Вы тут

Ці існуюць ільготы па аплаце «камуналкі» за кватэру, якая пустуе?


— Я маці-адзіночка, выхоўваю 13-гадовае дзіця. Валодаю дзвюма кватэрамі, адну з якіх падарыла мне маці. Ці могуць мяне вызваліць ад падаткаў на другую кватэру? Ці маю я якія-небудзь ільготы па аплаце камунальных паслуг за другую кватэру, дзе ніхто не прапісаны і ў якой цяпер кампенсую 100% названых паслуг?

Клаўдзія, г. Гомель


На пытанне адказвае Вікторыя ЗАХАРАНКА, галоўны спецыяліст упраўлення прававога рэгулявання бюджэтна-фінансавых адносін і падаткаабкладання галоўнага ўпраўлення нарматворчай дзейнасці ў сферы эканомікі і экалогіі Міністэрства юстыцыі Беларусі:

— Статус маці-адзіночкі не з'яўляецца падставай для вызвалення ад падаткаабкладання, аднак вам не павінны налічваць падатак на другую кватэру, калі абедзве яны знаходзяцца ў вашай уласнасці.

Капітальныя будынкі (пабудовы, збудаванні), іх часткі, у тым ліку жылыя памяшканні ў шматкватэрных або блакіраваных жылых дамах (кватэра, пакой), якія размяшчаюцца на тэрыторыі Беларусі і належаць плацельшчыкам — фізічным асобам, прызнаюцца аб'ектамі падаткаабкладання падаткам на нерухомасць згодна з пунктам 1 артыкула 185 Падатковага кодэкса Беларусі (далей — ПК).

Згодна з артыкулам 186 ПК пры наяўнасці ва ўласнасці фізічнай асобы двух і больш памяшканняў у шматкватэрным або блакіраваным жылым доме ад падатку вызваляецца адно з іх на выбар уласніка па яго пісьмовай заяве. Яна падаецца ў падатковы орган па месцы жыхарства з указаннем месцазнаходжання ўсіх жылых памяшканняў (у шматкватэрных або блакіраваных дамах), якія належаць асобе.

У ПК няма асобных нормаў па вызваленні ад падатку на нерухомасць жылых памяшканняў, якія належаць на правах уласнасці члену няпоўнай сям'і.

Вы маеце права звярнуцца ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, паколькі яны або па іх даручэнні мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы маюць права даваць ільготы па рэспубліканскіх падатках, зборах (пошлінах), якія поўнасцю выплачваюцца ў мясцовыя бюджэты, асобным плацельшчыкам — фізічным асобам па аб'ектах падаткаабкладання, не звязаных са здзяйсненнем прадпрымальніцкай дзейнасці, зыходзячы з іх маёмаснага становішча.

Прыняцце рашэння аб даванні льгот па выплаце вышэйпералічаных падаткаў, збораў і пошлін здзяйсняецца на працягу 15 дзён з дня падачы заявы, а ў выпадку запыту дакумента і (або) звестак ад іншых дзяржаўных органаў, другіх арганізацый — на працягу аднаго месяца (пункт 18.16 пераліку адміністрацыйных працэдур, якія здзяйсняюць дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі па заявах грамадзян, зацверджанага Указам Прэзідэнта Беларусі ад 26 красавіка 2010 года №200 «Аб адміністрацыйных працэдурах, якія здзяйсняюць дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі па заявах грамадзян» (далей — пералік).

Акрамя таго, вы, як і любы плацельшчык, маеце права атрымліваць ад падатковых органаў па месцы пастаноўкі на ўлік бясплатную інфармацыю пра падаткі, правы і абавязкі плацельшчыкаў і падатковых органаў.

За газ, цяпло і ваду — поўны памер, за смецце — субсідзіраваны

Пытанні налічэння платы за камунальныя паслугі рэгулююцца Палажэннем аб парадку разлікаў і ўнясення платы за жыллёва-камунальныя паслугі (далей — ЖКП) і платы за карыстанне жылымі памяшканнямі дзяржаўнага жыллёвага фонду, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Беларусі ад 12 чэрвеня 2014 года №571 (далей — Палажэнне).

Калі ў плацельшчыка за ЖКП ва ўласнасці і (або) валоданні і карыстанні знаходзіцца адно ці некалькі жылых памяшканняў (частак у праве агульнай уласнасці на жылыя памяшканні), у якіх (у адным з іх) не зарэгістраваны па месцы жыхарства плацельшчык за ЖКП і (або) члены яго сям'і, плата за газа-, электра- і цеплазабеспячэнне, гарачае водазабеспячэнне ўносіцца плацельшчыкам за ЖКП па тарыфах (цэнах), якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат на аказанне такіх паслуг. Выключэннем з'яўляюцца выпадкі, указаныя ў пункце 12—2, пункце 20 (у дачыненні да тэхнічнага абслугоўвання), абзацах 3—9 пункта 20 (цеплазабеспячэння), пункце 36 (гарачага водазабеспячэння) і 1—3 частках пункта 44 (электразабеспячэння) гэтага Палажэння.

Пры адсутнасці ў жылым памяшканні грамадзян, зарэгістраваных па месцы жыхарства, плата за паслугі водазабеспячэння, водаадвядзення (каналізацыі) у жылых дамах (жылых і нежылых памяшканнях), якія аснашчаны прыборамі індывідуальнага ўліку расходу вады, збіраецца з плацельшчыкаў ЖКП па тарыфах, якія забяспечваюць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных затрат на іх аказанне, за выключэннем асаблівасцяў, прадугледжаных Палажэннем.

Плата за абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі ў дачыненні да жылых памяшканняў, якія знаходзяцца ва ўласнасці і (або) валоданні і карыстанні плацельшчыкаў за ЖКП, дзе адсутнічаюць зарэгістраваныя па месцы жыхарства грамадзяне, уносіцца зыходзячы з нарматыву ўтварэння гэтых адходаў на аднаго плацельшчыка за ЖКП па субсідзіраваных тарыфах для насельніцтва.

Заканадаўствам прадугледжана такая форма дзяржаўнай падтрымкі грамадзян Беларусі, як безнаяўныя жыллёвыя субсідыі, якія прадастаўляюцца на ўмовах і ў парадку, прадугледжаным Указам Прэзідэнта Беларусі ад 29 жніўня 2016 года №322 «Аб прадастаўленні безнаяўных жыллёвых субсідый» і падпунктам 1.1.29 пункта 1.1 пераліку.

Звяртаю вашу ўвагу, што, згодна з пунктам 4 пастановы Савета Міністраў Беларусі ад 12 чэрвеня 2014 года №571, Міністэрству жыллёва-камунальнай гаспадаркі і Міністэрству энергетыкі дазволена даваць растлумачэнні па пытаннях карыстання Палажэннем.

Шаноўныя чытачы, калі ў вас узніклі пытанні юрыдычнага характару, дасылайце іх на наш паштовы або электронны адрас sіdаrоk@zvіаzdа.bу. У «Прававой гасцёўні» разам са спецыялістамі Мінюста мы будзем шукаць на іх адказы.

Загаловак у газеце: Калі ў кватэры ніхто не зарэгістраваны...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».