Вы тут

Воўчая зграя тэрарызуе вёску ў Кобрынскім раёне


Некалькі месяцаў таму ў кобрынскіх вёсках Павіцце, Лелікава і суседніх з імі, што размешчаны на мяжы з Украінай, страху нарабіў зубр, які вольна гуляў ды прыбіваўся да розных статкаў кароў. А тут новая, яшчэ большая навала — ваўкі ў прамым сэнсе атакуюць вёску. Раніцай і вечарам у Павіцце павадзіліся хадзіць ваўкі. Ахвярамі драпежнікаў становяцца сабакі.


Шэрыя нападаюць на вясковых дварнякоў і загрызаюць іх. Расказваюць, што ваўкі забілі каля паўтара дзясятка сабак.

— Нашы людзі бачылі іх ужо ў сваіх дварах — расказвае кіраўнік справамі Павіццеўскага сельскага Савета Святлана МІЛАШЭЎСКАЯ. — Нават прачнуцца ранкам і ўбачыць воўчыя сляды каля парога — уяўляеце, які гэта страх? У нас аўтобусны прыпынак знаходзіцца побач з могілкамі, якія амаль злучаюцца з лясным масівам. Цяпер і на прыпынку раніцай стаяць, самі разумееце, не вельмі камфортна. Пасля першых воўчых распраў над сабакамі дзеці сталі баяцца хадзіць у школу, работнікі сельгаспрадпрыемства — на працу, таму найперш былі прынятыя меры па абароне людзей. Як вучняў у школу, так і мясцовых калгаснікаў возіць транспарт прадпрыемства «Сельгас-Павіцце».

Такое становішча доўжыцца не адзін тыдзень. А ў вёсцы пражывае не менш чым сямёра паляўнічых. Здавалася б: стрэльбы ў рукі — і наперад. Аказалася, што ёсць шмат бюракратычных перашкод у справе знішчэння ваўкоў. Мясцовыя паляўнічыя ўгоддзі знаходзяцца ў арэндзе ў брэсцкага прадпрымальніка. Значыць, вясковыя паляўнічыя, іх калегі з раённага таварыства не могуць арганізоўваць адстрэл самастойна. Лес вакол Павіцця ўваходзіць у памежную зону. Таму страляць у лесе наогул нельга без суправаджэння пагранічнікаў. Пакуль усе службы ўзгадняюць паміж сабой фармальнасці, ваўкі карыстаюцца сітуацыяй і паводзяць сябе зусім нахабна.

Праўда, у апошнія дні да вырашэння праблемы падключыліся ўсе службы. Сітуацыю ўзяў на кантроль старшыня Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Зазуля. Арандатар паляўнічых угоддзяў выехаў на месца і падключыў паляўнічых.

Паводле інфармацыі кіраўніка справамі сельвыканкама, ноччу 15 снежня на ваўкоў была арганізаваная засада. У рэйдавай групе, акрамя прафесіяналаў, былі таксама кіраўнік сельгаспрадпрыемства, старшыня сельскага Савета і дырэктар школы. Аб'язджалі вёску некалькі разоў, але ваўкі — драпежнікі разумныя, яны нейкім чынам адчуваючы небяспеку, у тую ноч да вёскі не выйшлі.

Дырэктар Павіццеўскай школы Аляксандр РАДКОВІЧ сказаў, што некалькі папярэдніх дзён абстаноўка ў населеным пункце сапраўды была напружанай. Бывала, што бацькі не адпускалі дзяцей зранку, а прыводзілі вучняў самі толькі на другі ўрок. Цяпер, паводле слоў дырэктара, калі вёску фактычна ахоўваюць паляўнічыя, стала больш камфортна.

— У нашай школе знаходзяцца 174 вучні і 28 выхаванцаў дзіцячага садка. І вядома, калектыў школы асабліва зацікаўлены ў спакоі і стабільнасці. Спадзяёмся, што ўсім зацікаўленым службам удасца справіцца з гэтай праблемай, калі не знішчыць воўчую зграю, дык хоць напалохаць шэрых так, каб яны больш не хадзілі ў вёску, — сказаў кіраўнік установы адукацыі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Ваўкі ў Павіцці

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.