Вы тут

Цяпер свабодныя грошы можна прымусіць папрацаваць


Учарашняя сесія ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу закранала як фінансавыя, так і сацыяльныя сферы дзяржаўнай палітыкі. Адным з найбольш абмяркоўваемых сярод дэпутатаў законапраектаў стаў дакумент пад назвай «Аб інвестыцыйных фондах».


Кіраванне калектыўным капіталам

Валерый БАРАДЗЕНЯ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах, у размове з журналістамі адзначыў, што ў нашай дзяржаве ў банкаў існуе пэўная манаполія на інвеставанне. Яны займаюць вельмі вялікую долю на рынку — больш за 95%.

— Дыверсіфікацыя фінансавых рынкаў азначае стварэнне новых інструментаў доўгачасовага інвеставання, — растлумачыў дэпутат. — Законапраект «Аб інвестыцыйных фондах» ствараецца планава, канцэпцыя яго была зацверджана два гады таму Прэзідэнтам. Дакумент рыхтаваўся ў адпаведнасці з грантам Сусветнага банка і пад яго эгідай, ён адпавядае ўсім сусветным нормам, патрабаванням. Што вельмі важна для нас, ён узгоднены з нормамі законаў Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Казахстан «Аб інвестыцыйных фондах».

У чым сутнасць гэтага закона? Створаныя фонды калектыўнага інвеставання будуць канцэнтраваць сродкі і накіроўваць іх у тыя сферы, якія будуць найбольш даходнымі, перспектыўнымі. Калі звярнуцца да сусветнай практыкі, то самыя перадавыя амерыканскія фонды, якія працуюць ужо некалькі дзясяткаў гадоў, сотню гадоў, маюць сярэднюю гадавую даходнасць прыкладна роўную 20%.

— Гэта вельмі высокая даходнасць, — адзначыў парламентарый. — Безумоўна, калі нашы фонды будуць знаходзіць тыя бізнесы, якія прынясуць такую даходнасць, думаю, гэта будзе вельмі добрай альтэрнатыўнай крыніцай інвеставання для грамадзян, юрыдычных асоб, якія змогуць уваходзіць у гэтыя фонды, ствараць іх і такім чынам атрымліваць даходы на ўкладзены капітал.

Карэкціроўка альтэрнатыўнай службы

Дэпутаты разгледзелі таксама праект закона «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь», у асноўным прысвечаны карэкціроўцы Закона «Аб альтэрнатыўнай службе», які нядаўна ўступіў у сілу. Жанна СТАЦІЎКА, член Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях, расказала, што названаму закону патрабуецца яшчэ дапрацоўка — як і іншым нарматыўным актам, якія прама ці ўскосна з ім звязаны.

— Захоўваецца членства ў фермерскіх гаспадарках для грамадзян, што праходзяць альтэрнатыўную службу. Карэктуюцца мерапрыемствы прызыўной камісіі, дапаўняюцца паўнамоцтвы раённай і гарадской прызыўной камісій у дачыненні да грамадзян, якія праходзяць альтэрнатыўную службу. Так, названыя камісіі надзяляюцца правам адмовы ў плане замены воінскай службы на альтэрнатыўную, — пералічыла навацыі дэпутат.

Пытанні дзеяздольнасці

Два з дзесяці разгледжаных учора законапраектаў прадставіла Пастаянная камісія па заканадаўстве. Гэта праект закона «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь» і праект закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь». Максім МІСЬКО, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве, паведаміў журналістам: тыя нормы, якія будуць удасканальвацца ў Грамадзянскім кодэксе, кодэксе «Аб шлюбе і сям'і», другіх законах, будуць накіраваны не на абмежаванне, а на паляпшэнне становішча грамадзян.

— У прыватнасці, будуць разглядацца пытанні аб прызнанні пэўнай катэгорыі грамадзян недзеяздольнымі або абмежавана дзеяздольнымі, — расказаў Максім Місько. — Навіной тут будзе тое, што людзі, якія ў сувязі з захворваннямі знаходзяцца ў несвядомасці, будуць прызнавацца недзеяздольнымі. У гэтай сувязі ім будзе назначана апека, а гэта паляпшэнне іх правоў у сувязі з атрыманнем пенсіі, грашовай дапамогі.

Калі казаць пра кодэкс «Аб шлюбе і сям'і», то будзе пашыраны шэраг грамадзян, якія будуць вызваляцца ад кампенсацыі затрат дзяржавы на ўтрыманне дзяцей, што знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.

— Цяпер гэта недзеяздольныя грамадзяне, грамадзяне з пэўнымі захворваннямі, — пералічыў парламентарый. — Спіс гэтых захворванняў зацвярджаецца Міністэрствам аховы здароўя. Новым праектам закона прадугледжваецца вызваленне ад кампенсацыі інвалідаў першай і другой групы цалкам. Па аналогіі з тым, як інваліды першай і другой групы вызвалены цалкам або часткова ад выплаты аліментаў.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Усе мы інвестары. Патэнцыйныя

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.