнуць, яе можна выкінуць у такі кантэйнер. Акрамя таго, ёмістасць ацынкаваных кантэйнераў на 67 працэнтаў большая за звычайныя. Гэта дазваляе сабраць больш адходаў і скараціць выдаткі на вываз.

Часам тыя, хто гатовы сартаваць смецце, сумняваюцца: а ці ёсць у гэтым сэнс, калі кантэйнеры адкрытага тыпу запаўняюцца ўсё роўна невядома чым і вывозяцца адной машынай. Майце на ўвазе: тое, што трапляе ў каляровыя кантэйнеры, ідзе на сарціроўку, а ў чорныя — напрасткі на палігон. У змешаным смецці працэнт таго, што можна выкарыстаць паўторна, невялікі (да 5), і неабходны сур'ёзныя выдаткі, каб адтуль гэта атрымаць. З асобна ж сабраных адходаў каля 50 працэнтаў ідуць на перапрацоўку.

Пры разумным падыходзе будуць захаваны каштоўныя прыродныя рэсурсы і энергія. Напрыклад, пры выплаўцы тары з пярвічнай сыравіны з выкарыстаннем пяску, шыхты затрачваецца больш энергетычных рэсурсаў, чым пры вытворчасці з выкарыстаннем шклабою.

Калі вы таксама згодны аб'явіць вайну смеццю, далучайцеся да руху «Мэта 99». Інфармацыйная кампанія з такой назвай была ініцыявана і запушчана дзяржаўнай арганізацыяй «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» сумесна з Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі. На сайце target99.by вы знойдзеце адказы на пытанні, што і як збіраць, даведаецеся пра адрасы прыёмных пунктаў, зняты нават відэаролікі, якія расказваюць, што пасля адбываецца з сабранымі адходамі.

Каляровыя падказкі

Тыя ж адходы паперы, кардону, пластмасы, шкла можна аднесці ў прыёмна-нарыхтовачныя пункты, іх адрасы знойдзеце на сайце, грынкарце, сталічныя жыхары — на сайце Мінгарвыканкама. У сельскай мясцовасці людзі могуць звяртацца ў арганізацыі ЖКГ — як правіла, на іх базе ёсць прыёмныя пункты, альбо шукаць інфармацыю ў раённых спажывецкіх таварыствах. Акрамя таго, на вёсках працуюць і так званыя перасоўныя прыёмныя пункты.

Але самы просты спосаб развітацца з адходамі — кантэйнеры побач з домам. Налепкі на іх падкажуць, што куды кідаць. У зялёныя кантэйнеры збірайце паперу і кардон, але ведайце: не перапрацоўваюцца ўпакоўкі, забруджаныя ежай, факсавая папера, фатаграфіі, ламінаваныя карты, шпалеры. Не трэба сюды кідаць і ўпакоўкі ад соку ці малака накшталт «тэтра-пакаў». Яны ўтрымліваюць слаі палімеру, смол, кляёў; на цяперашні момант такая ўпакоўка масава не перапрацоўваецца, толькі ў асобных рэгіёнах (напрыклад, у Брэсце) яе здабываюць і як другасную сыравіну прадаюць за мяжу.

У сінія кідайце шкло. Выключэнне: хрусталь, тэрмаўстойлівы посуд, кераміка. Люмінісцэнтныя, энергазберагальныя лямпы, якія адносяцца да небяспечных адходаў, можна здаваць у магазінах, якія гандлююць такім таварам (адрасы іх вы знойдзеце на сайтах аблвыканкамаў) ці ў прыёмных пунктах.

Жоўтыя кантэйнеры — для пластыку. Калі з пэт-бутэлькамі і плёнкай усё зразумела, то наконт іншых упаковак часта ўзнікаюць пытанні. Напрыклад, ёмістасці ад ёгурту, аднаразовы посуд, кантэйнеры ад яек, мяккія ўпакоўкі ад кетчупаў, маянэзу, зубной пасты, касметыкі сёння раяць не кідаць у такія кантэйнеры. Як другасная сыравіна яны пакуль не выкарыстоўваюцца. Цікаўныя могуць зазірнуць на дно бутэлькі. Калі ёсць у цэнтры кружок — яна выдзімалася, гэта пэт і, бясспрэчна, будзе перапрацавана, гэтак жа як і поліэтыленавыя бутэлькі ад бытавой хіміі і касметыкі, уздоўж дна якіх ідзе палоска. Акрамя таго, на любой упакоўцы вы знойдзеце маркіроўку. Смела адпраўляйце на перапрацоўку тыя, што пазначаны РР, РЕT, HDРЕ, LDРЕ, РЕ. Калі вам няма калі разбірацца, з якога матэрыялу зроблены ўпакоўкі, выкідайце ў жоўтыя кантэйнеры ўсё, што візуальна падаецца пластыкам. У час дадатковай сарціроўкі адтуль дастануць тое, што зможа спатрэбіцца.

