Вы тут

Тры сіты


Учора зайшла ў вагон метро — і не паверыла сваім вачам. Ён быў нязвыкла чысты: пустыя сцены, зусім без рэкламы.


«Да Новага года засталося ўсяго паўмесяца, — прамільгнула думка. — Трэба абавязкова паспець перабраць шматлікія паперкі, што назбіраліся за год на працы і дома, пазбавіцца ад непатрэбных рэчаў. І, вядома, схадзіць у лазню, каб увайсці ў 2017-ты абноўленай. Такая вось традыцыйная пераднавагодняя чыстка. Яна (праверана) прыносіць палёгку. Праўда, зусім ненадоўга.

Справа ў тым, што, дбаючы пра вонкавую чысціню, мы, як правіла, забываемся пра галоўнае — чысціню думак, слоў, учынкаў. А потым здзіўляемся: «Куды ж падзелася наша жыццёвая энергія?»

Мудрацы нездарма звярталі ўвагу на розніцу паміж паняццямі «задача» і «праблема». Калі ў чалавека ўсё ў парадку з энергіяй, то праблемы, якія ўзнікаюць у яго жыцці, ён бачыць як задачы.

Яны вырашальныя. І вырашаць іх цікава. Калі энергія чалавека вычарпана, то задачы, з якімі ён сутыкаецца, ператвараюцца для яго ў праблемы.

Дык як жа экстранна перад Новым годам аднавіць сваю жыццёвую энергію? Вельмі проста — перастаць траціць яе не на тое.

Што тычыцца мяне, то я вельмі востра адчуваю, як маю пазітыўную энергію паглынаюць негатыўныя эмоцыі. Таму нават гульню прыдумала: як толькі чую не вельмі прыемную навіну, адразу ж, замест таго каб расстроіцца, стараюся знайсці ў ёй пазітыў. Бо, як казала мама мумі-троляў Тувэ Янсан, нават самыя сумныя рэчы перастаюць быць самымі сумнымі, калі адносіцца да іх правільна.

Нядаўна пайшла абедаць. За суседнім столікам дзве жанчыны даволі гучна абгаворвалі трэцюю. І вось, здавалася б, разумею: нельга дрэнна думаць пра іншых. Але часам, асабліва калі ўсе вакол пачынаюць асуджаць кагосьці, па інерцыі таксама ўстаўляю свае пяць капеек. А потым адчуваю сябе знясіленай... Энергіі ні на што болей не хапае.

Найлепшае выйсце ў гэтай сітуацыі — адгарадзіцца ад чутак ды плётак. Як? Ну хоць бы па прыкладзе Сакрата.

— Ведаеш, што мне сказаў пра цябе твой сябар? — спытаў адзін чалавек у філосафа.

— Пачакай, — спыніў яго Сакрат, — прасей спачатку тое, што збіраешся сказаць, праз тры сіты.

— Тры сіты?

— Так, спачатку праз сіта праўды. Ты ўпэўнены, што гэта праўда?

— Не, я проста чуў гэта.

— Значыць, ты не ведаеш, праўда гэта ці не. Цяпер прасей праз другое сіта — сіта дабрыні. Ты хочаш сказаць пра майго сябра нешта добрае?

— Не, наадварот.

— Значыць, — працягваў Сакрат, — ты збіраешся сказаць пра яго штосьці дрэннае, але нават не ўпэўнены ў тым, што гэта праўда. Паспрабуем трэцяе сіта — сіта карысці. Ці так ужо неабходна мне пачуць тое, што ты хочаш расказаць?

— Не, у гэтым няма патрэбы.

— Такім чынам, у тым, што ты хочаш сказаць, няма ні праўды, ні дабрыні, ні карысці. Навошта тады казаць?

Дарэчы, пра словы. Заўважыла, што калі шмат жалюся на свой лёс, таксама адчуваю сябе знясіленай. Таму штодзень вучуся бачыць выключна пазітыўнае не толькі ў кожнай сітуацыі, але і любым чалавеку — нават у тым, які пакрыўдзіў. Мы з мужам нават прыдумалі маленькую традыцыю. Калі ў размове няма ні праўды, ні дабрыні, ні карысці, то хтосьці з нас, адчуваючы гэта, кажа: «А давай памаўчым разам».

Чысты вагон натхніў мяне і яшчэ на адну важную думку. А чаму мы робім чыстку раз на год? Навошта ўсе 12 месяцаў назапашваць непатрэбныя паперкі, рэчы ды негатыўную энергію, калі можна абнаўляцца штодзень?

А яшчэ лепш — пільна сачыць за чысцінёй сваіх паліц, учынкаў, слоў... І, самае галоўнае, думак, з якіх усё пачынаецца. Бо сёння мы знаходзімся менавіта там, куды яны, учорашнія, нас прывялі...

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nadzіeja@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».