Вы тут

Хронікі падталага лёду


Калі трагедыя з выпуску навін становіцца рэальнай бядой.


Любая трагедыя, любая бяда, нават самая страшная, калі пра яе проста пачута або прачытана ў навінах, уражвае нямоцна і ненадоўга. Такая ўжо асаблівасць чалавечага ўспрымання: калі няшчасце адбылося з нейкімі людзьмі, якіх ты ніколі не бачыў і не ведаў, у мясцінах, дзе ты ніколі не быў, ты і думаеш пра яго абстрактна, нібы чытаеш нейкі твор з не вельмі вясёлым сюжэтам. Так, перажываеш, спачуваеш, нават праслязішся часам, але менавіта ў той момант, калі радкі, што выклікалі гэтыя пачуцці, перад вачыма. Пасля перагортваецца старонка — і ўжо, услед за сюжэтам, новыя ўражанні, гэткія самыя моцныя, але імгненныя і павярхоўныя, якія ўсе разам тут жа забываюцца, як толькі кніга прачытана ці проста адкладзена на нейкі час.

Так было і са страшнымі лічбамі мінулай, не па-снежаньску адліжнай, цёплай суботы, якія перадавалі на працягу выхадных у кожным выпуску навін. За адзін дзень на тонкім лёдзе ў розных кутках краіны патанулі васямнаццаць чалавек. З іх на Міншчыне — шэсць... Паслухалі, паўздыхалі, паспачувалі, пагаварылі пра людскую ці то дурасць, ці то шал, якія гоняць гора-рыбакоў на не тое што тонкі — прывідны лёд, сумна пажартавалі, што з-за колькасці ахвяр гэтай дурасці можна было б аб'яўляць нацыянальную жалобу. Абмеркавалі нават па тэлефоне з братам, заўзятым рыбаловам, што ж такое невядомае кожную адлігу прымушае дзясяткі людзей рызыкаваць жыццём. («Каб вы ведалі, як у гэты час добра клюе!» — коратка так сказаў, але нейкія падазроныя захопленыя ноткі загучалі ў голасе, і стала трывожна ўжо за яго...)

Пасля ў навінах былі яшчэ паведамленні пра аварыі на дарогах, пра нейкія іншыя здарэнні, і невядомыя загінулыя ў ледзяной вадзе той адліжнай суботы мужчыны адышлі на другі план, як героі ўжо прачытанага, абмеркаванага і амаль забытага не вельмі вясёлага апавядання.

А ў панядзелак усё раптоўна змянілася. Бо аказалася, што двое з той страшнай статыстыкі суботы — ахвяры нашага, валмянскага, возера. І раптам зусім абстрактны сюжэт ажыў ва ўяўленні, напоўніўся дэталямі і фарбамі, і бяда стала блізкай і цалкам рэальнай, і гэта адчуванне спрычыненасці, далучанасці да яе — таксама балюча-рэальнае.

І ўжо не ўяўляеш, а нібыта бачыш сваімі вачыма, як гэтыя маладыя хлопцы (аднаму 27, другому — 29) прыехалі на выхадныя на лецішча ў Мянькі. Разам з імі ўжо каторы раз праязджаеш па гэтай невялікай ціхай вёсачцы, праз якую праходзіць шлях на Ракаў, дзе пасівелыя ад старасці тоўстыя камлі вялізных бяроз строга пільнуюць па баках вузкую вуліцу, дзе ля ганка даўно закінутага магазіна кожны год цвітуць гашты ў кветніку, дзе лес пачынаецца проста за агародамі. (І пастаянна пакутліва думаеш, што ўсю гэту сціплую ўтульнасць хлопцы бачылі апошні раз...) Не адстаючы ад іх (ты ўжо да іх паняволі прыкаваны да самага апошняга кроку), рухаешся на машыне ў бок Волмы, да таго самага такога прывабнага возера, дзе заўжды поўна рыбакоў. І ўжо хочацца спыніць іх, сказаць тое, чаго, магчыма, яны, людзі немясцовыя, не ведаюць. Што ніякае гэта не возера, што якраз тут зліваюцца дзве нястомныя безыменныя рачулкі, і ўжо адна, большая, перагароджаная дамбай, і ўтварае вадаём. Што пад тонкім, ненадзейным лёдам, які і без таго вельмі небяспечны, вада не стаячая, не застылая, яна жывая, яна пастаянна рухаецца наперад, каб, абрынуўшыся ў чэрава дамбы, працягнуць свой шлях на захад — да Нёмана. Што нават сярод зімы, у лютыя маразы, тут нельга хадзіць не асцерагаючыся. Што літаральна за некалькі метраў ад берага тут глыбіня ў два чалавечыя росты, а яшчэ віры і ямы паўсюль...

Ды толькі позна — хлопцы ўжо на лёдзе. І вось правальваецца ў ваду адзін, за ім — другі.

Яны боўтаюцца ў той смяротнай палонцы, клічуць на дапамогу. І вось ужо малады мужчына, што апынуўся побач, — не абстрактны герой, а рэальны Сашка, брат тваёй аднакласніцы, малодшы за вас на год, кідаецца ратаваць тапельцаў. Правальваецца ў ледзяную ваду сам і застаецца жывы цудам — яго выцягвае аднавясковец... Страшная навіна вельмі хутка разлятаецца па ўсіх вуліцах вялікай вёскі. Даходзіць і да Дзяржынска, і да Мінска, становіцца часткай хронікі няшчасных выпадкаў. Гісторыя скончана. Сюжэт канчатковы і змяненню не падлягае.

Але ёсць яшчэ пасляслоўе, якое ў зводкі навін не трапіла. У хлопцаў, што патанулі, засталіся маладыя ўдовы і маленькія дзеці — у аднаго хлопчык, у другога — дзяўчынка. Чалавек, які спрабаваў іх выратаваць, трапіў у рэанімацыю, і яго сям'я жыве цяпер толькі адным — абы выкараскаўся, абы паправіўся...

...І гэта гісторыя толькі дваіх з васямнаццаці, што загінулі ў адзін дзень і па адной прычыне. І пра кожнага з іх хтосьці, хто адчувае сябе далучаным, хто адчуў і перажыў, бо ведае герояў або месца дзеяння, можа напісаць нешта падобнае. А калі дадаць усе падобныя выпадкі толькі адной зімы — цэлая хроніка атрымаецца.

Спытаць бы яшчэ ў галоўных дзеючых асоб гэтай хронікі, ці паехалі б яны на тую апошнюю сваю рыбалку (гэта быў, як аказалася, галоўны ў іх жыцці выбар), калі б тая субота вярнулася з часу прошлага ў цяперашні. Але ж яны не адкажуць — з таго свету гэта ў прынцыпе немагчыма.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.