20 Верасень, чацвер

Вы тут

Што нельга дарыць дзецям?


Падарункі — гэта заўсёды прыемна. І дзеці іх з нецярпеннем чакаюць, таму трэба, каб чаканне апраўдалася — прэзент спадабаўся. Але не менш важна, каб падораным рэчам былі рады і бацькі, бо малыя яшчэ дакладна не ведаюць, што сапраўды будзе для іх карысна, а што — небяспечна.


Калі нарадзіўся Даня, да нас па чарзе пачалі прыходзіць сваякі, каб наведаць немаўля. Зразумела, усе прыносілі падарункі. Што тут пачалося! Паўзункі, бодзі, распашонкі, гарнітурчыкі, піжамкі, шапачкі, калготкі, камбінезон з курткай на зіму і яшчэ міжсезонны — усё ў такой колькасці, што аднаму не знасіць. Здаецца, можна было б узрадавацца, бо нічога купляць не прыйдзецца. Але, па-першае, адны рэчы былі «на выраст», і калі прыйшоў час іх насіць, яны не падышлі па сезоне. Іншыя аказаліся з сінтэтычнага матэрыялу, што не вельмі добра для малога. Трэція былі непрыгожымі, на мой густ, і нават не хацелася іх апранаць. Па-другое, як мне здаецца, любой маці, тым больш калі нараджаецца першынец, хочацца самой выбіраць дзіцячае адзенне.

Акрамя адзення, пасля гасцей засталася яшчэ цэлая скрынка разнастайных бразготак, мяккіх мядзведзікаў і зайчыкаў.

Напэўна, у адпаведнай сітуацыі былі многія бацькі. І здаецца, першы раз можна на гэта не звяртаць увагі. Але калі на кожнае свята ваша дзіця будзе атрымліваць шмат непатрэбных рэчаў, то гэта пачне раздражняць. Таму тым, хто чарговы раз збіраецца ашчаслівіць дзіця падарункам, лепш дакладна ведаць, што дарыць нельга. Запамінайце:

1. Кітайскі «шырспажыў».

Звычайна гэта танныя, ломкія цацкі са з'едлівым пахам пластмасы. У нашага сына яны звычайна не «пражываюць» і гадзіны, але іх часта купляюць, каб нешта даць малому ў ручкі. У такім выпадку лепш прынесці дзіцяці вязанку надзіманых шароў. Малы будзе ў захапленні.

2. Канструктар з дробнымі дэталямі.

Некаторым бацькам не падабаюцца такія цацкі, бо дзеці раскідваюць іх паўсюль, і ўсе раз-пораз на іх натыкаюцца. Аднак у абарону «дробнага» канструктара трэба сказаць, што ён добра развівае маторыку, фантазію, мысленне. Таму карысці ад яго ўсё ж больш. Выйсце ёсць! Напрыклад, я прывучыла сына гуляць з маленькімі дэталямі ў адным месцы, а не насіць па ўсім доме. Да таго ж канструктар мы захоўваем у скрынцы з невялікімі борцікамі. Малому зручна гуляць у ёй (не трэба высыпаць на падлогу ўвесь канструктар), і дэталі не раскідваюцца.

3. Занадта шумныя цацкі.

Дзеці іх любяць, а дарослыя хутка стамляюцца ад павышанага ўзроўню шуму. Нам аднойчы падарылі матацыкл, які роў амаль як сапраўдны. Каб уключыць, трэба было выняць спецыяльную пласцінку, а каб выключыць — уставіць назад. Так сталася, што пласцінка згубілася, і мы нічога не маглі зрабіць, каб гэты «байк» замаўчаў. Потым уставілі палоску кардону так далёка, каб выняць яе ўжо было немагчыма.

Усе танкі, аўтаматы, якія мільгацяць або выдаюць рэзкія гукі, — занадта агрэсіўныя для дзіцячай псіхікі. А зусім малых могуць напалохаць. Напрыклад, наш Даня, калі яму быў годзік, расплакаўся, пачуўшы, як прыгожы ружовы мядзведзік заспяваў вясёлую дзіцячую песню.

4. Забаўкі не па ўзросце.

Асабліва сумна, калі гэта яшчэ і добрыя, якасныя цацкі. Хросны бацька нашага сына на два гады падарыў яму машыну з пультам кіравання. Зразумела, што ў гэтым узросце малы не разумеў, як ёю кіраваць, і наўгад ціснуў на рычаг. Ад падарунка не толькі не было карысці, але і псаваліся вуглы мэблі, калі машына ўразалася ў іх на вялікай хуткасці. Выйсце было адно: схаваць забаву да лепшых часоў, што я і зрабіла.

