19 Верасень, серада

Вы тут

Маці стварыла студыю «Калякі-Малякі», дзе дзеці малююць на сценах


Некалі Наталля Няборская была звычайнай маці ў дэкрэтным адпачынку і, змірыўшыся («усё роўна рамонт»), назірала, як дачка Арына з асалодай размалёўвала сцены ў кватэры. Больш за тое, убачыўшы гэта самавыражэнне, яна зразумела, наколькі важна яно для дзіцяці. 

Дазволіць такую раскошу, як маляванне на сценах, можа сабе не кожны. «Павінна быць месца, дзе можна тое, што нельга», — вырашыла Наталля і стварыла студыю выяўленчага мастацтва. Назву «Калякі-Малякі» прыдумала яе юная мастачка.


Наталля Няборская разам са сваімі дочкамі-натхняльніцамі.

Мальдзівы... на столі

Яўгену — 4,5 года. Нядаўна хлопчык разам з бацькамі і маленькай сястрычкай лятаў на самалёце на Мальдзівы. Ён — пад вялікім уражаннем ад адпачынку. Сёння на занятку малюе восеньскія Мальдзівы. Вось востраў — маленькая аранжавая пляміна на паперы — такім ён бачыў яго праз акенца ілюмінатара. А вакол вада — сіняя, зялёная, блакітная — акіян, адным словам. Малюнак здаецца завершаны.

Але Яўген задуменна пазірае на тое, што атрымалася. Апошні штрых. Хлопчык бярэ вялікі пэндзаль, шчодра абмаквае ў ружова-чырвоны колер і з усяго размаху пырскае на «восеньскія Мальдзівы». У момант на паперы з'яўляецца сотня маленькіх кропачак. Не менш іх — на падлозе, сценах і нават на столі. Яўген з задавальненнем пазірае на сваю работу...

Калі заходзіш у «Калякі-Малякі», не застаецца сумнення, што гэта дзіцячая студыя малявання. Рознакаляровы россып фарбаў упэўнена пасяліўся паўсюдна — маленькія ручкі пастараліся. І калі напачатку такое самавыяўленне крышачку палохае, то назіраючы, з якой асалодай малыя пэцкаюцца (бо ведаюць, што за гэта нічога не будзе), у мяне, як у маці, пачала закрадвацца шалёная думка: «А можа, і мне так дома з сынам паспрабаваць?»

— На жаль, ёсць дзеці, якім бацькі ўвогуле ніколі не давалі ў рукі фарбы, бо перажываюць, што яны ўсё запэцкаюць, — расказвае Наталля. — Абмяжоўваць такім чынам малечу — небяспечна для яе развіцця. Таму мая студыя павінна стаць тым месцам, дзе можна ўсё! Мы малюем незвычайнымі спосабамі, з дапамогай клею, солі, раслін, не стрымліваем творчыя парывы. Мае дзеці тут таксама «адрываюцца».

Зняць празмернае напружанне ў дзіцяці, навучыць яго самарэалізоўвацца і самасцвярджацца з дапамогай творчасці — Наталля Няборская лічыць галоўнай мэтай сваёй студыі.

І, вядома, асабістай, бо штодзённа праводзіць заняткі па ўласна распрацаванай праграме.

— Мне важна, каб дзеці навучыліся думаць самастойна. Не баяліся прымаць рашэнні, адкрыта выказваць свае меркаванні. У паўсядзённым жыцці так шмат абмежаванняў: у дзіцячым садку, потым у школе ўсіх вучаць прытрымлівацца пэўнай лініі, рабіць па прыкладзе. Гэта таксама трэба, але дзіця павінна ведаць і іншы бок — мець свабоду, разняволена сябе паводзіць.

Каб адпачынак стаў цікавым

Спачатку студыя не задумвалася як бізнес, а была і для самой Наталлі самарэалізацыяй.

Усё склалася само сабой. Нечаканая цяжарнасць у 18 гадоў. Але кідаць вучобу ў Расійскім дзяржаўным сацыяльным універсітэце па спецыяльнасці «Сацыяльная работа» Наталля не стала. Вырашыла: «Спраўлюся!» Выкладчыкі пайшлі насустрач, а муж, калі трэба было, заставаўся з малой. І ўсё ж такі дэкрэт аказаўся сумнай справай. Маладой мамачцы катастрафічна не хапала зносін.

Тады Наталля хуценька пазнаёмілася з такімі ж мамачкамі і запрасіла іх да сябе ў госці.

— Усё атрымалася ўдала, — успамінае яна. — Маленькія дзеткі ляжаць на дыване і гуляюць, а мы з мамамі п'ём гарбату. Калі нашы дочкі-сыночкі падраслі, мы пачалі праводзіць з імі заняткі для развіцця. Адны мамы паведамілі пра гэта іншым мамам, і да мяне пачалі прыходзіць новыя жанчыны, якія таксама шукалі нешта цікавае для малых.

