Вы тут

Міграцыя: пытанне агульнасусветнага значэння


У Мінску адбыўся тэматычны міжнародны форум.

Сярод удзельнікаў — прадстаўнікі кампетэнтных органаў Рэспублікі Беларусь, дзяржаў — членаў Еўрапейскага саюза і Усходняга партнёрства, а таксама эксперты з Азербайджана, Арменіі, Венгрыі, Грузіі, Даніі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Украіны і розных міжнародных арганізацый. Асноўная ўвага падчас сустрэчы ўдзялялася распрацоўцы актуальных на цяперашні момант міграцыйных стратэгій, у тым ліку і шляхам абмену вопытам і аналізу эфектыўнасці нацыянальных практык.


У 2011 годзе была створана Панэль па пытаннях міграцыі і прыстанішча Усходняга партнёрства для спрашчэння пабудовы дыялогу паміж усходнімі партнерамі і Еўрапейскім саюзам. Гэты форум з'яўляецца важным этапам ва ўмацаванні наладжаных за згаданы перыяд сувязяў.

Як адзначыў намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай МЕЛЬЧАНКА, Беларусь не сутыкнулася з хвалямі масавай міграцыі, якія зараз накрылі Еўропу. У нашай краіне добра пабудавана сістэма, якая дазваляе спыняць каналы незаконных перасяленняў. Тым не менш геаграфічнае становішча дзяржавы абавязвае быць гатовымі да тых выклікаў, якія кінутыя краінам ЕС. На гэты момант найбольшую цікавасць Рэспубліка Беларусь уяўляе ў якасці транзітнага калідора для мігрантаў, якія рухаюцца ў Заходнюю Еўропу.

Сёлета органамі ўнутраных спраў ва ўзаемадзеянні з партнёрамі з іншых ведамстваў было выяўлена 15 каналаў незаконнай міграцыі. Затрымана каля 80 чалавек, большасць з іх — выхадцы з В'етнама, Ірака і Бангладэш.

Па словах дырэктара Міжнароднай арганізацыі па міграцыі па Паўднёва-Усходняй Еўропе, Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Аргенціны САБАДоШ, нельга меркаваць, што пытанні міграцыі можна вырашаць асобна на ўзроўні краіны ці нават рэгіёна. Іх варта разглядаць у глабальным кантэксце. Таму значнасць міжнародных форумаў нельга недаацэньваць: гэта не проста абмеркаванне асабістых поглядаў, а фарміраванне агульнай канцэпцыі. Ужо цяпер відавочныя найбольш спрэчныя моманты, напрыклад, пошук балансу паміж забеспячэннем нацыянальнай бяспекі і абароненасцю жыцця асобных людзей. Калі чалавек з'яўляецца бежанцам, яму неабходны асаблівы ўзровень аховы. У дачыненні да мігрантаў неабходна памятаць пра тое, што ў іх таксама, як і ва ўсіх астатніх людзей, ёсць неад'емныя правы чалавека, якія неабходна выконваць.

Кіраўнік дэлегацыі ЕС у Республіцы Беларусь Андрэа ВІКТАРЫН расказала, што форум з'яўляўся апошнім сёлета, выніковым, пасяджэннем Панэлі па пытаннях міграцыі і прыстанішча. 13 кастрычніка было падпісана новае пагадненне Еўрапейскага саюза з Беларуссю аб партнёрстве ў сферы мабільнасці, што дазволіла актывізаваць работу па пытаннях міграцыі, якія ў 2016 годзе былі прыярытэтнымі. Самай вялікай складанасцю для Еўрапейскага саюза сталася негатоўнасць да такога вялізнага патоку мігрантаў, таму ў найбліжэйшы час неабходна выпрацаваць адзіную стратэгію дзеянняў. Гэта датычыцца і нарматыўна-прававой базы, і сацыяльных аспектаў. Не варта забываць, што мігранты ў большасці сваёй — гэта псіхалагічна траўмаваныя людзі, якія прабываюць у Еўропу з рэгіёнаў, ахопленых канфліктам.

— У Беларусі знаходжуся ўжо год. І я была прыемна здзіўленая тым, як аператыўна краіна адрэагавала на тыя 160 тысяч мігрантаў, якія прыехалі з Украіны. Акрамя таго, відавочна, што за апошні час адносіны паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам прыкметна палепшыліся: з візітам краіну наведалі шматлікія міжнародныя дэлегацыі, аб'ём дапамогі ёй быў павялічаны ў два разы. Аднак перспектывы развіцця супрацоўніцтва яшчэ вельмі шырокія, — падвяла вынік Андрэа Віктарын.

У сваю чаргу Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі Андрус ПУЛОКАС падкрэсліў, што зараз вядуцца перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж нашай дзяржавай і Еўрапейскім саюзам. Адзін з кірункаў — зніжэнне кошту консульскага збору. Дарэчы, гэты год стаў рэкордным па колькасці віз, выдадзеных пасольствам Літоўскай Рэспублікі ў Мінску: усяго больш за 10 тысяч.

На 2017 год Міністэрствам унутраных спраў Беларусі запланавана распрацоўка Канцэпцыі нацыянальнай міграцыйнай палітыкі. Змест дакладаў, агучаных на экспертнай сустрэчы, а таксама рэкамендацыі і вопыт калег з іншых краін могуць стаць зыходным пунктам для яе фарміравання.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.