Вы тут

Наколькі развіты ў Беларусі інклюзіўны турызм?


Галоўнае — як яму туды даехаць.

Некалькі гадоў таму Міністэрства замежных спраў Германіі звярнулася ў Беларусь з запытам, наколькі ў краіне даступная турыстычная інфраструктура для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У нас такіх звестак не аказалася. Тады Германія абвясціла нас не рэкамендаванай краінай для наведвання асобамі, якія маюць тыя ці іншыя абмежаванні.


Па сутнасці, яна ўнесла Беларусь у чорны спіс інклюзіўнага турызму. Турыстычныя кампаніі і страхаўшчыкі прынялі гэта да ведама. Нямецкія турысты, напрыклад, не прыязджаюць у нашы санаторыі, таму што іх страхавыя фірмы адмаўляюцца ў гэтым выпадку страхаваць іх, указваючы на недастатковую даступнасць і камфортнасць нашых санаторыяў і гасцініц для асоб з абмежаваннямі.

— Між тым у свеце даступны турызм (accessіble tourіsm) або, як мы гаворым, інклюзіўны турызм (таму што даступным турызмам часта называюць малабюджэтныя туры) — гэта сегмент турыстычнага рынку, які найбольш дынамічна развіваецца, — кажа выкладчык кафедры турызму факультэта міжнародных адносін БДУ Наталля Барысенка-Клепач. — У Еўропе і ЗША ён ужо складае 11% усіх турыстычных патокаў, і плануецца, што да 2020 года безбар'ерны турызм будзе складаць 22% ад усяго турызму.

У свеце налічваецца каля 785 мільёнаў чалавек з інваліднасцю — гэта каля 15% насельніцтва планеты. Калі ўлічваць членаў іх сем'яў, то можна сказаць, што больш за 2 млрд людзей непасрэдна сутыкаюцца з акрэсленай праблемай. А гэта ўжо ні многа ні мала траціна насельніцтва Зямлі. Калі ўлічваць, што турысты з інваліднасцю звычайна ездзяць з кампаньёнамі і аддаюць перавагу падарожжам у так званы «нізкі сезон», становіцца зразумелым, што гэта робіць іх вельмі прывабнымі для турыстычнай галіны. Таму тыя, хто развівае безбар'ерны, інклюзіўны турызм, зыходзяць не толькі з меркаванняў гуманнасці, але і ў немалой ступені — з эканамічных меркаванняў.

* * *

Большасць беларусаў, думаючы пра бар'еры, уяўляюць сабе ў першую чаргу бардзюры, лесвіцы, прыступкі. Але такімі простымі рэчамі бар'еры не абмяжоўваюцца.

— Мы не бачым на нашых вуліцах інвалідаў не толькі таму, што пандусаў не хапае, — тлумачыць каардынатар праектаў «Офіса па правах людзей з інваліднасцю» Сяргей Драздоўскі. — Мы сёння выбудоўваем даступнае асяроддзе для досыць вузкай катэгорыі людзей з парушанай мабільнасцю. Але недастаткова яшчэ думаем пра тое, што гэтае безбар'ернае асяроддзе павінна распаўсюджвацца і на людзей пажылога ўзросту, і на грамадзян з сардэчна-сасудзістымі захворваннямі (дарэчы, гэта самая частая прычына інваліднасці) і г.д.

Для чалавека, які нядаўна перанёс інфаркт, вельмі важна, каб кожныя 150 метраў ён мог знайсці месца, дзе можна прысесці. А цяпер гляньце на нашы паркі: ці шмат у іх лавак? Тут гаворка не пра тое, каб проста прысесці і паназіраць за наваколлем, а пра тое, што хворы чалавек, для якога крытычна важна адпачыць, каб разгрузіць сваё сэрца, у гэты парк проста не пойдзе.

