Вы тут

У Барысаве адбыліся раскопкі на месцы лагера «Шталаг 382»


Сваякі вязняў канцлагера «Шталаг 382» пераадолелі тысячы кіламетраў, каб пакланіцца беларускай зямлі, якая назаўжды прытуліла іх продкаў

У верасні на тэрыторыі вайсковай часці, што ў Барысаве, разгарнуліся раскопкі. Салдаты, якія падчас будаўнічых работ выпадкова натрапілі на чалавечыя астанкі, нават падумаць не маглі, што маюць справу з масавым пахаваннем часоў Другой сусветнай вайны...


Дзякуючы архівам высветлілася, што ў гады Вялікай Айчыннай на гэтым месцы знаходзіўся нямецкі лагер для савецкіх ваеннапалонных. «Шталаг 382» дзейнічаў з 1941 па 1943 год. Згодна з Актам надзвычайнай камісіі, які быў складзены ў верасні 1944 года, пасля вызвалення Барысава на тэрыторыі лагера было знішчана і пахавана звыш 9 тысяч ваеннаслужачых Чырвонай Арміі. У некаторых крыніцах ёсць звесткі пра тое, што ў 1943 годзе тут таксама ўтрымліваліся ўдзельнікі супраціўлення.

За паўгода вайскоўцы 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны паднялі з зямлі астанкі 4340 загінулых ваеннапалонных. Падчас пошукавых работ было знойдзена 76 медальёнаў. Але не ўсе з такіх рэдкіх і каштоўных сёння знаходак далі адказ на самае галоўнае пытанне — каму яны належалі?

Большасць «смяротных медальёнаў», як называюць эбанітавыя капсулы з інфармацыяй аб вайскоўцы, былі пустымі, паламанымі, раскрышанымі, без каўпачкоў. У выніку даследавання ўкладышаў устанавілі 23 прозвішчы вязняў лагера. Яшчэ адно імя вызначылі дзякуючы надпісу на адной з суправаджальных знаходак — ваеннапалонны, які ляжаў у шпіталі пры лагеры, надрапаў сваё імя на каробачцы для таблетак германскай вытворчасці.

Пакуль удалося выйсці на сваякоў васьмі загінулых у шталагу. На ўрачыстае перапахаванне астанкаў, якое адбылося на Аляксееўскіх могілках, што пад Барысавам, прыехалі сем'і чатырох ваеннапалонных. Каб адправіць у апошні шлях тых, каго яны шукалі больш чым 70 гадоў, многія пераадолелі тысячы кіламетраў. Сваякі воінаў, якія да нядаўняга часу лічыліся без вестак зніклымі, прыехалі ў Беларусь з Казані, Цюмені, Масквы, Разанскай вобласці. Усе яны былі ўпершыню ў краіне, зямля якой назаўжды прытуліла іх продкаў.

— Бабуля ўсё жыццё яго чакала, — ледзь стрымліваючы слёзы, гаворыць унучка Андрэя Андрэйчанкі, вязня «Шталага 382». — Да апошняга верыла, што ён жывы...

У Барысаў Наталля Помалева прыляцела з Цюмені разам з маці, дачкой ваеннапалоннага. Перад тым, як трапіць у лагер, старшы сяржант Андрэй Андрэйчанка, ураджэнец Кіраваградскай вобласці, праходзіў звыштэрміновую службу ў якасці аўтатэхніка ўзвода аднаго з дывізіёнаў Заходняга фронту. У які час ён апынуўся ў шталагу, невядома.

— Калі дзядуля пайшоў на фронт, у яго было адно дзіця — мой дзядзька, — расказвае Наталля Помалева. — У той час бабуля якраз была цяжарная маёй маці. Але сваю адзіную дачушку ён так і не пабачыў...

Не змог выхаваць сваіх шасцярых дзяцей і ўраджэнец Татарскай АССР Хідзітч Ягудзін. Больш за тое, толькі адна дачка дачакалася навіны, якая зняла ўсе пытанні аб бацькавым лёсе. Нягледзячы на свой узрост (а Тамбіры Хасанавай — 83 гады), жанчына прыехала ў Беларусь. І не толькі, каб пабачыць, дзе абарвалася жыццё бацькі, і назаўжды развітацца з ім, а і набраць зямлі з магілы, дзе ляжаць яго астанкі. Гэтую жменю памяці па вяртанні дамоў яна пакладзе на магіле маці, якая ўсё жыццё была верная свайму мужу. А той, між іншым, прайшоў тры вайны. З апошняй яму не наканавана было вярнуцца.

Як і радавому Васілю Гардзееву. Аб тым, што іх родны дзядзька са спісу зніклых без вестак, дзе значыўся ажно з 1941-га года, залічаны ў спіс загінулых за Радзіму, Таццяна і Юрый даведаліся аднымі з апошніх. Да ўрачыстага перапахавання вязняў заставалася ўсяго некалькі дзён, але тыя, нават не раздумваючыся, выправіліся ў дарогу з далёкага Татарстана. Сімвалічна, што брат радавога Гардзеева таксама загінуў у Беларусі. Пляменнікі гавораць, што было гэта дзесьці пад Гомелем. Іх бацьку, трэцяму Гардзееву, пашчасціла больш: той з вайны вярнуўся.

— Мой дзед, Фёдар Сяміткін, пайшоў на фронт у жніўні 1941-га, — расказвае ўнук ваеннапалоннага Валерый Ягораў, які прыехаў у Барысаў разам з пляменнікам. — Дзесьці ў сярэдзіне верасня ад яго прыйшоў ліст, у якім ён напісаў, што заўтра ідзе ў бой. А ў снежні 1942 года афіцыйна паведамілі, што дзед знік без вестак. Больш пра яго мы нічога не ведалі.

Але так было да кастрычніка гэтага года. Менавіта восенню ў кватэры дачкі салдата, маці Валерыя Ягорава, раздаўся званок з доўгачаканай навіной. Жанчына быццам прадчувала гэта. Не іначай, як містыкай, гэта не назавеш. Напярэдадні дачка Фёдара Сяміткіна ўбачыла сон, у якім да яе прыехала нейкая жанчына — ці то з Беларусі, ці то з Польшчы — і прывезла бацькавы рэчы. Тое, што сон прарочы, зразумелі праз некалькі тыдняў.

На цырымонію ўрачыстага перапахавання дачка Фёдара Сяміткіна па стане здароўя прыехаць не змагла. Але на Аляксееўскія могілкі яе прывязуць на машыне летам. Калі наведаць магілу продка ў наступны раз, плануюць ўжо і іншыя сваякі загінулых вязняў.

Агульнае гора, якое аб'яднала кожнага з тых, хто прыехаў, у адно імгненне зрабіла нашу зямлю для іх надзвычай роднай. Зямлю, якая на працягу доўгіх гадоў была для ваеннапалонных канцлагера брацкай магілай. Зямлю, на якой яны апынуліся другі раз, але ўжо пад гукі ваеннага аркестра і малітву святароў. А самае галоўнае — у прысутнасці сваіх нашчадкаў, дзеля якіх ахвяравалі сабой.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Барысаўскі раён

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Сустрэча праз дзесяцігоддзі

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.