Вы тут

Топ-5 дасягненняў Белпошты


У канцы года прынята падводзіць вынікі. Разам з Белпоштай мы ўзгадалі самыя важныя дасягненні за гэты год, якія робяць сэрвіс больш зручным і пацвярджаюць высокі статус прадпрыемства ў свеце.


Міжнародныя перамогі

Маркі, якія выпускае Белпошта, рэгулярна адзначаюць на філатэлістычных кірмашах. Так, на Сусветнай выставе марак «Нью-Ёрк-2016» беларуская экспазіцыя заняла пятае месца. А на Міжнароднай філатэлістычнай выставе «РОСІКА-2016», якая праходзіла ў Германіі, наша паштовая прадукцыя атрымала два бронзавыя медалі. Усяго за гэты год Белпошта выпусціла 58 мастацкіх і 12 стандартных марак, правяла 41 спецгашэнне.

Свае магчымасці пошта прэзентавала на Міжнароднай выставе-канферэнцыі па тэлекамунікацыях і інфармацыйных тэхналогіях «Bаkutеl-2016». На нацыянальным стэндзе прадпрыемства арганізавала акцыю «Пазнаёмся з Беларуссю!»: любы наведвальнік мог выбраць маляўнічую паштоўку, напісаць на ёй віншаванне, а наша дэлегацыя дастаўляла гэта пасланне адрасату. Беларускі нацыянальны стэнд быў адзначаны як самы арыгінальны.

Наша дэлегацыя ўдзельнічала таксама ў 26-м Сусветным паштовым кангрэсе ў Стамбуле. Па прапанове Адміністрацыйнага савета, Беларусь была выбрана намеснікам старшыні кангрэса. Гэта пацвярджае сусветнае прызнанне заслуг і ролі нашай краіны ў развіцці паштовай сувязі.

Лагістычны цэнтр па апрацоўцы міжнароднай пошты

Ён адкрыўся ў кастрычніку ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск». Цэнтр з вытворчай плошчай больш за 1,5 тысячы квадратных метраў працуе з міжнароднай авіяпоштай. Штодзень праз яго праходзіць каля 10 тысяч лістоў і пасылак. А максімум, які можа пры неабходнасці апрацаваць тэрмінал за суткі, — 100 тысяч адпраўленняў.

Лагістычны цэнтр абсталяваны сучаснымі тэхналогіямі. Ручная праца зведзена да мінімуму: многія задачы выконвае аўтаматызаваны канвеер. Работа тут вядзецца кругласутачна, без выхадных і перапынкаў. Гэта дазволіла скараціць тэрмін апрацоўкі ўваходных паштовых адпраўленняў да 1—2 дзён (раней на гэта было патрэбна 3—4 дні) і паскорыць дастаўку атрымальніку. Сістэма бяспекі таксама прадумана. У цэнтр закупілі два рэнтген-апараты, з дапамогай якіх можна аператыўна праверыць карэспандэнцыю на наяўнасць забароненых да ўвозу рэчываў.

Інтэрнэт-гандаль

Каб папулярызаваць беларускія тавары і пашырыць іх геаграфію продажаў, прадпрыемства сумесна з інтэрнэт-крамамі запусціла партнёрскі праект «Тавары поштай». Друкаваныя каталогі з айчыннай прадукцыяй размешчаны ва ўсіх аддзяленнях сувязі (іх больш за 3000 па рэспубліцы). Новыя каталогі будуць дзейнічаць тры месяцы (да сярэдзіны лютага), і кліенты змогуць заказаць падарункі да навагодніх свят, юбілеяў і іншых урачыстасцяў. Дастаўка тавараў на дом адбываецца праз паштовыя адпраўленні, у тым ліку — паштовым кур'ерам. Таксама дзейнічае інтэрнэт-крама shор.bеlроst.bу, дзе можна набыць падарункі да святаў са зніжкамі.

Новыя паслугі

Адна з сёлетніх навінак — «Экспрэс-кур'ер». Гэта дастаўка тэрміновых дакументаў і тавараў вагой да сямі кілаграмаў у межах аднаго горада ў найкарацейшы час — 3—4 гадзіны. Апраўленне ўручаюць адрасату асабіста ў рукі. Паслуга даступна для жыхароў сталіцы і абласных гарадоў. Перавага яе ў тым, што дзейнічае адзіны тарыф незалежна ад вагі пасылкі, атрымальніка паведамляюць пра час дастаўкі праз sms, а адпраўшчык даведваецца, што яго дакументы дайшлі да адрасата, па электроннай пошце.

З гэтага года з'явілася паслуга па вырабе бесканвертных паштовых адпраўленняў (Sеlf mаіlеr). У такіх лістах аркуш паперы адначасова з'яўляецца і носьбітам інфармацыі, і канвертам. Змест адпраўлення адрасат даведаецца, толькі калі распячатае канверт па лініях перфарацыі. Такая паслуга карысна кампаніям, якім трэба рассылаць, напрыклад, рахункі кліентам. Нягледзячы на актыўнае карыстанне электроннай поштай, многім зручней атрымліваць дакументы і ў папяровым выглядзе.

Для фірм запусцілі таксама паслугу «Мясцовая рассылка»: Белпошта прапануе распаўсюджваць лістоўкі, буклеты, брашуры.

Самае сучаснае аддзяленне

Размова ідзе пра аддзяленне сувязі №62 у сталічным мікрараёне Лебядзіны. Тут зрабілі акцэнт на самаабслугоўванне кліентаў. У зале паставілі аўтаматычны капіравальны апарат, плацежна-даведачныя тэрміналы, з дапамагой якіх можна разлічвацца без камісіі за камунальныя паслугі, мабільную сувязь і інтэрнэт, афармляць падпіску на друкаваныя СМІ. Адпраўляць пісьмовую карэспандэнцыю да 2 кілаграмаў наведвальнікам прапануюць праз тэрмінал SmаrtРОST. Зрабіць гэта проста. Карэспандэнцыю трэба пакласці на вагі і выбраць рэжым «Паштовыя паслугі»/»Прыём заказнога ліста». Потым пазначыць тып адпраўшчыка, увесці імя і прозвішча, адрас адпраўшчыка і атрымальніка, выбраць спосаб аплаты. Ярлык са штрых-кодам, які выдасць тэрмінал, неабходна наклеіць на канверт і апусціць той у спецыяльны праём пад вагамі.

Варта заўважыць, што сучасныя тэхналогіі з'яўляюцца ў многіх паштовых пунктах. Так, у кожным аддзяленні сувязі ёсць плацежна-даведачны тэрмінал (у буйных іх па 2—3), а ў Мінску ўстаноўлена 41 устройства самаабслугоўвання SmаrtРОST.

Фота Надзеі БУЖАН

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubnеuskауа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Лагістычны цэнтр і экспрэс-дастаўка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прадпрымальнікі запусцілі сацыяльную ініцыятыву, каб сэканоміць сродкі бюджэту, але вымушаны за гэта плаціць

Прадпрымальнікі запусцілі сацыяльную ініцыятыву, каб сэканоміць сродкі бюджэту, але вымушаны за гэта плаціць

На ўпарадкаванне пасля прыклееных паперак выдаткоўваюцца велізарныя сродкі.