Недарэмна на цацках указаны ўзрост дзіцяці. Арыентуйцеся на гэта пры выбары рэчаў. І тады малы сапраўды атрымае максімум карысці.

5. Адзенне.

Няякаснае, вельмі яркіх колераў, з сінтэтычных матэрыялаў — нікому не даспадобы. Лепш не рызыкуйце, бо можаце не ўгадаць з памерам, і кофтачка акажацца маленькай. Занадта навырост таксама нельга купляць, вопратку — бацькі пакладуць на паліцу і могуць пра яе забыць. Да таго ж, мама часта падбірае адзенне па стылі, колеры, а вы не ведаеце яе густ.

Бабуля падарыла Даню сінюю піжаму ў выглядзе касцюма «чалавека-павука», да таго ж яна была пухнатая і поўнасцю з акрылу. Рэч доўгі час праляжала ў шафе. Сёння Даня часам просіць надзець яе, калі мы ў вёсцы распальваем вогнішча або ходзім у лес.

6. Прэзенты, да якіх трэба дадаткова нешта купляць.

Напрыклад, аўтадром «Шчанячы патруль» не будзе радаваць малога, пакуль бацькі не купяць усіх герояў з адпаведнага мульціка. А каштуюць яны дорага.

На 3 гады Даню падарылі паравоз. Ён выглядаў, як паменшаная копія сапраўднага, ездзіў па вялікай чыгунцы, пыхкаў, а з трубы ішла пара. Сын, зразумела, быў вельмі ўражаны. Але батарэек хапіла ўсяго на адзін вечар, а каштавалі яны зусім не танна (патрэбны былі спецыяльныя, вялікіх памераў). Карацей, цацка аказалася дарагой.

7. Небяспечныя шабля, меч, нож, пісталет...

...таксама выклікаюць крытыку бацькоў. Гуляючы з імі, дзеці могуць параніцца або сапсаваць нешта. А гэта можа пакінуць негатыўныя ўражанні ад падарунка.

8. Мяккая цацка вялікіх памераў.

Сучасных дзяцей гэтыя «грамілы» ўвогуле мала цікавяць, да таго ж двухметровы заяц зойме занадта шмат месца ў кватэры, а з гадамі ператворыцца ў вялікі пылазборнік. Дарэмная трата грошай.

9. Салодкі падарунак.

Калі малы бачыць вялікую колькасць цукерак у прыгожых абгортках, для яго гэта значыць толькі адно — ён можа іх з'есці. Калі не за раз, то за два. Самае бяспечнае, чым усё можа скончыцца, — дыятэз. Да таго ж мама, зразумела, паспрабуе адабраць гэтую спакусу, і малы ўзніме крык — настрой будзе сапсаваны. Каб пазбегнуць такой сітуацыі, запомніце агульнае правіла: усё, што можна з'есці, трэба аддаць не дзіцяці, а бацькам, бо яны лепш ведаюць, што можна малому, а што — не, і калі лепш даць яму паласавацца. Зразумела, аддаваць прысмакі трэба не пры дзіцяці.

10. Грошы.

Дарыць іх могуць хіба што бацькі або бабулі-дзядулі. Многія дарослыя ўвогуле супраць, каб у дзяцей былі грошы, бо тыя не змогуць імі правільна распарадзіцца. Калі грошы вы аддасце бацькам (маўляй, няхай купяць, што трэба), то дзіця адчуе, што ўвогуле не атрымала ніякага падарунка. У такім разе трэба нечым парадаваць і малога — уручыце яму цікавую кніжку з добрымі ілюстрацыямі.

І нарэшце, калі вы хочаце, каб падарунак сапраўды спадабаўся, лепш парайцеся з бацькамі. Яны падкажуць, аб чым дзіця марыць, чым захапляецца, ад чаго будзе пад вялікім уражаннем.

Яна ЛЫЧКОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: «Каб падарунку быў я рады, у бацькоў спытай парады!»

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Чым здзіўлялі арганізатары Фестывалю навукі?

Толькі Ньютан і толькі хардкор! 

Культура

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Новы музей і вулічны гадзіннік цяпер ёсць у Дуброўне

Іх стварылі ў гонар прадпрыемстваў, якія паспяхова функцыянавалі ў дарэвалюцыйны час.

Грамадства

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага ідзе нежартоўная

Не выяўлены гіганцкі баршчэўнік пакуль толькі ў Брагінскім, Нараўлянскім і Лельчыцкім раёнах Гомельшчыны.

Грамадства

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Якім чынам можа праяўляцца адзінота?

Адзінота і асабліва адзінота ў сям'і — рэальная прыкмета нашага часу.