Вы тут

Ганна Гарчанок: Усё радзей успамінаю Рыа, больш думаю пра Токіа


Дэбютантка Алімпійскіх гульняў пра жыццё на вышыні трохпавярховага будынка.

Нашы батутысты — гэта спартсмены, у якіх не пытаюцца, дзе знаходзіцца Беларусь, таму што сваімі дасягненнямі яны з году ў год прымушаюць сапернікаў выразна ўяўляць наша месцазнаходжанне на карце. Пасля перамогі Улада Ганчарова ў Рыа гэта стала яшчэ больш відавочным, а на малой радзіме наваспечанага алімпійскага чэмпіёна — у Віцебску — пачаўся сапраўдны бум батутнага спорту. Адтуль, дарэчы, і многія іншыя нашы знакамітыя батутысты, у тым ліку нявеста Уладзіслава — Ганна Гарчанок. Яна ўжо стала віцэ-чэмпіёнкай свету і чэмпіёнкай Еўропы, на Алімпіядзе ў Бразіліі таксама годна змагалася за ўзнагароды, але дапусціла памылку і стала толькі восьмай.

У інтэрв'ю карэспандэнту «Звязды» Ганна расказвае пра тое, як перажывала няўдачу ў Рыа-дэ-Жанэйра, хто прадказвае ёй медалі і як гэта — быць каханай алімпійскага чэмпіёна.


— Аня, пасля Алімпіяды прайшло ўжо больш за тры месяцы, часта ўспамінаеш тыя імгненні?

— Першыя часы, хочаш не хочаш, гэта круцілася ў галаве. Калі спаборніцтвы атрымліваюцца правальнымі, нешта пастаянна сядзіць у падсвядомасці і грызе. Думаеш пра тое, як гэта было і як бы магло быць. Я не самаед, але стараюся ўсё прааналізаваць і зрабіць высновы, каб у далейшым пазбегнуць памылак. Цяпер, вядома, усё радзей успамінаю Рыа, ужо больш думаю пра Токіа.

— Усё ж такі выступленне ў Бразіліі лічыш правальным?

— Любыя спаборніцтвы ўспрымаю як працу, мне неабходна зрабіць тое, што запланавана, не заняць пэўнае месца, а выканаць практыкаванне так, каб я сышла з батута і засталася сабой задаволеная.

Улад кажа, што васьмёрка найлепшых — гэта не правал, але я засталася незадаволена сабой.

— У чым заключалася галоўная памылка на алімпійскім батуце?

— Калі шчыра, да гэтага часу не магу зразумець. Літаральна за пару дзён да ад'езду на Алімпіяду ў мяне здарылася нешта падобнае на зрыў. Я заходзіла на батут і проста баялася скакаць, як быццам першы раз апынулася там. Такое перыядычна здараецца ў нашым відзе спорту. Калі мне было 16, я практычна год наогул не скакала, трэнеры ўжо паставілі крыж на мне. Але ўсё ж звычайна гэта здараецца ў тыя моманты, калі яшчэ шмат часу да спаборніцтваў, за яго ты можаш пераадолець сябе, а тут галоўны старт...

Мы прыехалі ў Рыа, там першы час мне даводзілася нават ставіць трэнера на батут для падстрахоўкі, усе глядзелі на гэта велізарнымі вачыма, маўляў, як яна збіраецца скакаць алімпійскую праграму? Праз пару дзён я ўсё ж такі неяк пераадолела страх і прымусіла сябе працаваць, аднак непрыемны асадак заставаўся. Замест таго, каб дапрацаваць нейкія нюансы ў праграме, я змагалася сама з сабой, з нейкімі неіснуючымі праблемамі.

— Перамога Улада паменшыла сум ад тваёй няўдачы?

— Вядома, хоць хтосьці зрабіў усё, што мог. Ён малайчына, мы за яго хварэлі. Я, калі выступаю сама, хвалююся не так, як за іншага, пры тым, што гэта не проста таварыш па камандзе, а каханы чалавек. У сваёй праграме ўсё ў тваіх руках, а Уладу я нічым дапамагчы не магла. Была на трыбуне, але ўседзець на месцы гэтыя 20 секунд не змагла.

На Еўрапейскіх гульнях у Баку  Ганна стала бронзавым прызёрам.

— Якімі былі яго першыя словы пасля перамогі?

— Прайшло ўзнагароджанне, потым інтэрв'ю журналістам і толькі потым я змагла ўбачыць Улада. Яго вочы ззялі шчасцем і ён сказаў: «Я так стаміўся, я так хачу есці» (смяецца).

— Пасля алімпійскага трыумфу вашы адносіны змяніліся?

— Спачатку моцна павысілася цікавасць да Улада і да нашай пары, гэта доўжылася недзе першыя паўтара месяца пасля Алімпійскіх гульняў. Было вельмі шмат званкоў, таму Уладзіславу прыйшлося змяніць нумар мабільнага тэлефона, тэлефанаваць і пісаць пачалі мне. Давялося закрыць усе свае сацыяльныя сеткі, таму што бывалі і непрыемныя моманты.

