Вы тут

Ваенныя хронікі маёй сям'і


У большасці з нас знойдзецца свая гісторыя пра сваяка — удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, якую можна расказваць у якасці легенды. Прайшлі праз пекла вайны і мае прабабулі, прадзядулі. На шчасце, усе яны вярнуліся дамоў, але кожнаму з іх вайна нанесла глыбокія псіхалагічныя траўмы.


Мая пра­ба­бу­ля Ма­рыя Іг­наць­еў­на.

Маёй прабабулі, Марыі Ігнацьеўне, — 90 гадоў. У пачатку вайны ёй было ўсяго пятнаццаць! У свае пятнаццаць я нават думаць баюся пра тое, што можа здарыцца падобнае. Прабабуля не можа без слёз успамінаць што-небудзь з таго часу. І яе можна зразумець: кожны раз, калі гаворыць пра вайну, быццам перажывае ўсё зноўку.

Жылі мае сваякі ў невялікай вёсачцы ў Лагойскім раёне. У адзін з асенніх дзён у вёску прыехалі карнікі. Вясковага доктара, які дапамагаў параненым салдатам і партызанам, а таксама ўсіх яго сваякоў, было загадана завесці ў хлеў і спаліць. І да вялікага жаху, мая прабабуля была пляменніцай гэтага лекара. Фашысты былі настолькі бесчалавечнымі, што сагналі ў той хлеў не толькі сям'ю доктара, але і ўсіх безабаронных людзей, якія трапіліся ім на шляху.

Мая прабабуля аказалася там са сваёй сяброўкай. Па яе словах, людзей у хляве было вельмі шмат, усе стаялі блізка адзін да аднаго, не маглі нават паварушыцца. Шанцаў на выратаванне было мала. Але бабуля Маша ўсё ж заўважыла ў сцяне хлява невялікую дзірку, у якую можна было пралезці. Але як гэта зрабіць непрыкметна? Вакол жа стаяць немцы! Вылезеш — расстраляюць. Любая спроба ўцячы здавалася немагчымай і абсалютна бессэнсоўнай. Але, калі хлеў пачаў гарэць, учынкамі людзей кіраваў выключна страх смерці. А жыць хацелася ўсім...

Маёй прабабулі ўдалося вылезці праз гэтую адтуліну. Магчыма, з-за маленькага росту і сваёй хударлявасці яна засталася не заўважанай карнікамі і схавалася ў лесе. Здаецца, вось яно — шчасце. Толькі бабуля Маша і дагэтуль плача, што не змагла выратаваць сваю сяброўку, кагосьці яшчэ.

Падчас вайны прабабуля дапамагала партызанам. Пераадольваючы за дзень па 20 і больш кіламетраў, перадавала ім ежу, вопратку, іншыя неабходныя рэчы. Лёс быў добразычлівым да яе: бабулі пашчасціла не трапіць у канцлагер. Аднак гітлераўцы прымушалі дзяцей і падлеткаў да фізічнай працы. Бабуля Маша, напрыклад, доўгі час высякала лес, які адпраўлялі ў Нямеччыну.

...Адзін з маіх прадзедаў, Уладзімір Герасімовіч, служыў у танкавых войсках, дайшоў да Германіі. На гэтым нялёгкім шляху знішчыў мноства варожай тэхнікі. Іншы прадзед, Філіп Дарафеевіч, будучы машыністам санітарнага цягніка, перавозіў параненых салдат. Прабабуля Ганна Максімаўна ў гэтым жа цягніку працавала медсястрой, выратавала не адно жыццё.

І гэта толькі гісторыя маёй сям'і. А іх, закранутых Вялікай Айчыннай вайной, было шмат. Як і загубленых лёсаў.

Дарыя ГАЛОЎЧЫЦ, вучаніца 10 класа СШ № 54 г. Мінска

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».