Вы тут

У Мінскім заапарку з'явіліся двое белых ільвянят


Два гады таму ў Мінскім заапарку пасяліліся белыя тыгры, а сёлета ў лістападзе тут з'явіліся двое белых ільвянят. Супрацоўнікі заапарка кажуць, што да гэтых жывёл назіраецца павышаная цікавасць наведвальнікаў.


«Бенгальскі белы тыгр Сайман прыехаў ужо дарослым самцом з Маскоўскага заапарка ў 2014 годзе. Яго вага дасягала 250 кг. Ён з'яўляецца ўласнасцю Мінскага заапарка. А вось белыя тыгрыцы Зара і Вара былі прывезены праз паўгода і ўтрымліваюцца тут часова, — растлумачыла метадыст Мінскага заапарка Наталля Мыслейка. — Паколькі раней у нас не было тыграў такой рэдкай афарбоўкі, то, вядома, да іх у наведвальнікаў назіраецца асаблівая цікавасць». Гэта нядзіўна, бо бенгальскі тыгр — рэдкі падвід, уключаны ў Чырвоную кнігу Міжнароднага саюза аховы прыроды.

А ў лістападзе белых прыгажуноў у сталічным заапарку стала яшчэ больш. На гэты раз тут пасяліліся белыя львяняты — Нік і Ніка. У адрозненне ад тыгрыц ільвяняты — уласнасць заапарка.

«Да гэтых мілых кацянят таксама ёсць вялікая цікавасць з боку наведвальнікаў, усе імкнуцца з імі сфатаграфавацца. Мы і пасялілі іх у вальеры недалёка ад увахода ў заапарк, таму міма ніхто не пройдзе, — кажа Наталля Мыслейка. — У Ніка і Нікі шмат інвентару для гульняў: мяч, машынка, пластыкавыя бутэлькі і іншыя цацкі, якія яны любяць. Ільвяняты смела падыходзяць да шкла свайго вальера, наведвальнікі іх з задавальненнем фатаграфуюць. Шмат хто кажа, што хацелі б пагладзіць звяроў, але гэта забаронена правіламі наведвання заапарка. Нашы заатэхнікі адзначаюць, што хоць ільвянятам усяго па сем месяцаў, але гэта ўжо сур'ёзныя драпежныя кошкі».

Наталля Мыслейка расказала, што рацыён Саймана, Зары і Вары — па шэсць кілаграмаў мяса ў дзень. Норма львянят пакуль што ў два разы меншая. Дапаўняе рацыён драпежных кошак касцявая мука, малако, яйкі.

У Мінскім заапарку ладзяць паказальнае кармленне жывёл, у тым ліку бенгальскіх тыграў. Графік размешчаны на сайце ўстановы.

Таксама ў заапарку нам расказалі, што белы леў не з'яўляецца асобным падвідам. Гэта вельмі рэдкі варыянт афарбоўкі афрыканскага льва, які вар'іруецца ад чыстага белага да крэмавага. Вочы гэтых жывёл бываюць светла-блакітнымі ці бурштынавымі, як у звычайных ільвоў. Белыя львы не альбіносы, як прынята лічыць. Страта пігментацыі ў колеры поўсці і колеры скуры тлумачыцца адсутнасцю адпаведнага гена. Ільвяняты ў іх нараджаюцца разам са звычайнымі. З-за «нестандартнага» колеру большасць такіх ільвоў у дзікай прыродзе гінуць, бо яны не могуць незаўважна падкрасціся да здабычы. Пра белых ільвоў, якія насяляюць Паўднёвую Афрыку, меліся некаторыя звесткі яшчэ чатырыста гадоў таму, але толькі ў 1975 годзе былі атрыманы дакладныя сведчанні, якія пацвердзілі існаванне гэтых таямнічых кошак.

Ёсць у белых ільвоў і свая прыгожая легенда. Кажуць, што калісьці даўно злыя духі наслалі страшны праклён на жыхароў Зямлі. Людзі сталі маліць багоў аб дапамозе, нябёсы злітаваліся над пакутнікамі і адправілі на Зямлю свайго пасланца — магутнага Белага Льва, які сваёй мудрасцю навучыў людзей змагацца з хваробамі і паабяцаў абараняць іх у цяжкую хвіліну. Згодна з павер'ем, пакуль на зямлі жывуць белыя львы, у сэрцах людзей няма месца пакутам і роспачы.

Аксана ЯНОЎСКАЯ

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».