Вы тут

Як пазбегнуць дэфіцыту вітаміна D?


Сучасныя навуковыя даследаванні звязваюць дэфіцыт гэтага вітаміну з імуннымі парушэннямі, высокай успрымальнасцю да інфекцый, развіццём некаторых відаў раку, цукровым дыябетам і сардэчна-сасудзістымі захворваннямі. Гэты вітамін іграе вельмі важную ролю і ў рэпрадукцыі.


Да 90 працэнтаў вітаміну D3 утвараецца ў скуры пад уздзеяннем ультрафіялету, а вітамін D2 паступае з ежай. Абодва ператвараюцца ў арганізме ў актыўны вітамін D, які і выконвае неабходную работу. Гэты вітамін тлушчарастваральны, назапашваецца ў печані і тлушчавай тканцы, і пры яго лішку ў органах і тканках адкладваецца кальцый, могуць з'явіцца камяні ў нырках, а ў дзяцей — сутаргі.

Чаму яго можа не хапаць? Таму што мы мала былі пад прамымі сонечнымі промнямі. Або з-за дрэннага яго сінтэзу ў скуры (напрыклад, зімой). Нам можа не хапаць багатых на гэты вітамін прадуктаў. Урачы называюць яшчэ хранічную ныркавую і пячоначную недастатковасць, прымяненне супрацьсутаргавых, супрацьтуберкулёзных прэпаратаў, парушэнне ўсмоктвання пры хваробах кішэчніка, атлусценне.

— Дэфіцыт вітаміну можа прыводзіць да таго, што кальцый будзе дрэнна засвойвацца ў кішэчніку, арганізму давядзецца вымываць мінерал з касцей, каб падтрымаць яго ўзровень у крыві, — тлумачыць участковы педыятр 5-й гарадской дзіцячай паліклінікі г. Мінска Юлія КАЛЕСНІКАВА. — Паступова ў дзяцей развіваецца рахіт — з'яўляецца слабасць мышцаў, капрызнасць, мяняецца форма чэрапа, парушаецца прарэзванне зубоў, а ў дарослых размякчаюцца косці, што заявіць пра сябе пастаянным болем у паясніцы, тазасцегнавых суставах, пятках, рэбрах, галёнцы, лапатцы, перадплеччах, пазваночніку. Мышачная слабасць спрыяе падзенням. З'яўляецца адчуванне коўзання мурашак, а таксама сутаргі.

Нормай лічыцца ўзровень вітаміну D у межах 30—100 нг/мл, аднак гэта норма адрозніваецца ў розных краінах і нават лабараторыях. Таму рэкамендуецца вызначаць і ўзровень кальцыю, фосфару, ферменту шчолачнай фасфатазы ў крыві, а таксама кальцыю і фосфару ў мачы.

Што будзем рабіць?

Падстаўляць сонечным промням твар і рукі на 15 хвілін 2—3 разы на тыдні. З гэтага ўжо вынікае, што ў краінах з пахмурным кліматам або ў гарадах, зацягнутых смогам, немагчыма дабіцца дастатковага сінтэзу вітаміну D. Дарэчы, перашкаджае яго выпрацоўцы і меланін, які выпрацоўвае скура для абароны ад ультрафіялету. Таму загар, пігментацыя скуры і мясцовае прымяненне сонцаахоўнага крэму з SPF звыш 15 блакіруюць выпрацоўку вітаміну.

Якраз для медыцынскіх мэт былі распрацаваныя салярыі, якія прымяняліся пад кантролем урача, аднак сёння такі від лячэння не выкарыстоўваецца, паколькі рэзка вырасла захваральнасць на рак скуры. Дзецям да 18 гадоў наогул катэгарычна забараняецца карыстацца салярыем. Трэба таксама мець на ўвазе, што многія лямпы даюць не такі ўльтрафіялет, як у сонца, а таму смуглае адценне скуры атрымаць можна, а вось папоўніць запасы вітаміну D, на жаль, не.

Альтэрнатывай можа быць прыём прэпаратаў. Вітамін D2 выпрацоўваюць з дапамогай дражджэй, з раслінных крыніц, а D3 сінтэзуюць з жывёльных прадуктаў.

Прафілактыкай рахіту ў дзяцей служыць грудное кармленне ў спалучэнні з дадатковым увядзеннем вітаміну D. Неабходную, бяспечную, дозу прызначаюць з двух тыдняў жыцця штодня з верасня па май, а таксама часам і ў летнія месяцы. Большасць педыятраў рэкамендуе ўжываць гэты вітамін з мэтай прафілактыкі да 3 гадоў.

Для здаровай касцявой і мышачнай тканкі ва ўзросце ад 19 да 65 гадоў рэкамендуецца прафілактычнае ўжыванне з кастрычніка па красавік. У 19—50 гадоў патрабуецца 600 МЕ/сут, пасля 50 — 800—1000 МЕ/сут. Лячэбныя дозы будуць істотна большымі.

На жаль, не многія прадукты харчавання змяшчаюць вітамін D: яечныя жаўткі, ялавічная печань, некаторыя віды рыбы і морапрадуктаў (у невялікай колькасці — у ласосі, сардзіне, скумбрыі, печані траскі, тунцы, рыбе-меч). У гародніне іх няма.

Усмоктванне вітаміну D у кішэчніку залежыць ад наяўнасці тлушчаў і жоўцевых кіслот. А блакіраваць або абцяжарваць усмоктванне могуць той жа маргарын, маянэз, свіны тлушч, тлустыя торты і пірожныя.

«Рэкамендацыі па прафілактычным ужыванні вітаміну D адрозніваюцца ў розных рэгіёнах, — зазначае спецыяліст. — Адны з асцярожнасцю ставяцца да прыёму гэтага вітаміну, а другія рэкамендуюць пачынаць ужо зараз па 2000—6000 МЕ. Раней гаварылася аб непапраўнай шкодзе сонечных промняў у сувязі з развіццём раку скуры, а сёння кажуць, што інсаляцыя неабходна. Праўда, дадаюць, што ў невялікай колькасці. У любым выпадку нельга кідацца ў крайнасці».

Святлана Барысенка

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Вітамін D: колькі і навошта

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?