Вы тут

Добраахвотнікі выконваюць велізарны аб'ём сацыяльнай работы


Узяць, напрыклад, дзейнасць Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа — дапамогу сацыяльна ўразлівым людзям, догляд дома, гуманітарную дапамогу, рэагаванне на крызісныя сітуацыі і надзвычайныя здарэнні... Як справіцца з такімі задачамі без людзей, здольных за адно толькі «дзякуй!» горы звярнуць? Вось і атрымліваецца: больш за 22 тысячы валанцёраў — толькі ў адной гэтай арганізацыі — могуць так звацца ўмоўна. Тым часам яны навучаюць насельніцтва асновам аказання першай меддапамогі, уваходзяць у склад атрадаў хуткага рэагавання, Службу сясцёр міласэрнасці.


Апошняя — гэта комплексная падтрымка пажылых і старых людзей у іх дома, індывідуальны догляд, медыцынская, сацыяльная, бытавая дапамога. Штогод дома аказваецца каля 1 мільёна паслуг для больш чым тысячы падапечных, яшчэ каля 12 тысяч атрымліваюць дапамогу ў размешчаных па ўсёй краіне 40 цэнтрах медыка-сацыяльнай дапамогі. Як тут без добраахвотнікаў, здольных і словам, і паходам у краму падтрымаць бездапаможных хворых, чый сярэдні ўзрост каля 82 гадоў? З другога боку, ядро службы — 147 прафесійных сясцёр міласэрнасці, з якімі некалі таксама было ўсё няпроста. Ад самага пачатку стварэння арганізацыі гэта катэгорыя атрымлівала заробак, але...

«Некалі дзяржава фінансавала зарплату медсясцёр міласэрнасці, і гэта было каля тысячы ставак, — заўважае менеджар аднаго з праектаў таварыства Таццяна СВЯТЛОВІЧ. — Аднак пасля 2000 года скарацілася дзяржаўнае фінансаванне ўсіх грамадскіх аб'яднанняў, а за кошт членскіх узносаў і ахвяраванняў амаль немагчыма трымаць такі штат работнікаў. Таму колькасць медсясцёр значна зменшылася. Праблему аказання медыка-сацыяльнай дапамогі дома вырашыла прыняцце закона «Аб сацыяльным абслугоўванні», калі ўдалося ўкараніць механізм дзяржаўнага сацыяльнага заказу, прыцягнуць недзяржаўныя некамерцыйныя арганізацыі да аказання сацыяльных паслуг з забеспячэннем частковага фінансавання з мясцовых бюджэтаў. І мы сталі піянерамі ў апрабацыі гэтага механізма». У апошнія гады колькасць дагавораў, якія заключаюць мясцовыя выканаўчыя органы з грамадскімі арганізацыямі, расце. У 2013 годзе быў заключаны толькі адзін пробны дагавор у Гродне, у 2014-м — ужо 21, 2015-м — 31, сёлета — 49, і каля сарака з іх адносяцца да Беларускага Чырвонага Крыжа.

Без валанцёрскага руху немагчыма ўявіць і работу атрадаў хуткага рэагавання. «У 2012-м мы працавалі ва ўмовах нізкіх тэмператур на дарогах, — першымі наладзілі патруляванне для дапамогі аўтамабілістам, і пасля дзяржава пераняла ў нас гэты вопыт, — прыгадвае кіраўнік стратэгічнага кірунку «Падрыхтоўка і рэагаванне на надзвычайныя і крызісныя сітуацыі» таварыства Дзмітрый РУСАКОЎ. — У 2013-м удзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў паводкі — гэта была і гуманітарная дапамога, у тым ліку забеспячэнне ежай, і псіхалагічная падтрымка, за што людзі былі нам удзячныя не менш».

У межах чарнобыльскай Праграмы гуманітарнай дапамогі і рэабілітацыі таварыства ажыццявіла самую доўгатэрміновую праграму, якая доўжылася больш як 20 гадоў. Перасоўныя дыягнастычныя лабараторыі Чырвонага Крыжа штогод абследавалі дзясяткі тысяч чалавек у забруджаных раёнах Магілёўскай, Гомельскай і Брэсцкай абласцей. Штогод выяўляліся такім чынам да 200 выпадкаў паталогіі шчытападобнай залозы.

