Вы тут

Чаму гінуць кветкі ў доме?


Раслінам патрэбна мяккая і адстоеная вада.


1. Празмерны паліў

Гэта самая частая памылка, праз якую гінуць кветкі ў доме. За выключэннем балотных відаў, напрыклад егіпецкага папіруса (Cyperus papyrus), кветкі не павінны стаяць у вадзе. У залішне мокрай зямлі карані не могуць дыхаць, паступова загніваюць і расліна без здаровых каранёў асуджана на пагібель.

Часта вас можа падмануць сама глеба. На паверхні можа быць сухой, але ўнутры ўтрымліваць яшчэ досыць вільгаці. Гэта проста праверыць з дапамогай драўлянай палачкі: уторкніце яе ў зямлю так, як ўтыкаюць у пірог, правяраючы, ці спёкся ён. Так як і цеста, мокрая глеба прыліпне да палачкі. Калі вынятая палачка будзе сухой, настаў час паліву. Вады павінна быць столькі, каб яна заставалася ў місцы не даўжэй чым 15 хвілін. Калі лісты вялікія і тонкія, то яны выпарваюць шмат вады. Такія расліны трэба паліваць больш шчодра.

2. Высыханне

Без паліву не могуць жыць ніякія расліны. Выключэнне складаюць амаль несмяротныя сукуленты з тоўстым лісцем, у якіх захоўваецца запас вады на цяжкія часы. Калі расліна засохла, але не цалкам высахла, паспрабуйце яе выратаваць. Вазон з кветкай апусціце на некалькі хвілін цалкам у вядро з цеплаватай вадой, таму што перасохлы субстрат, асабліва які змяшчае торф, горш убірае вільгаць. Немалаважна і якасць вады. Раслінам патрэбна мяккая і адстоеная, ні ў якім разе не ледзяная.

3. Недастатковае асвятленне

Калі расліна губляе сваю прыгажосць і насычаны колер, значыць, ёй не хапае святла і трэба паставіць кветку як мага бліжэй да акна. На адлегласці ад акна будзе добра ценелюбівым раслінам, такім, напрыклад, як манстэра, якая прывыкла выкарыстоўваць і тую самую малую порцыю святла, якую атрымае ў родным трапічным лесе. Святлолюбівым месца толькі на падаконніку або блізка каля яго. Інтэнсіўнасць святла ўзмоцняць белыя сцены, дапаможа і люстэрка. Самы дарагі варыянт — лямпа дзённага асвятлення.

4. Сонечны апёк

Некаторым раслінам шкодзіць і лішак сонца. Напрыклад, прамыя сонечныя прамяні супрацьпаказаны амаль усім архідэям — ім патрабуецца рассеянае святло. Яны вытрымаюць негарачыя ранішнія або вячэрнія прамяні, але паўдзённае сонца, узмоцненае шклом, проста спаліць лісце і расліна загіне.

5. Няправільная тэмпература

Кветкі адрозніваюцца ў патрабаваннях да тэмпературы, пра гэта трэба ведаць раней, чым купляць пэўную расліну. Субтрапічныя і міжземнаморскія віды любяць летам цяпло, аднак зімой, як правіла, — адпачынак пры тэмпературы 10—15 градусаў, каб і на наступны год быць прыгожымі і здаровымі. На зімоўку іх лепш выстаўляць на веранды або ў зімовыя сады. А легендарнай камеліі холад проста неабходны. Субтрапічным раслінам не шкодзяць ваганні дзённых і начных тэмператур з вясны да восені.

6. Сухое паветра

Недахоп вільгаці ў паветры не загубіць расліну, але акажа ўздзеянне на яе знешні выгляд. Таму ўсе кветкі ў доме (за выключэннем сукулентаў, якім гэта не вельмі важна) трэба апырскваць адзін-два разы на дзень. Калі ў вас няма для гэтага часу, дапамогуць міскі з вадой, пастаўленыя каля вазонаў.

7. Шкоднікі

Кветкі ажыўляюць інтэр'ер, але, на жаль, дома падабаецца не толькі ім, але і насякомым, якія імі сілкуюцца. Часцей за ўсё на кветкі нападаюць клешчыкі (павуцінны, цыкламенавы), тля, белакрылка, шчытоўка, трыпс і інш. Каб своечасова іх выявіць, расліны трэба рэгулярна аглядаць. Тлю ўбачыце адразу, але чырвонага павучка не так проста знайсці. Убачыце толькі невялікія павуцінкі на ніжнім баку ліста. Спачатку паспрабуйце няпрошаных гасцей знішчыць механічным спосабам, напрыклад, паставіўшы расліну пад струмень душа або працёршы лісце ваткай, накручанай на палачку. Потым замест інсектыцыдаў паспрабуйце няшкоднае для людзей апырскванне на аснове алею і лецыціну, які насякомых склеіць і тым самым загубіць. На яечкі гэтыя сродкі не дзейнічаюць, таму праз тыдзень-два апырскванне трэба паўтарыць.

8. Хваробы

Яшчэ больш, чым насякомыя, небяспечныя хваробы, выкліканыя мікраскапічнымі грыбамі і бактэрыямі. Часцей за ўсё пашкоджваюць расліны менавіта грыбкі, што ўтвараюць на лісці карычневыя плямы, якія мокнуць. Гэтыя часткі трэба выдаліць, расліну ізаляваць ад астатніх, а калі хвароба не знікне, апрацаваць фунгіцыдамі па прыкладзенай інструкцыі.

9. Недахоп пажыўных рэчываў

Карані раслін хутка спажываюць карысныя рэчывы з глебы ў маленькім вазоне. Таму трэба іх рэгулярна дадаваць, інакш кветкі не будуць расці і прыгажэць. Угнаенняў мноства, прасцей за ўсё карыстацца вадкімі. Яны раствараюцца ў вадзе па інструкцыі і дадаюцца падчас паліву. Можна выкарыстоўваць адзін універсальны сродак або спецыяльныя для раслін з прыгожым лісцем, для тых, якія цвітуць, пальм і г.д. Расліны, якія не пераносяць кальцый, як, напрыклад, цытрусавыя і архідэі, трэба падкормліваць адмысловымі сродкамі. Ад вясны да восені гэта робяць раз у тыдзень, зімой — раз у месяц, а тыя расліны, якія зімуюць у холадзе, не чапаюць наогул. Можна скарыстацца і канцэнтраванымі ўгнаеннямі ў выглядзе таблеткі ці палачкі, якіх хопіць на месяц і больш. Аднак пажыўныя рэчывы з іх трапяць не да ўсіх каранёў.

10. Занадта маленькі посуд

Калі карані расліны цалкам запоўняць вазон, кветка не загіне, але не можа расці далей. Таму купіце новы гаршчок і перасадзіце яе! Самы прыдатны час для перасадкі — вясна. Вазон патрабуецца на адзін-два памеры больш. Калі расліна ўжо досыць вялікая і цяжкая, то замяніце хаця б верхні пласт глебы і добра яе падкормлівайце.

Ірына Тамковіч

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?