Вы тут

У Мінску адкрыта выстава, героямі якой сталі людзі з інваліднасцю


Мікалаю Вовк 19 гадоў. Ён стаў другім чалавекам з сіндромам Дауна ў калектыве гатэля “Рэнесанс Мінск”. Больш за год юнак працуе ў пральні гатэля і атрымлівае такі ж заробак, як і іншыя работнікі. Мама Колі ўпэўнена: інтэграцыя людзей з інваліднасцю ў грамадстве магчыма, калі наймальнік будзе глядзець на магчымасці чалавека, а не на яго асаблівасці.


Гэта адна з гісторый, прадстаўленых на фотавыставе “Даступнае асяроддзе”. У мінскай галерэі “Дом карцін” можна пабачыць 14 шведскіх і 14 беларускіх партрэтаў дзяцей, падлеткаў і дарослых з інваліднасцю, якія, нягледзячы на перашкоды, стараюцца жыць паўнацэнна і дабівацца сваіх мэтаў. Сярод герояў -- уладальнік афтальмалагічнага цэнтра, чэмпіёнка свету па бальных танцах, рэжысёр тэатра.

Выстава арганізавана Фондам ААН у галіне народанасельніцтва і Шведскім інстытутам у супрацоўніцтве з іншымі агенцтвамі ААН.

- Мы бачылі гэты праект у Швецыі. Нам спадабаўся падыход, і мы вырашылі зрабіць падобнае пра гісторыі беларусаў, -- расказвае намеснік прадстаўніка ЮНФПА ў Беларусі Алена КАСЬКО. -- Выстава паказвалася ўжо ў некалькіх гарадах. Многія калегі з рэгіянальных інстытутаў пыталі, ці можна прывезці яе да іх. Таму ў нас вялікія планы.

У галерэі прадстаўлены таксама прадметы, распрацаваныя шведскімі дызайнерамі, якія робяць жыццё больш зручным. Гэтыя вырабы карысны і для інвалідаў, і для пажылых людзей. Напрыклад, супрацьслізготная абарона на абутак, што не дасць упасці ў галалёд. Шчыпцы, з дапамогай якіх можна падняць газету з падлогі ці адкрыць кансервавую банку. Гульнявое поле з паглыбленнямі для фішак, каб далучыцца да гульні маглі людзі з аслабленым зрокам.

- Многія не задумваюцца над простымі рэчамі: як прачытаць анкету, сесці ў аўтобус, купіць малако. Але побач з намі ёсць тыя, ад каго нават гэтыя дзеянні патрабуюць вялікіх высілкаў. Тое, колькі перашкод будзе на шляху тых людзей, залежыць ад усіх нас. У любой краіне мы павінны мець у роўнай ступені магчымасці быць уключанымі ў жыццё грамадства, рэалізаваць закладзены ў нас патэнцыял, захаваць пачуццё ўласнай годнасці. Часта мы ігнаруем праблемы, бо прасцей іх не бачыць. А для людзей з інваліднасцю гэта можа стаць яшчэ адным маральным бар’ерам. Загаварыць адкрыта аб праблеме -- важны крок на шляху да стварэння грамадства роўных магчымасцяў, -- адзначыў на адкрыцці выставы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Каралеўства Швецыі ў Беларусі Марцін ОБЕРГ.

Выстава будзе працаваць да 22 снежня ў галерэі “Дом карцін” (праспект Пераможцаў, 89). Уваход бясплатны. Апісанне фотаработ дубліравана шрыфтам Брайля.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.