Вы тут

У Магілёве прэзентавалі першую фотаанталогію, прысвечаную гораду


Падзея адбылася ў сценах абласнога краязнаўчага музея імя Еўдакіма Раманава і стала адным з шэрагу мерапрыемстваў да 150-годдзя гэтай установы. Стваральнікі фотаальбома — вядомыя магілёўскія майстры, удзельнікі і пераможцы міжнародных конкурсаў Ірына Савосіна, Аляксандр Ліцін, Генадзь Карчэўскі, Анатоль Талкачоў. Іх калектыўная работа стала добрым дадаткам да таго ўнікальнага музейнага фотафонду, які налічвае каля 18 тысяч экспанатаў. Такі глыбокі аналіз фотамастацтва ў межах аднаго горада наогул быў зроблены ўпершыню.


Ства­раль­ні­кі «Ма­гі­лёў­ска­га фо­та­аль­бо­ма. 1864—2000» Ана­толь Талкачоў, Іры­на Савосіна, Аляк­сандр Ліцін і Ге­надзь Карчэўскі.

У анталогію «Магілёўскі фотаальбом. 1864—2000» увайшло больш як 700 фота, складзена партфоліа 58 магілёўскіх майстроў з іх біяграфіямі і фотаздымкамі, згадваецца больш за сотню імёнаў. Ірына Савосіна і Аляксандр Ліцін напісалі гістарычны нарыс пра развіццё фотасправы ў родным горадзе.

Падчас прэзентацыі аўтары расказалі, што новага і цікавага было знойдзена за некалькі год іх працы над кнігай. Захопленыя справай, яны не абмяжоўваліся архівамі музея, збіралі каштоўны матэрыял у сямейных альбомах старажылаў. Адкрыццяў зроблена нямала, бо фотакартак дарэвалюцыйных часоў і першай паловы XX стагоддзя наогул захавалася няшмат, тым больш раней невядомых. Ірына Савосіна ўзгадала неверагодны выпадак, калі з альбома адной магіляўчанкі выпала фота перыяду акупацыі Магілёва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Знаходка надзвычай рэдкая, улічваючы тое, што адзінымі на той момант, хто мог фатаграфаваць вуліцы горада, былі немцы. І існаванне фота — прыклад сапраўднай мужнасці магілёўскага патрыёта, які не пабаяўся зрабіць яго.

Старыя фота вяртаюць у зусім не пазнавальныя куточкі Магілёва, дэманструюць, на жаль, страчаныя ўнікальныя будынкі. Сёння гэта адзіны шанц пабачыць іх і захапіцца. Нават сама кніга знешне нагадвае сямейны фотаальбом.

«Спачатку была думка абмежавацца апошняй чвэрцю мінулага стагоддзя, калі ў краіне назіраўся росквіт мастацкага фота, — кажа Ірына Савосіна. — Але тое, што атрымалася знайсці, падштурхнула нас адысці ад першапачатковага плана. Гэта ж такі скарб, якім нельга было не падзяліцца. Вельмі ўдзячны музеям, прыватным калекцыянерам і ўсім, хто даў магчымасць зазірнуць у свой сямейны альбом. Дзякуючы ім, белых плям у гісторыі фота Магілёва стала менш».

Шыкоўны фотаальбом аб'ёмам болей 400 старонак сёння прадаецца ў кніжных крамах і кіёсках Саюздруку Магілёва. І хаця кошт кнігі немалы, яна не залежваецца на прылаўках. Дарэчы, «Звязда» ў пачатку года пісала пра сігнальны асобнік гэтага альбома і разам з аўтарамі кнігі звярталася да магіляўчан з просьбай дапамагчы сабраць сродкі для яго выдання. Так што можна лічыць, што наша газета зрабіла свой унёсак у карысную справу. Аўтары не збіраюцца абмяжоўвацца адной кнігай. Матэрыялу хопіць яшчэ не на адзін том. На прэзентацыі прагучала ідэя зрабіць чарговы альбом з эсэ «Горад, якога няма» і здымкамі Магілёва 1980-х гадоў. Прыемна было пачуць і тое, што прэзентаванае выданне ўжо пачало папулярызаваць магілёўскае фотамастацтва за мяжой. Зусім нядаўна кніга прыняла ўдзел у фестывалі еўрапейскай фатаграфіі ў Браціславе. Арганізатары прэстыжнага фотафоруму адзначылі высокі ўзровень выдання.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Загаловак у газеце: Гартаючы сямейны альбом

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».