Вы тут

Слабадан Вуканавіч. Малітва за Беларусь


Слабадан Вуканавіч — часты госць у Беларусі. Быў госцем Гомельскага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Выступаў у розных аўдыторыях Мінска і раённых гарадоў Беларусі, дзе праводзіўся Дзень беларускага пісьменства. Ён ведае нашу краіну. Добра знаёмы з беларускай літаратурай. У Мінску пабачыла свет кніга вершаў Слабадана Вуканавіча «Я ці не я», творы для якой перакладзены ў асноўным Іванам Чаротам. У адным з інтэрв'ю для беларускага друку чарнагорскі пісьменнік заўважыў наступнае: «Ніхто не здольны спыніць кола цывілізацыі. У мяне складваецца ўражанне, што ў нас, славян, ёсць асаблівы чып упартасці. А можа, гэта чып большай ступені чуласці нашай душы? Мы не можам мірыцца з многімі фактамі, з некаторымі, здавалася б, ісцінамі. Чалавек — гэта кола, якое выпрацоўвае святло, выпрацоўвае і цемру, стварае радасць, боль, смутак. Чалавек сам усё прыдумвае і сам стварае...» З гэтай перакананасцю Слабадан Вуканавіч выступае і ў вершы, які ён прысвяціў беларускаму асветніку, першадрукару Францыску Скарыну. А перакладчыкам ізноў выступае Іван Аляксеевіч Чарота — вядомы і ў Беларусі, і ў краінах былой Югаславіі знаўца славянскіх літаратур.

Кастусь Лешніца


Слабадан Вуканавіч (Чарнагорыя)

ХТО НЕ СЛУХАЕ ЗАЛАТАВУСТАЎ, ТОЙ ПАСЛУХАЕ ГРОМ

(Малітва за Беларусь)

Сонца для ўсіх беларусаў —

Каб дрэва жыцця пладаносіла

І давалі ўраджай бязмежныя нівы,

Узнятыя сілай мужчын

і працай жанчын.

Сонца для тых,

Хто спявае і грае,

Хто хараство і дабро стварае,

Хто ўзводзіць будынкі слова,

Хто раялем і скрыпкаю прамаўляе,

Хто гаворыць жывапісу мовай.

Сонца для залатавустага Францыска

Скарыны

З шэрагу першых творцаў пісьменства беларускага,

У славу Барыса Ўсяслававіча,

Славу вольнасці Полацка і Віцебска,

Гомеля, Брэста, Гродна, Магілёва

і Мінска...

Дзеля згоды між людзьмі,

Дзеля тысяч азёр,

Нераставання рыб,

Гуртавання буслоў...

Сонца для радасці беларусаў,

Іхніх усмешак і добрых надзей,

Квецені й простага шчасця людзей,

Якім патрэбны дажджы на пасевы,

А таксама і ясныя дні

Для бяспекі самалётаў і цягнікоў.

Выпусцім усіх птушак з клетак,

Усіх рыб з акварыумаў,

Каб усім вольна спявалася

І рэвалюцыі праслаўляліся

Песнямі замест кулямётаў.

Дзеля яснага для беларусаў дня,

Дзеля зорамі аздобленага неба,

Дзеля колішніх і будучых

залатавустаў —

Хто зведаў пакуты,

Вылечваецца воляй.

Мая малітва — маё жаданне ўсяго

Дзеля згоды між людзьмі,

Дзеля тысяч азёр,

Нераставання рыб,

Гуртавання буслоў...

Хто не слухае залатавустаў,

Той паслухае гром,

Перажыве засухі і паводкі.

Слухайце тых, хто ўмее

І гаварыць,

І слухаць,

І руку падаваць,

Вітаючыся: «Дзень добры»

і «Добры вечар».

Сонца для радасці беларусаў,

Іхніх усмешак і добрых надзей,

Квецені й простага шчасця людзей,

Якім патрэбны дажджы на пасевы.

Маё пажаданне для залатавустаў:

Няхай беражэ іх Бог, калі чуе,

Няхай беражэ іх жыццё, а яно існуе.

Пачуй маю малітву... пачуй

Ты, які слухаеш і гаворыш,

Які хварэў і пакутаваў,

А вылечыўся воляй.

Пераклад Івана ЧАРОТЫ

Загаловак у газеце: У вянок Францыску Скарыну

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?