— Вядома, у дэкрэце твой лад жыцця мяняецца кардынальна. Для некаторых гэта становіцца выпрабаваннем на трываласць. У мяне пасля родаў не было дэпрэсіі. Лічу, што яна — ад гультайства, нерэалізаванасці. Нельга сядзець на месцы і шкадаваць саму сябе, а трэба зрабіць першы крок, каб нешта змяніць. Пашукайце аднадумцаў. Я ўпэўнена, што ў кожнай жанчыны ёсць скрытыя таленты. Пачынайце рабіць тое, што вам падабаецца. Кажуць: не хапае часу. Не веру. Адна рука занятая, але другая ж свабодная. Навучыся карыстацца слінгам — і ў цябе стане дзве рукі!

З цягам часу Наталля пераканалалася, што лепшы кірунак для развіцця дзіцяці — гэта мастацтва.

Да таго ж у яе за плячыма была мастацкая школа і вялікая цяга да жывапісу і арт-тэрапіі.

— Калі я вырашыла заняцца мастацтвам, я зацяжарала ў другі раз, — іранізуе Наталля. — Але «механізм» ужо быў запушчаны, і спыніцца я не магла. Таму, калі Дашы (малодшай дачцэ) было ўсяго тры месяцы, я ўжо дома займалася з дзецьмі жывапісам. Адных рыхтавала да паступлення ў мастацкую школу, іншых — у Каледж мастацтваў...

Праект душы

Наталлі па-ранейшаму не сядзелася на месцы, і яна пачала праводзіць пленэры, запрашаючы ўсіх ахвотных праз сацыяльныя сеткі. Бацькі і дзеці актыўна прымалі ўдзел і з задавальненнем малявалі на адкрытым паветры. Не менш ахвотнікаў прыходзіла і на бясплатныя майстар-класы па нетрадыцыйных тэхніках жывапісу, якія адбываліся ў антыкафэ «Дом Фішара».

— Натуральна, нам спатрэбілася ўласнае месца для такіх заняткаў, бо ў чужым прэзентабельным памяшканні асабліва не разгонішся, дзеці незнарок могуць запэцкаць крэсла, узяўшыся за яго бруднымі рукамі.

Аднойчы настаўніца старэйшай дачкі папрасіла Наталлю правесці майстар-клас у школе. Дзецям вельмі спадабалася маляваць пры дапамозе пены для галення. І хутка на базе школы адкрыўся першы філіял студыі «Калякі-Малякі». Займаліся там вучні 1—2 класаў. Зразумела, што школа таксама не стала тым месцам, дзе дзецям дазваляліся б самыя смелыя эксперыменты з фарбамі, але за год Наталля змагла назбіраць грошай, каб адкрыць уласнае памяшканне, дзе можна будзе «бязмежна весяліцца».

Памяшканне знайшлося само сабою. Наталлі патэлефанавала жанчына і папрасіла пазаймацца з яе дачкой, у якой сіндром Даўна. Атрымаўшы згоду, маці дзяўчынкі паведаміла, што ў іх доме якраз здаецца памяшканне. Так Наталля адкрыла першую студыю «Калякі-Малякі». Але наперадзе было самае цяжкае — знайсці маленькіх наведвальнікаў.

— Калі прапануеш людзям нешта новае, — тлумачыць Наталля, — то патрэбны пэўны час, пакуль яны разбяруцца і пераканаюцца, што гэта карысна, цікава. Да таго ж многія бацькі ўжо пасля першага занятку чакаюць малюнак, як у сапраўднага мастака, а калі яго не атрымліваюць — расчароўваюцца.

На справе ж першыя паўгода дзіця толькі вучыцца працаваць з пэндзлямі, губкай, валікам; змешваць колеры і атрымліваць новыя. Для яго гэта сапраўдны цуд. А яшчэ ў многіх малых абавязкова існуе перыяд адаптацыі. Напрыклад, Соня некалькі месяцаў запар толькі і рабіла, што стварала сабе фарбамі на руках пальчаткі. І мама ўжо нават страціла надзею, як раптам дзяўчынка намалявала рэпрадукцыю Ван Гога.

Гэта быў цяжкі час для Наталлі. Групы цалкам не набіраліся, заняткі часта зрываліся. Нават хацелася ўсё кінуць, бо не раз даводзілася плаціць з уласнай кішэні. Але раптам убачыла, што здаецца ў арэнду добрае памяшканне недалёка ад дома. І з'явілася надзея, што менавіта вось тут, у новым мікрараёне, дзе шмат маладых сем'яў з дзецьмі, усё атрымаецца. Так і здарылася.

Студыю «Калякі-Малякі» Наталля Няборская называе «праектам душы». Можа, таму ў яе галаве і няма канкрэтнага плана развіцця.

