Вы тут

У Мірскім мастацкім каледжы адраджаюць старажытныя рамёствы


Мірскі мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж — гэта асаблівы свет. Тут можна не проста атрымаць пэўныя працоўныя навыкі, але кожны дзень жыць у судакрананні са старажытнымі беларускімі рамёствамі — роспісам, разьбой па дрэве, ганчарствам і многімі іншымі. Музей з работамі навучэнцаў — сапраўдная галерэя аўтэнтычнай беларускай культуры. Бо тое, што зроблена рукамі маладых людзей, адпавядае традыцыям, якія здаўна бытавалі на гэтых землях або былі дасканала вывучаны ў іншых рэгіёнах Беларусі. Тут дзейнічае батлеечны тэатр, які ствараюць самі студэнты разам з выкладчыкамі. Хочацца дадаць, што кожны навучэнец каледжа, які прыязджае ў Мір, гарантавана атрымлівае месца ў інтэрнаце, а таксама бясплатны гарачы абед. Падаецца, гэту навучальную ўстанову ў пэўным сэнсе можна назваць ідэальнай... Карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце мірскага каледжа Канстанцінам Петрыманам, каб распытаць, як удаецца старажытныя мясцовыя рамёствы ўплятаць у сучасную вучэбную праграму і такім чынам адраджаць традыцыйную культуру.


«І ў Міры, і ў вёсцы Сімакава, якая размяшчаецца непадалёк, была знакамітая школа разьбы па дрэве і сталярных работ, — адзначае Канстанцін Петрыман. — Нашы сённяшнія ўменні базіруюцца на іх традыцыях. Тагачасныя майстры атрымлівалі заказы нават з Луўра, з Вестмінстэра!

Вялікі штуршок для развіцця іх рамяства далі радзівілаўскія мануфактуры — калісьці Мір уваходзіў у склад Нясвіжскай ардынацыі гэтага магнацкага роду.

Дзякуючы намаганням Мікалая Радзівіла Сіроткі і Ганны Катажыны Радзівіл тут працавалі сур'ёзныя мануфактуры. Адгалосак іх працы ішоў аж да часоў рэвалюцыі, якая не здолела «пахіснуць» развіццё гэтых рамёстваў. У 1920—1930-я гады ў Міры працавалі вядомыя сталярныя майстэрні Івана Хмеля. Аўтэнтычную мэблю, вырабленую ў іх, сёння можна ўбачыць у экспазіцыі Мірскага замка».

Калісьці тут бытавала і адметная школа керамікі, вядомая яшчэ з XV стагоддзя. У экспазіцыі музея мірскага каледжа можна ўбачыць рэканструкцыю тых прадметаў, якія на сённяшні дзень ужо вельмі складана адшукаць. Адметны прыклад — міска-цадзілак. На яе нанесена асаблівая фляндроўка (хвалісты ўзор), характэрная толькі для ваколіц Міра. Яе стваралі майстры Бычко і Няверка. Такая фляндроўка ў пэўным сэнсе была іх таварным знакам. Яе ўмеюць рабіць і сённяшнія навучэнцы каледжа.

«У нашай мясцовасці шмат адметных храмаў, — працягвае Петрыман. — Царква Георгія Пабеданосца, Святой Тройцы, касцёл Святога Мікалая Цудатворцы, царква-пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх. Гэта старадаўнія будынкі, у якіх захаваліся рэчы, што маюць доўгую гісторыю. Нашы дзеці і майстры вывучалі, як створаны іх разныя іканастасы. Пэўныя матывы цяпер выкарыстоўваюць у сваёй творчасці.

Часам пры рэстаўрацыі, калі вычышчаецца тая ці іншая тэрыторыя, у друзе трапляюцца рэшткі лепкі, кавалачкі з нанесенай драўлянай разьбой. Іх можна забраць. Так аднаўляецца цэлы ўзор — пэўнай дэталі, іканастаса ці аздаблення памяшкання». Цяпер у каледжы вядзецца работа над інавацыйным праектам вывучэння традыцыйных школ роспісу. Збіраюцца звесткі з розных мясцін. Напрыклад, вёска Мокрая Дуброва, што на Піншчыне, была знакамітая сваімі распіснымі куфрамі. Плануецца паездка туды для вывучэння адметных узораў.

Будзе разгледжаны і прынёманскі кірунак роспісу — Гарадзеншчына, Шчучын, Ліда. Нядаўна знайшоўся чалавек са Шчучына, які мае вялікую калекцыю саматканых дываноў. На іх вельмі адметны арнаментальны ўзор, які таксама будзе даследаваны.

Цікава, што ў музеі мастацкага каледжа вельмі шмат шахмат. Яны зроблены з самых розных матэрыялаў з выкарыстаннем адметных тэхнік. «Наш каледж быў заснаваны ў 1988 годзе. У пачатку 1990-х майстры і навучэнцы знайшлі звесткі пра ганчара, які вырабляў вельмі характэрныя цацкі, — працягвае расказваць Канстанцін Леанардавіч. — У выглядзе сланоў, насарогаў, ільвоў, кароў, быкоў. Гэтыя фігуркі былі па-свойму адметнымі. На жаль, рэчаў, зробленых ім самім, адшукаць не ўдалося. Але па ўспамінах, якія засталіся, майстры і навучэнцы каледжа аднавілі гэтыя цацкі. Вырашылі зрабіць іх у выглядзе шахмат, бо сярод такіх фігур магчыма вялікая разнастайнасць.

На пытанне, як удалося мясцовыя традыцыі так гарманічна ўплесці ў вучэбны працэс, Канстанцін Петрыман адказвае:

— Гэта стала магчымым дзякуючы нашым выкладчыкам — тым людзям, якія не крычаць гучна аб сваёй працы, але займаюцца ўзнаўленнем спадчыны. І гэта стала справай іх жыцця і гонару. Мы заўсёды кажам дзецям, што вывучаем нашу з імі краіну: даследуем яе набыткі, з'яўляемся прадаўжальнікамі таго, што стварылі продкі. Мы не проста вывучаем, як правільна вырабляць керамічны посуд ці пэўныя дэкаратыўныя элементы, але найперш працягваем справу прадзедаў. І дзеці разумеюць гэта. Мы ганарымся тым, што нашы выпускнікі — добрыя спецыялісты, адданыя працаўнікі. Яны маюць выдатны густ, выхаваны на нацыянальных традыцыях. Сапраўдны патрыёт, які цэніць сваю культуру, ніколі пра іншых не скажа нічога дрэннага. Бо культура народа — самы вялікі здабытак.

Вучэбны працэс у мірскім каледжы прадугледжвае засваенне дзецьмі пэўных мастацкіх прыёмаў. А якія менавіта з іх выбіраць, вырашаюць самі майстры. Вельмі каштоўна, што яны знаходзяць час, каб не толькі даць праграмныя рэчы, але і падзяліцца ведамі пра нацыянальную культуру. Таксама дзейнічаюць гурткі — мастацкага роспісу, разьбы па дрэве — там творчым памкненням даецца поўная свабода.

У Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі вельмі станоўча ставяцца да інавацыйных праектаў, якія распрацоўваюць у Міры. Калі работа над праграмай беларускага нацыянальнага роспісу будзе завершана, яе ўключаць у абавязковае вывучэнне.

«Мы ўсе цяпер знаходзімся ў творчым пошуку, — рэзюмуе Петрыман. — Здаецца, усё вывучана ўвогуле. Але ж яшчэ цэлы пласт работы па вывучэнні дэталяў...»

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Карэліцкі раён

Загаловак у газеце: «Густ, выхаваны на нацыянальных традыцыях...»

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.