Сфера перапрацоўкі ўвесь час развіваецца, і ўсё больш відаў адходаў будуць ісці ў справу. Дарэчы, ужо сёння ў нашай краіне дзейнічае больш за сто прадпрыемстваў, якія займаюцца пластыкам. Зараз на Барысаўскім заводе пластмасавых вырабаў праводзяцца работы па стварэнні ліній для перапрацоўкі забруджаных палімерных адходаў — гэта другое ў краіне прадпрыемства такога кшталту (першае дзейнічае ў Гродне), і магутнасць яго складзе 6700 тон. Плануецца, што з наступнага года яно будзе ўведзена ў эксплуатацыю, і, значыць, адходы, якія пакуль яшчэ не выкарыстоўваюцца (напрыклад, тыя ж ёмістасці ад ёгуртаў), пойдуць у справу.

Дарэчы, арганізацыя «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» звяртала ўвагу на тое, што ў нашай краіне павінны быць нормы, якія тычацца матэрыялу і канструкцыі вырабляемай упакоўкі. Яна павінна лёгка перапрацоўвацца — такім чынам можна папярэдзіць стварэнне лішніх адходаў. Сёння гэта актуальна за мяжой. Але часам нават сабраныя для перапрацоўкі пэт-бутэлькі з-пад малака выбракоўваюцца. Усё з-за ПВХ-этыкеткі на іх (наяўнасць прымесі ПВХ робіць немагчымым перапрацоўку). Дастаць яе з агульнай спрасаванай у смеццявозе масы даволі складана. Але ні для каго з нас не складзе вялікай праблемы сарваць яе з бутэлькі, якую збіраемся выкінуць. Самім жа вытворцам трэба шукаць шляхі, як замяніць ПВХ-этыкетку на зробленую з іншых матэрыялаў.

І не спрабуйце самастойна знішчыць пластык на сваіх участках. Сёння багата шматслойных упаковак, што нават спецыялісту часам складана разабрацца, з чаго яны зроблены. Пры спальванні могуць выдзяляцца вельмі небяспечныя рэчывы.

Што далей?

Калі далей удасканальваць сістэму па зборы, яшчэ больш якасна сартаваць, усё роўна па экспертных ацэнках шляхам выкарыстання ў якасці другасных матэрыяльных рэсурсаў нельга перапрацаваць больш за
33 працэнты камунальных адходаў. Трэба задзейнічаць іншыя механізмы.

— У нас падрыхтаваны праект дакумента па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі — нацыянальная стратэгія да 2035 года. Вядома, Беларусь, як і ўсе краіны свету, хоча ісці па шляху максімальнай перапрацоўкі адходаў, і ў праектным дакуменце прадугледжана, што трэба для гэтага зрабіць, і вядзецца разлік, калі і які варыянт мы зможам сабе дазволіць, — расказвае Наталля Грынцэвіч. — Напрыклад, сёння ўзнімаецца пытанне аб тым, каб укараніць у нашай рэспубліцы дэпазітна-залогавую сістэму. Безумоўна,чалавек, які будзе ведаць, колькі каштуе бутэлька, задумаецца, выкінуць яе ці аднесці ў краму, дзе ўсталяваны спецыяльныя аўтаматы (тараматы, фандаматы), і атрымаць за яе грошы ці чэк, які можна атаварыць. У Германіі, напрыклад, даходзіць больш як да 95 працэнтаў збору той тары, якая ўдзельнічае ў дэпазітна-залогавай сістэме.

Таксама можна выкарыстоўваць частку «смеццевых рэсурсаў» для вытворчасці паліва. Разлядаецца пытанне аб будаўніцтве такога завода ў сталіцы: усё ж менавіта тут ствараецца чвэрць адходаў рэспублікі. Акрамя таго, RDF-паліва можа выкарыстоўвацца на цэментных заводах. Арганічныя рэшткі таксама не прападуць — спатрэбяцца для атрымання кампосту.

Вядома, сёння ў краіне робіцца вельмі многа для таго, каб як мага больш адходаў ператварыць у даходы. Але зрабіць Беларусь краінай свабоднай ад смецця мы можам толькі ўсе разам, прычым пачынаць павінны з таго, каб не ствараць хламу, не набываць лішняга.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dzіаdzіulа@zvіаzdа.bу

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Адходы — у даходы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».