Вы тут

Калі «маленькае срэбра» дагоніць «жоўтага д'ябла»?


Свет ахапіла плацінавая ліхаманка. Сёлета падаражэлі ўсе стратэгічныя каштоўныя металы. Напрыклад, золата «пацяжэла» ў кошце на 17 працэнтаў, срэбра — на 25. Аднак плаціна пераўзышла ўсіх, дадаўшы амаль трэць да мінулагодняга ўзроўню расцэнак. Калі захаваецца такі «расклад», то гэты метал можа не толькі дагнаць, а і абысці свайго даўняга саперніка — золата. Наколькі ўстойлівы трэнд на плаціну?


Спадчына інкаў

У Старым Свеце плаціна не была вядомая да сярэдзіны XVІ стагоддзя, аднак цывілізацыі Андаў (інкі і чыбча) здабывалі і выкарыстоўвалі яе спрадвеку. Таксама як і старажытныя егіпцяне, якія прывезлі «белае золата» з легендарнага каралеўства Нубія яшчэ за 1200 гадоў да нашай эры. Цяперашняя назва пайшла ад іспанскіх канкістадораў, якія ўпершыню пазнаёміліся ў Паўднёвай Амерыцы (на тэрыторыі сучаснай Калумбіі) з новым для іх металам, вонкава падобным на срэбра (ісп. — plata).

Плаціна літаральна азначае «маленькае срэбра», «серабрышка».

Тлумачыцца такая грэблівая назва выключнай тугаплаўкасцю металу, які доўгі час не знаходзіў прымянення. Лічыцца, што першым у літаратуры згадаў новы для еўрапейцаў хімічны элемент Жуль Сезар Скалігер у апублікаванай у 1557 годзе рабоце «Экзатэрычныя практыкаванні ў 15 кнігах», дзе ён расказаў пра «нейкае рэчыва з Гандураса», якое нельга расплавіць.

Да 1748 года плаціна здабывалася і выраблялася толькі на тэрыторыі Амерыкі. Калі метал сталі завозіць у Еўропу, яго кошт быў удвая ніжэйшы, чым срэбра. Ювеліры вельмі хутка выявілі, што плаціна добра сплаўляецца з золатам і такім чынам можна вырабляць падробкі, якія немагчыма было адрозніць ад залатых вырабаў. Такога роду падробкі атрымалі настолькі шырокае распаўсюджванне, што іспанскі кароль загадаў спыніць увоз плаціны, а тыя запасы, што засталіся, утапіць у моры. Гэты закон праіснаваў да 1778 года. Пасля яго адмены патрэба ў плаціне была невялікай, яе выкарыстоўвалі ў асноўным для стварэння хімічнага абсталявання і ў якасці каталізатараў. Таго металу, што здабываўся ў Амерыцы, для гэтых мэт было дастаткова. Ні аб якой значнай прамысловай вытворчасці казаць не даводзілася.

У 1819 годзе плаціну ўпершыню выявілі на Урале паблізу Екацярынбурга, а ў 1824-м былі адкрыты россыпы ў Ніжнетагільскай акрузе.

Разведаныя запасы аказаліся такія вялікія, што Расія амаль адразу заняла першае месца ў свеце па здабычы гэтага металу. Толькі ў 1828-м у Расіі было здабыта 1,5 тоны плаціны — больш, чым за 100 гадоў у Паўднёвай Амерыцы. На Урале з'явіліся цэлыя плаціназдабыўныя раёны. Да канца XІX стагоддзя ў Расійскай імперыі здабывалася плаціны ў 40 разоў больш, чым ва ўсіх астатніх краінах свету. Прычым прадстаўлена яна была і вельмі важкімі самародкамі. Напрыклад, у аднаго са знойдзеных на Урале маса складала амаль 10 кілаграмаў, потым ён быў пераплаўлены.

Да сярэдзіны XІX стагоддзя ў Англіі і Францыі былі праведзены шырокія даследаванні па афінажы плаціны. У 1859 годзе французскі хімік Анры Эцьен Сэнт-Клер Дэвіль упершыню распрацаваў прамысловы спосаб атрымання зліткаў чыстай плаціны. З гэтага часу амаль уся плаціна, якая здабывалася на Урале, скуплялася англійскімі і французскімі фірмамі, у прыватнасці, «Джонсан, Матэі і К°». Пазней да закупак падключыліся амерыканскія і нямецкія кампаніі. Нават пасля гэтага большая частка плаціны, якая здабывалася Расіяй, не знаходзіла належнага прымянення. Таму, пачынаючы ад 1828 года, па прапанове тагачаснага міністра фінансаў Ягора Канкрына, у Расійскай імперыі пачалі выпускаць плацінавыя манеты наміналам 3, 6 і 12 рублёў. Пры гэтым 12-рублёвая плацінавая манета мела масу 41,41 грама. З 1828 па 1845 гады было выпушчана 1 372 000 трохрублёвых манет, 17 582 шасцірублёвыя і 3303 дванаццацірублёвыя агульнай масай 14,7 тоны.

