Вы тут

Нашы прадпрыемствы пакутуюць ад памылак суседскіх кантралёраў


Неадпаведнасці ў беларускай прадукцыі, што выяўляюцца, — прамое следства парушэнняў «Рассельгаснагляду» пры адборы проб. Пра гэта заявіў БЕЛТА начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Аляксей Багданаў.


Ён растлумачыў, што перыяд ад адбору проб прадукцыі да правядзення даследавання рэгламентаваны адпаведнымі нарматывамі, якія «Рассельгаснагляд» ігнаруе. «Мы па пратаколах «Рассельгаснагляду» бачым, што ад адбору проб да дастаўкі іх у лабараторыі праходзіць ад 3 да 11 дзён. Хоць на дастаўку проб мяса астуджанай курыцы да лабараторыі, напрыклад, павінна адводзіцца 6 гадзін. А ў цэлым тэрмін прыдатнасці для рэалізацыі астуджанага мяса птушак складае 5 сутак. Таму пры такіх парушэннях ва ўжо сапсаваных спецыялістамі «Рассельгаснагляду» пробах можна не толькі лістэр знайсці, але і ўсё, што пажадаеце», — абурыўся прадстаўнік Мінсельгасхарча.

Аляксей Багданаў нагадаў, што заканадаўства ЕАЭС прадугледжвае правядзенне адбору проб на прадпрыемствах-вытворцах альбо ў пункце выгрузкі тавару. «Але ні ў якім разе не пры перавозцы або ў пунктах продажу тавараў. Таму што ў такіх выпадках вытворца адказнасці за тавар не нясе — ён не ведае пра ўмовы перавозкі, захоўвання прадуктаў», — сказаў Аляксей Багданаў. У гэтай сувязі начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча асабліва падкрэсліў, што менавіта парушэнні рэгламентаў пры працэдурах адбору проб беларускай прадукцыі, захоўвання і транспарціроўкі проб прадстаўнікамі «Рассельгаснагляду» прыводзяць да таго, што яны знаходзяць у беларускіх прадуктах якія-небудзь неадпаведнасці.

Прадстаўнік Мінсельгасхарча пракаментаваў сітуацыю з закрыццём некаторых беларускіх прадпрыемстваў. Прычына таму — падробкі беларускай прадукцыі на расійскім рынку, адносін да якіх нашы кампаніі не маюць. «На расійскім рынку вельмі шмат парушэнняў з пункту гледжання фальсіфікату. Напрыклад, у рэгіёнах Расіі на складзе або паліцы крамы бярэцца проба прадукцыі аднаго з беларускіх малочных заводаў. Выяўляецца нібыта неадпаведнасць па тлушчавым або бялковым балансе, па іншых параметрах. Потым выстаўляецца прэтэнзія з боку Расіі, і беларускае прадпрыемства закрываецца. Пры правядзенні разбору аказваецца, што прадукцыя — фальсіфікат: выраблена ў Расіі на падпольным заводзе пад маркай «Зроблена ў Беларусі». Абсалютна невінаватае беларускае прадпрыемства закрываецца «Рассельгаснаглядам». Прычым тут Беларусь, наогул незразумела!» — заўважыў Аляксей Багданаў, назваўшы пазіцыю «Рассельгаснагляду» прадузятай у адносінах да беларускіх прадуктаў харчавання. Пры гэтым ён падкрэсліў: «Мы не супраць кантролю, але давайце гэта рабіць у рамках рэгламентаў і законаў, якія мы разам прымалі на агульнай пляцоўцы ЕАЭС».

У цэлым адносна аб'ёму экспарту прадукцыі арганізацый Мінсельгасхарча начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці ведамства інфармаваў, што за 10 месяцаў гэтага года ён склаў $1 млрд 866 млн — 98,5% да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года. Пры гэтым у агульным аб'ёме экспарту на долю паставак у Расію прыпадае 94%. У студзені—кастрычніку ў расійскія рэгіёны адгружана прадукцыі на суму $1 млрд 764 млн (98,9% да ўзроўню студзеня—кастрычніка 2015 года). Экспарт мяса птушкі ў натуральным выражэнні ў студзені—кастрычніку павялічыўся на 7,6%, каўбасных вырабаў — на 65%, вырабаў з мяса — на 26%, сыроў і тварагу — на 16,2%, сухой сыроваткі і канцэнтратаў — на 11%, мукі — у 4 разы.

«Па прагнозах, тэмп росту аб'ёму экспарту па выніках года складзе не менш за 100% да ўзроўню мінулага года», — адзначыў суразмоўца, удакладніўшы пры гэтым, што, нягледзячы на высокі рост аб'ёмаў паставак у натуральным выражэнні, адзначаецца нізкі ўзровень коштаў да ўзроўню мінулага года. Аляксей Багданаў таксама сказаў, што Мінсельгасхарч актыўна працуе над дыверсіфікацыяй беларускага экспарту: у студзені—кастрычніку гэтага года арганізацыі ведамства пастаўлялі прадукцыю на рынкі 58 краін свету супраць 51 краіны за аналагічны леташні перыяд.

Загаловак у газеце: Калі праверка — няправільная

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.