Значная частка праектаў Чырвонага Крыжа скіравана на аказанне сацыяльнай і медыцынскай дапамогі ў тым ліку замежнікам, якія пражываюць на тэрыторыі краіны. Напрыклад, грамадзянам Украіны. Каля 900 чалавек з іх маюць статус бежанца, і яны прыраўняны ў правах да грамадзян Беларусі. Яшчэ каля 1600 чалавек маюць дадатковую абарону. Паводле слоў намесніка генеральнага сакратара БТЧК Іны ЛЕМЯШЭЎСКАЙ, гэтым людзям прадастаўляюцца бясплатныя медпаслугі, сацыяльная падтрымка. Аднак не ўсе грамадзяне Украіны звярталіся па такія статусы. Многія афармляюць часовае пражыванне (на сёння зарэгістраваліся каля 55 тысяч), а пастаянна прыжывае больш за 33 тысячы. Для падтрымкі грамадзян з Данецкай і Луганскай абласцей з 2014 года было прыцягнута каля 2,8 млн долараў. Яшчэ каля 100 тысяч дэнамінаваных рублёў беларусы ахвяравалі на разліковы рахунак таварыства для аплаты медпаслуг грамадзянам Украіны.

У свой час 196 дзяржаў, у тым ліку і наша краіна, падпісалі дакументы па міжнародным гуманітарным праве, звязаным з абаронай ахвяр падчас узброеных канфліктаў.

— Мы вядзём работу па прызнанні рускай мовы пятай афіцыйнай мовай руху, што дапаможа яшчэ больш актыўна праяўляць сябе на міжнародным узроўні, — кажа начальнік аддзела міжнародных адносін БТЧК Кацярына ЛЯЛЕКА. — У наступныя чатыры гады бяром на сябе абавязкі забяспечваць навучанне гуманітарным каштоўнасцям, аказваць падтрымку ахвярам гандлю людзьмі ў Еўропе і прыцягваць моладзь да валанцёрства. Мы не толькі атрымліваем міжнародную дапамогу, але і самі не застаёмся ў баку падчас надзвычайных здарэнняў у свеце: дапамагалі пацярпелым ад бедстваў Японіі, Кубані, у Балканскім рэгіёне і Непале. Аб'яўлялі збор сродкаў па краіне, выдаткоўвалі грошы з рэзервовага фонду. Мы вельмі ўдзячныя за падтрымку і супрацоўніцтва таварыствам Чырвонага Крыжа Аўстрыі, Даніі, Ісландыі, Нарвегіі, Швейцарыі, ЗША і Японіі. Уявіце толькі, як жанчыны з Даніі ці Ісландыі вяжуць адзенне для нашых грамадзян: яны абавязкова цікавяцца, для якога ўзросту патрэбна адзенне, якія мадэлі ў нас любяць насіць... А жыхары Швейцарыі набываюць прадукты, цацкі, сувеніры і адпраўляюць у Беларусь для таго, каб нейкая сям'я магла крыху сэканоміць і набыць, напрыклад, неабходныя вітаміны...

А пачыналася ўсё 95 гадоў таму — з дапамогі параненым воінам і ваеннапалонным, стварэння пазней лазарэтаў, пунктаў харчавання і абагрэву. У 1995 годзе Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа далучылася да міжнароднай федэрацыі таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. «Наш асноўны прынцып — гуманнасці — мае на ўвазе садзейнічанне дзяржаве ў тым, каб чалавек, які трапіў у бяду, а гэта можа быць ваенны канфлікт ці нейкая прыродная катастрофа, не застаўся з ёю сам-насам, — адзначае генеральны сакратар БТЧК, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Вольга МЫЧКО. — Аднак большая частка нашай работы адбываецца ў мірны час, калі трапіўшы ў сур'ёзную крызісную сітуацыю, чалавек таксама можа разлічваць на падтрымку».

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Сіла добрай волі

Выбар рэдакцыі

Культура

Існавала павер'е, што на Русальны тыдзень нельга хадзіць у лес

Існавала павер'е, што на Русальны тыдзень нельга хадзіць у лес

«Прыйшло лета, спякота, і мы ўсё часцей і часцей ідзём на рэчку».

Грамадства

Першая зімоўка на Паўднёвым полюсе можа адбыцца ў 2020 годзе

Першая зімоўка на Паўднёвым полюсе можа адбыцца ў 2020 годзе

«Знаходжанне беларускіх палярнікаў у Антарктыдзе — гэта не вандроўка натуралістаў».

Спорт

Апублікаваны даведнік «Мінск» — карысны для турыстаў і падарожнікаў

Апублікаваны даведнік «Мінск» — карысны для турыстаў і падарожнікаў

Ён быў падрыхтаваны адмыслова напярэдадні II Еўрапейскіх гульняў.

Грамадства

У Полацку ўпершыню знойдзена пахаванне князя

У Полацку ўпершыню знойдзена пахаванне князя

Сярод знаходак — нямала сенсацый.