А калі казаць пра адносіны паміж намі, то з'явілася новая нагода для жартаў, маўляў, цяпер зразумела, хто ў доме галоўны, хто з алімпійскім медалём.

— Дасягненнямі мераецеся толькі жартам?

— Вядома. Быў такі перыяд у 2014 годзе, калі мы ішлі нага ў нагу. На ўсіх турнірах выйгравалі аднолькавыя медалі ўвесь сезон.

Біяграфічная даведка

Ганна Гарчанок нарадзілася 11 лютага 1992 года ў Віцебску. Бронзавы прызёр чэмпіянату свету 2014 года ў індывідуальных скачках. Чэмпіёнка Еўропы-2014 у індывідуальных скачках. Сярэбраны прызёр сёлетняга чэмпіянату Еўропы.

— Праўда, што ў Віцебску пасля Алімпіяды здарыўся сапраўдны бум батутнага спорту?

— Гэта так. Зараз шмат дзяцей прыводзяць займацца. У нас у горадзе дзве добрыя залы, моцная трэнерская школа. Шмат маладых настаўнікаў, якія былі выхаваны старэйшымі калегамі. І атмасфера ў зале вельмі добрая, мы ўжо адна вялікая сям'я, і гэта дае штуршок у развіцці нашага віду спорту.

— У маі Уладзіслаў зрабіў табе прапанову пажаніцца, як гэта было?

— Нічога незвычайнага, таму што сам па сабе ён не рамантык. Гэта адбылося ў Піцеры, пасля спаборніцтваў. Цяпер усіх цікавіць — калі вяселле. Каб арганізаваць такую ўрачыстасць, неабходна хоць бы нейкі час быць дома, а мы проста не ўпісваемся ў графік. У наступным годзе апынёмся ў родным Віцебску максімум на тыдзень, дзён на дзесяць. Складана за гэты час нешта прыдумаць, але мы паспрабуем. Хоць, магчыма, што на нашым вяселлі мы будзем наогул толькі ўдваіх. Паедзем куды-небудзь на востраў, распішамся і тыдзень будзем атрымліваць асалоду ад жыцця, усё ж вяселле — гэта ў першую чаргу свята для дваіх.

— У спартыўнай сям'і рана ці позна камусьці прыходзіцца ахвяраваць сваёй кар'ерай...

— Вядома, з цягам часу ў нашай сям'і павінны з'явіцца дзеці, гэта неад'емная частка жыцця. Але хацелася б яшчэ выступіць на Алімпіядзе-2020, зрабіць работу над памылкамі пасля Рыа і паказаць, што я здольная на большае. А вось потым ужо будзем планаваць дзяцей.

Ганна і Улад адразу пасля перамогі Ганчарова  ў Бразіліі.

— Раней ты адзначала, што ў вас з Уладам зусім розныя інтарэсы.

— А цяпер мы ўжо настолькі з'ядналіся, што ўсе інтарэсы ператварыліся ў адно. Я яшчэ не паддалася на тое, каб глядзець разам з ім «Зорныя войны», але затое ўжо разбіраюся ў машынах, а Улад пачаў глядзець мае любімыя мульцікі.

— Пра што ты марыш?

— О, я такая летуценная асоба, таму ў мяне шмат самых розных жаданняў. Я хацела б стаць жаўранкам, каб навучыцца рана ўставаць, вельмі складана прачынацца раніцай. Калі казаць пра штосьці больш глабальнае, то мы з Уладам хацелі б пабудаваць свой дом з лазняй і невялікім басейнам.

Яшчэ я мару пра тое, каб у мяне дома былі мае каты, якіх пакуль Улад не дазваляе перавезці ад бацькоў. Я іх люблю, адна кошка пражыла ў мяне 17 гадоў. Я знайшла яе, калі ішла на трэніроўку, адразу зразумела, што яна мая. Але праз некаторы час убачыла аб'яву, што хтосьці шукае кошку, калі шчыра, падумала, што гэта маю, таму разам з сястрой хадзіла па ўсім раёне і зрывалі гэтыя аб'явы. Потым, вядома, аказалася, што дарма, шукалі не яе. Гэтая кошка была ўнікальнай, прадказвала мне ўзнагароды. Падыходзіла да медалёў, якія віселі ў мяне дома, і падкідвала іх лапай некалькі разоў. Колькі разоў падкіне — такое месца я і займала. Калі скідала кубак, то я выйгравала спаборніцтвы.

Да тэмы

Батут трапіў у праграму Алімпійскіх гульняў 16 гадоў таму, дэбютаваўшы ў Сіднэі. Тады беларускую гісторыю пачалі пісаць Дзмітрый Паляруш і Наталля Карпянкова, якія занялі ў фіналах пятыя месцы.

— Як бачыш сябе праз 15—20 гадоў?

— Я задумвалася над гэтым пытаннем, але пакуль не магу знайсці адказ. Мяне цікавяць многія сферы, напрыклад, псіхалогія, на нейкі час хацелася б нават з'ехаць у Тыбет, вывучыць нейкія практыкі. Люблю знаходзіцца ў Італіі, там вялікая гісторыя на кожным кроку, мне гэта таксама цікава. Мару паўдзельнічаць у археалагічных раскопках.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?