Але часам здараецца так, што мы нават не ведаем таго, што ў нас сёння ўжо зроблена для людзей з інваліднасцю. Сяргей Драздоўскі прыводзіць красамоўны прыклад: «У Брэсцкай крэпасці, цалкам якасна з пункту гледжання даступнасці, пабудаваны рэстаран. Мы запыталіся ў персанала: а дзе ў вас даступны для інваліда туалет? І нам адказалі: у нас няма такога. Мы не паверылі і ў рэшце рэшт, прыклаўшы намаганні, знайшлі такі туалет. Ён быў у тым рэстаране, але персанал пра гэта не ведаў!»

Наогул, у ідэале для развіцця інклюзіўнага турызму павінен быць даступным увесь ланцужок турыстычных паслуг, які ўключае ў сябе безбар'ернае асяроддзе, даступнасць транспарту і інфармацыі. Каб з сайтамі турыстычных кампаній, гасцініц і тураб'ектаў, у тым ліку транспартнага сектара, маглі азнаёміцца сляпыя карыстальнікі ды людзі са слабым зрокам. Для падарожнікаў з асаблівымі патрэбамі павінны быць даступныя грамадскія ўстановы, аб'екты культуры, архітэктурныя і гістарычныя помнікі, музеі, тэатры.

* * *

Прадстаўнікі беларускага турбізнесу сцвярджаюць, што самае складанае пытанне ў нас у краіне — з транспартнай даступнасцю. Няма экскурсійных аўтобусаў, якія мелі б спецыяльныя платформы. Белавежская пушча ўжо даступная для людзей з асаблівымі патрэбамі, рэзідэнцыя Дзеда Мароза — таксама, але як давезці туды дзетак-інвалідаў? Некалькі разоў турфірмы бралі валанцёраў, якія дапамагалі занесці дзяцей з інваліднасцю ў звычайны аўтобус.

У іншых краінах у такіх выпадках карыстаюцца адмысловымі аўтобусамі, абсталяванымі з улікам патрэб людзей з інваліднасцю, якія, дарэчы, з'яўляюцца шматфункцыянальнымі. Там здымныя сядзенні, і такі аўтобус можна выкарыстоўваць і для звычайных людзей, а калі едзе калясачнік, можна зняць два сядзенні і вызваліць месца для яго. Праўда, наш Мінтранс, па словах прадстаўнікоў турфірмаў, на іх просьбы аб закупцы такіх аўтобусаў пакуль адмоўчваецца.

— Усё адразу прыстасаваць да патрэб людзей з інваліднасцю немагчыма, таму трэба зыходзіць з прынцыпу разумнага прыстасавання, — кажа Сяргей Драздоўскі. — Калі для маленькай крамы занадта дорага пабудаваць вялікі пандус, можна паставіць кнопку выкліку. І гэта нармальна. Але як ацаніць сітуацыю, калі кнопка выкліку знаходзіцца ў аптэцы, і пры гэтым ёсць правіла аб тым, што забаронены вынас за дзверы прэпаратаў, якія прадаюцца па рэцэпце? Гэта значыць, чалавек можа выклікаць фармацэўта — і ўсё. Прэпарат яму ніхто не вынесе. Ці стала гэтая аптэка даступнай? Не.

* * *

Даступнае асяроддзе вельмі дапамагло б не толькі людзям з інваліднасцю. У падарожжах (ды і не толькі) да ліку найбольш уразлівых груп, тых, каму патрэбны адмысловая даступнасць і камфорт, можна прылічыць і пажылых людзей, і сем'і з маленькімі дзецьмі, што едуць з каляскамі і мноствам сумак і рэчаў, і людзей вялікага памеру, а таксама вельмі высокіх або нізкіх, якім можа быць складана скарыстацца ў паездцы тэрміналамі або банкаматамі, і вандроўнікаў з вялікім багажом, і нават тых, хто не ведае англійскай мовы. Гэта значыць — амаль кожнага турыста.

Святлана Бусько

busko@zviazda.by

Загаловак у газеце: Як дзіцяці-інваліду трапіць у рэзідэнцыю Дзеда Мароза?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».