Асноўную выгаду ад здабычы атрымлівалі ўладальнікі рудняў — Дзямідавы. Толькі ў 1840 годзе было здабыта 3,4 тоны плаціны. У 1845-м, па патрабаванні новага міністра фінансаў Фёдара Врончанкі, выпуск плацінавых манет быў спынены, і ўсе яны тэрмінова выключаны са звароту. Асноўнай версіяй такога паспешнага кроку лічыцца павышэнне еўрапейскіх цэн на плаціну, у выніку якога манеты сталі каштаваць даражэй за намінал. Пасля спынення чаканкі здабыча гэтага металу ў Расійскай імперыі ўпала ў 20 разоў. Усё ж да 1915 года на долю Расіі прыпадала 95% ад сусветнай здабычы плаціны. Прычым амаль уся расійская плаціна ішла на экспарт. Напрыклад, у 1867 годзе Англия скупіла ўвесь запас — больш за 16 тон. Да канца XІX стагоддзя Расійская імперыя здабывала 4,5 тоны плаціны ў год. Да Першай сусветнай вайны другой пасля Расіі краінай па аб'ёмах здабычы плаціны была Калумбія, з 1930-х на гэтую пазіцыю выйшла Канада, а пасля Другой сусветнай вайны — Паўднёвая Афрыка.

У дэфіцыце

Цяпер амаль 70% сусветнай вытворчасці плаціны прыпадае на Паўднёва-Афрыканскую Рэспубліку (ПАР), у якой размешчана найбуйнейшае па велічыні запасаў радовішча плаціноідаў — Бушвельдскі комплекс. Найбуйнейшым вытворцам з'яўляецца падраздзяленне міжнароднай горназдабыўной кампаніі Anglo Amerіcan — Amplats, якая працуе ў ПАР на плацінавых радовішчах.

Другое месца па аб'ёме здабычы займае Расія. Найбуйнейшай расійскай кампаніяй, якая здабывае плаціноіды (у гэтую групу акрамя плаціны ўваходзяць паладый і радый), з'яўляецца «Нарыльскі нікель». Трэці радок у рэйтынгу краін, найбольш багатых плацінавымі радовішчамі, займае Зімбабвэ. Там размешчана другое па запасах плаціноідаў радовішча — Дарвендэйл, якое, зрэшты, пакуль знаходзіцца толькі на пачатковай стадыі асваення. На фоне падзення цэн у 2013 — 2015 гадах сусветныя вытворцы пачалі пошукі радовішчаў, больш танных з пункту гледжання сабекошту вытворчасці. Самы нізкі сабекошт здабычы плаціны цяпер у Зімбабвэ. Гэтым і спрабуюць скарыстацца ў расійскіх «Растэху» і Vі Holdіng. Абедзве кампаніі ўваходзяць у кансорцыум, які займаецца распрацоўкай радовішча Дарвендэйл у Зімбабвэ. Па словах Ігара Хігера, гендырэктара расійска-зімбабвійскага сумеснага прадпрыемства Great Dyke Іnvestments, асноўнай перавагай праекта якраз з'яўляецца нізкі сабекошт здабычы.

У 2014 годзе ў свеце была здабыта 161 тона плаціны. Лідарамі здабычы сталі: ПАР — 110 тон, Расія — 25, Зімбабвэ — 11, Канада — 7,2, ЗША — 3,7 тоны. Агульны аб'ём вытворчасці плаціны ў 2015 годзе ў свеце склаў 7,83 млн унцый, павялічыўшыся на 7,6% у параўнанні з 2014-м.

Пяты год запар на сусветным рынку плаціны назіральнікі фіксуюць значны дэфіцыт гэтага металу.

Калі ў 2012 годзе ён складаў усяго каля 6 тон, то па выніках мінулага года павялічыўся ўжо да 20,6 тоны. А да канца гэтага года, па прагнозах экспертаў Johnson Matthey, попыт на плаціну ва ўсім свеце перавысіць прапанову амаль на 27 тон. Усё гэта проста не магло не адбіцца на біржавых каціроўках гэтага высакароднага металу.

Ці не галоўная прычына дэфіцыту плаціны і, як следства, росту цэн на яе — абвальнае падзенне здабычы і вытворчасці ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. Яшчэ ў 2011 годзе ПАР вырабляла звыш 150 тон плаціныў год, аднак за некалькі гадоў гэты паказчык зваліўся да 110 тон. Гэта адбылося як з-за шматлікіх забастовак на плацінавых рудніках, так і праз значнае скарачэнне інвестыцый у асваенне тых, што ўжо распрацоўваюцца, і перспектыўных участкаў радовішчаў плаціноідаў. Так, па звестках Venmyn Deloіtte, з 2008-га па 2015 год аб'ём капітальных укладанняў у ПАР у здабычу знізіўся амаль утрая — з 30 млрд да 11 млрд рандаў у год (0,7 млрд долараў). А па выніках гэтага года інвестыцыі скароцяцца яшчэ на 1—2 млрд рандаў. «Усё гэта непазбежна прывядзе да таго, што здабыча плаціны ў паўднёваафрыканскіх вытворцаў у бліжэйшыя два гады ўпадзе як мінімум на 16 працэнтаў», — прагназуюць аналітыкі Venmyn Deloіtte. Такім чынам, відавочна, што на рынку фарміруецца доўгатэрміновы трэнд росту цэн.