Усё адбываецца выпадкова, але па загадзе сэрца. А вось мэты дакладна ёсць. Хочацца зладзіць выставу дзіцячых работ у Гістарычным музеі. Набраць дзве групы дзяцей з асаблівасцямі ў развіцці і знайсці фінансаванне, каб яны займаліся ў студыі бясплатна. Ды і шмат яшчэ чаго...


Парады бацькам ад Наталлі Няборскай

  • З якога ўзросту ў рукі дзіцяці можна даваць фарбы?

З той хвіліны, як яно пачало пераварочвацца і махаць рукамі... Хай размазвае па старых шпалерах, разасланых на падлозе. Але нават пальчыкавыя фарбы не такія бяспечныя, як пра іх пішуць. Зрабіце самі — з вады, крухмалу і дадайце натуральнага фарбавальніка, напрыклад бурачнага соку.

  • Чым лепш маляваць: алоўкамі, фарбамі, фламастарамі?

У залежнасці ад таго, якія ў вас мэты. Аловак падрыхтоўвае руку да пісьма, паляпшае каардынацыю, дапамагае сканцэнтравацца. Дарэчы, бацькі абавязкова дамагаюцца, каб дзіця правільна ўзяло яго ў рукі. Гэта рабіць нельга. З цягам часу малы сам зразумее, што правільна трымаць аловак зручней. Пачынаць карыстацца ім лепш перад школай. Фламастары я б не раіла, але яны падабаюцца дзецям, таму што яркія. Гуаш для дзяцей — добры матэрыял, яна таксама яркая, мякка кладзецца, не выцвітае.

  • Ці добра маляваць рукамі?

Так, асабліва самым маленькім. Але некаторыя дзеці баяцца запэцкаць рукі. Напрыклад, у 6 гадоў, калі малы ніколі раней не маляваў рукамі, ён не захоча спрабаваць гэта рабіць.

Хачу параіць часта мяняць інструмент малым дзецям, бо яны хутка стамляюцца ад аднастайнасці. Памаляваў трохі пэндзлем — на табе валік, потым паспрабуй відэльцам пакрэмзаць.

  • Ці трэба хвалявацца, калі дзіця малюе цёмнымі колерамі: чорным, сінім?

Не. Дзеці выбіраюць яркія колеры, а цёмныя ў палітры — сапраўды самыя яркія. Да таго ж малюнкі іншы раз выглядаюць змрочнымі, таму што дзеці змешваюць фарбы, і ў выніку атрымліваецца нешта чорнае і незразумелае. Часта бацькі не бачаць усяго працэсу малявання, а толькі канчатковы вынік, таму і палохаюцца. А дзеці думаюць, што калі возьмуць адразу многа колераў і змяшаюць, то ў іх атрымаецца вясёлка.

  • Ці варта хваліць кожны малюнак дзіцяці? Можа, трэба ўсё ж сказаць, што нешта не атрымалася?

У кожным малюнку можна знайсці ўдалы момант, нават калі ў цэлым карціна не атрымалася, як вам падаецца. Нельга фіксаваць увагу на няўдачы, бо гэта абавязкова запомніцца. Няхай лепш гэта будзе добры штрых.

Нельга таксама параўноўваць малюнкі дзіцяці з малюнкамі іншых і крытыкаваць. Лепш параўнайце яго работу з папярэднімі. Пераканана — будзе за што пахваліць.

  • Дзеці часта просяць ім намаляваць...

Рабіць гэта не варта. Бо малы возьме ваш малюнак за эталон, а сам так не намалюе. Такім чынам можа з'явіцца комплекс непаўнавартаснасці. І потым дзіця кажа: «Я не ўмею і не буду гэта рабіць». Пераканайце яго, што ён усё умее, толькі не спрабаваў яшчэ.

  • Што рабіць, калі дзеці малююць на шпалерах?

Арганізуйце для малога спецыяльнае месца і будзьце побач. Стварыце ўмовы. Можна прыбраць дыван і заслаць падлогу цыратай.

  • Ці карысныя размалёўкі?

Размалёўкі рана ці позна ўсё роўна трапяць да вашага дзіцяці. Але галоўнае, каб мама не ставілася крытычна да таго, што малы выходзіць за лінію. Інакш у далейшым вы рызыкуеце сфарміраваць пачуццё страху ў дзіцяці перад выхадам за нейкія межы падчас прыняцця рашэнняў. А гэта небяспечна. Такім чынам, калі размалёўкі — то ў адвольнай форме.

Яна ЛЫЧКОЎСКАЯ

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: Бязмежныя «Калякі-Малякі»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.

Грамадства

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Усё, што трэба ведаць пра замяшчальную гарманальную тэрапію

Лішняя вага, бяссонніца, прылівы, парушэнні ціску і астэапароз — далёка не ўсе праявы, якія падпільноўваюць жанчыну ў пэўным узросце. 

Спорт

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Вячаслаў Грэцкі: Часам называюць мяне Уэйнам

Пра знакамітае прозвішча і сучаснасць беларускага хакея.