Вы тут

Сакрэты працы войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны


Калі амаль стагоддзе таму ствараліся войскі радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны, ніхто нават падумаць не мог, што такі від абароны будзе надзвычай актуальны ў XXІ стагоддзі. Прычым не толькі ў ваенны, а, як паказала чарнобыльская трагедыя, і ў мірны час.


Ад­бор і ідэн­ты­фі­ка­цыя бія­ла­гіч­ных аген­таў.

Сёння, каб знішчыць чалавека або нават цэлы горад, няма неабходнасці націскаць на курок або прыводзіць у боегатоўнасць сістэму залпавага агню. Каб абараніць насельніцтва ад зброі масавага паражэння — радыяцыі, ядавітых рэчываў і вірусаў — руку на пульсе трымаюць спецыялісты войск радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны.

Пабываўшы ў 106-м разлікова-аналітычным цэнтры гэтых войск, карэспандэнты «Звязды» даведаліся, якім чынам прадухіляецца нябачная для звычайнага чалавека небяспека.

На кантролі

У 106-м разлікова-аналітычным цэнтры служаць выпускнікі ваеннага факультэта БДУ, Ваеннай акадэміі радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны імя маршала Цімашэнкі, што ў Кастраме. Вышэйшая адукацыя — мінімум, што патрэбна для таго, каб заступіць на кругласутачнае дзяжурства.

Цэнтр прызначаны для ажыццяўлення збору, апрацоўкі, аналізу інфармацыі аб радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абстаноўцы ў сістэме выяўлення ацэнкі маштабаў і наступстваў аварый на небяспечных аб'ектах, прымянення праціўнікам зброі масавага паражэння.

— Акрамя маніторынгу РХБ абстаноўкі на тэрыторыі Беларусі і паблізу яе межаў, спецыялістамі цэнтра ажыццяўляецца збор даных аб радыяцыйным, хімічным і біялагічным становішчы за мяжой, — удакладняе начальнік 106-га разлікова-аналітычнага цэнтра войск радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны падпалкоўнік Сяргей КУЗНЯЦОЎ. — Змены РХБ абстаноўкі, якія адбываліся ў апошні час, — распаўсюджванне ліхаманкі Эбала на афрыканскім кантыненце, падзеі на тэрыторыі Украіны, прымяненне баевікамі на тэрыторыі Сірыі і Ірака хімічнай зброі, успышкі сібірскай язвы, зафіксаваныя ў Расійскай Федэрацыі, — былі на асаблівым кантролі.

Экалогія — у прыярытэце

Задачы ў галіне аховы навакольнага асяроддзя рэалізуюцца і ва Узброеных Сілах. Не выпадкова ў цэнтры створаны аддзел экалогіі і радыяцыйнай бяспекі. Асабовы склад на базе рухомай лабараторыі радыяцыйнага і экалагічнага кантролю забяспечаны прыборамі радыяцыйнай разведкі і кантролю, хімічнай і біялагічнай разведкі. Калі на тэрыторыі воінскай часці адбываецца здарэнне з удзелам радыяцыйнага, хімічнага або біялагічнага складніка, загадчык лабараторыі выязджае са спецыялістамі на месца, дзе праводзіць аналіз, адбор пробаў, пасля чаго адпраўляе ў адпаведныя санітарна-эпідэміялагічныя цэнтры або лабараторыі. Пры неабходнасці праводзіць дэзынфекцыю або дэзактывацыю. Дарэчы, прыборы, якія вызначаюць радыяцыю, у асноўным беларускай вытворчасці. Яны добра сябе зарэкамендавалі ў пошуку і выяўленні небяспечных зон.

Радыяцыйная бяспека

Спецыялісты 106-га разлікова-аналітычнага цэнтра актыўна ўзаемадзейнічаюць з Рэспубліканскім цэнтрам кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі МНС, а таксама з Рэспубліканскім цэнтрам па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.

Аб'яднаная сістэма радыяцыйнага маніторынгу забяспечвае перадачу інфармацыі аб дзвюх спыненых каля нашых межаў атамных электрастанцыях (Чарнобыльскай і Ігналінскай) і дзейнічаючых (Смаленскай і Ровенскай). Адпаведныя датчыкі, якія знаходзяцца на тэрыторыі нашай краіны, у рэжыме рэальнага часу адсочваюць абстаноўку. Калі будзе назірацца перамяшчэнне радыеактыўных элементаў у бок ваенных аб'ектаў, ваеннаслужачыя павінны прадугледзець апавяшчэнне аб абароне асабовага складу і насельніцтва, якое знаходзіцца ў раёнах размяшчэння вайсковых часцей.

— Ні адна з заглушаных атамных станцый на дадзены момант ніякай пагрозы не нясе, — гаворыць Сяргей Кузняцоў. — Небяспеку ўяўляюць толькі тыя тэрыторыі, якія, згодна з пастановай Савета Міністраў, з'яўляюцца забруджанымі. Як вядома, гэтыя тэрыторыі аднесены да зон адчужэння і знаходзяцца на кантролі ў дзяржавы.

Ужо вядзецца збор і апрацоўка даных па Беларускай атамнай электрастанцыі. Дзякуючы спецыяльным датчыкам вайсковыя часці будуць забяспечаны інфармацыяй аб радыяцыйным фоне каля сваіх межаў. А гэта значыць, што бяспека краіны — пад кантролем.

Вераніка КАНЮТА

Загаловак у газеце: Выявіць нябачнага ворага

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?