Перспектыўны варыянт

У адрозненне ад золата плаціна ў большай ступені гандлюецца не як аб'ект для інвестыцый, а як метал, што выкарыстоўваецца ў прамысловасці. З развіццём радыётэхнікі, медыцынскай апаратуры, аўтамабільнай прамысловасці, камп'ютарнай і касмічнай індустрыі патрабаваліся дэталі са зносастойкіх металаў, якія не падвяргаліся б карозіі і не ўступалі ва ўзаемадзеянне з прылеглымі матэрыяламі. Такімі ўласцівасцямі валодала плаціна, таму попыт на яе стаў расці. Разам з попытам узляцелі і цэны на гэты рэдкі метал. Да канца XX — пачатку XXІ стагоддзя плаціна стала самым дарагім з высакародных металаў, яе кошт перавысіў амаль удвая кошт золата. Яшчэ ў сярэдзіне 2008 года «маленькае срэбра» каштавала больш чым на $1000 за унцыю вышэй за «жоўтага д'ябла». Аднак падчас сусветнага эканамічнага крызісу попыт на аўтамабілі ўпаў, а паколькі больш за палову гадавой здабычы плаціны выкарыстоўваецца менавіта ў аўтамабілебудаванні, то і кошт гэтага металу рэзка знізіўся. Сітуацыя пачала мяняцца ў канцы таго ж 2008-га, калі «цэнннік» на плаціну абрынуўся з $2000 да менш чым $900 за унцыю, на некалькі дзён зваліўшыся ніжэй каціровак золата. Аднак ужо праз год, у сувязі з паляпшэннем эканамічнага дабрабыту грамадства, патрэба ў вытворчасці новых аўтамабіляў павялічылася, і цана вырасла. Да канца 2010 года унцыя плаціны каштавала ў тры разы больш, чым унцыя золата. Гэты скачок быў звязаны з аднаўленнем і адноснай стабілізацыяй сусветнай эканомікі. А ў 2011 годзе з-за крызісу ў ЗША на сусветным рынку стала зноў лідзіраваць золата, якое і цяпер наперадзе. Прынамсі пакуль.

У адрозненне ад многіх іншых сыравінных тавараў рынак плаціны не пакутуе ад прафіцыту. Летась, паводле звестак World Platіnum Іnvestment Councіl, дэфіцыт плаціны на сусветным рынку склаў 380 тыс. унцый. Гэта таксама ацэньваецца інвестарамі як спрыяльны фактар для ўкладанняў у гэты метал. Зрэшты, цяперашні рост цэн на плаціну наўрад ці будзе доўжыцца на працягу ўсяго года.

Згодна са справаздачай Сусветнага банка, па выніках 2016-га кошт металу будзе вагацца каля $950 за унцыю, што ўсё ж будзе вышэй, чым адпаведныя ф'ючарсы ў пачатку года. У далейшым рост цэн на плаціну працягнецца, але не такімі імклівымі тэмпамі: у 2017 годзе, паводле прагнозу Сусветнага банка, кошт ушчыльную наблізіцца да адзнакі $1000 за унцыю, і банк чакае, што толькі ў 2025 годзе метал вырасце ў цане да $1500 за унцыю.

«Плаціна знаходзілася працяглы час ніжэй каціровак золата толькі чатыры разы за апошнія сорак гадоў. Ва ўсіх выпадках яна вяртала сабе лідарства ўжо на наступны год», — адзначае Том Вінміл з фонду Mіdas. З ім пагаджаецца Раян Макінтаер, аналітык з Tocquevіlle Asset Management: «Досыць рэдка адбываецца зніжэнне каціровак плаціны ніжэй за ўзровень золата».

Але і ў гэтым пытанні адзінства думак сярод спецыялістаў няма. Па словах Майка Андэрхіла, партфельнага кіраўніка ў фондзе RіdgeWorth, калі і ўкладвацца ў ф'ючарсы на плаціну, то варта гэта рабіць толькі на кароткіх пазіцыях: «Пакуль сусветны эканамічны рост застаецца млявым, будучыня плаціны пад пытаннем». Кіраўнік фірмы Penn Mutual Asset Management Жыўэй Рэн і ўвогуле мяркуе, што попыт на метал спекулятыўны і ў найбліжэйшай перспектыве рост цэн спыніцца. Тым не менш многія аналітыкі лічаць, што стаўка на плаціну — перспектыўны варыянт, паколькі гэта дасюль найбольш запатрабаваны каштоўны метал з «вялікай тройкі» (куды яшчэ ўваходзяць золата і срэбра).

Захар БУРАК

burak@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Трэнд на плаціну

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Як галасуюць рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Як галасуюць рэгіёны на выбарах Прэзідэнта

Расказваюць нашы карэспандэнты.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Аляксандр Лукашэнка: Гэта адна з самых складаных выбарчых кампаній

Кіраўнік дзяржавы прагаласаваў на выбарах Прэзідэнта.

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.