Вы тут

Таццяна Дземідовіч. У пошуках сапраўднага Новага года


За тры гадзіны да бою навагодніх курантаў я пастукалася ў дзверы да сваёй сяброўкі, якую не бачыла амаль з самага заканчэння школы.


— Алеська! Як усё змянілася за гэты час у тваёй кватэры! Памятаю, каля ўваходу ў залу стаяла велізарная шафа з кнігамі. Далей быў круглы стол з накрухмаленай сурвэткай, а над ім на сцяне вісела гітара. А тэлевізар, які ўвесь час шыпеў ды на самым цікавым месцы мог паламацца? — я спынілася на парозе і пачала азірацца.

— Дарэчы, а дзе твой тэлевізар? Які ж без яго Новы год?

— А няма ў мяне цяпер гэтай скрынкі, — паціснула плячыма сяброўка дзяцінства.

— Дзе ж ён?

— Яго з’елі! — загадкава адказала Алеська.

— Хто з’еў? — не зразумела я.

— Быццам не ведаеш гэтых нахабнікаў? — здзівілася яна. — Камп’ютар і мабільны тэлефон! Ням-ням... І няма «тэліка»! Яно ж як атрымліваецца: пакуль у інтэрнэце сяджу, мабільнік надрываецца. Пакуль па тэлефоне пагутару — у інтэрнэце навіны абнавіліся... Калі тут тэлевізар глядзець?

Я з разуменнем заківала. Алеська казала праўду. Прыйшоў канец эры тэлевізараў. Памаўчаўшы крыху, уздыхнула і сказала:

— А памятаеш, у дзяцінстве мы мульцік «Ну, погоди!» увесь тыдзень чакалі. І «Калыханку» з Дзедам-Барадзедам глядзелі...

— Знайшла пра што шкадаваць! Тэлевізар! — узру- шана прамовіла сяброўка. — У свой час гэта быў монстр больш страшны за тэлефон і камп’ютар! Менавіта ён калісьці з’еў нашу велізарную шафу з кнігамі! Памятаеш бразільскія серыялы, «Поле цудаў», «Смехапанараму» і перадачу «Мая сям’я»? Ужо толькі пасля іх наша шафа апусцела напалову: нешта ў макулатуру здалі, астатняе ў краму «Букініст» аднеслі. Ну, а калі рэаліці-шоу пачаліся, дык кнігі наогул зніклі з кватэры за непатрэбнасцю.

— Слухай, Алеська, а ўяві, праз некалькі дзесяцігоддзяў з’явіцца якая-небудзь новая «пачвара» ды з’есць камп’ютар і мабільны тэлефон, — я вырашыла пафантазіраваць.

Дзяўчына з любоўю прыціснула да сэрца свой новенькі смартфон і пакруціла галавой. І тут нашу размову перапыніў нейкі булькаючы гук.

— Хто там? — спалохана пракрычала Алеська.

— Ну, ты даеш, сяброўка! Гэта ж скайп! — засмяялася я.

— Сапраўды! Зусім мяне загаварыла, — схамянулася тая і паклала ноўтбук сабе на калені: «Прывітанне, мае дарагія! І вас са святамі! І вам шчасця і здароўя! А Новы год што, ужо наступіў? Калі? Пяць хвілін таму? Ну, восьдзякуй, што патэлефанавалі і паведамілі».

Алеська скончыла размову і штурхнула мяне локцем:

— Давай хутчэй віншавальныя смс-кі сябрам адпраўляць.

— А ў мяне да цябе іншая прапанова! — я вырашыла ўзяць ініцыятыву ў свае рукі. — Давай захопім бенгальскія агні і адправімся на вуліцу шукаць Дзеда Мароза! А потым пойдзем да мяне глядзець «Голубой огонёк», есці аліўе і піць шампанскае. Такія традыцыі не варта парушаць з-за нейкіх там смс-ак!

Алеська засмяялася. І мы, як у дзяцінстве, кінуліся навыперадкі апранацца і шукаць сапраўдны Новы год.

г. Брэст.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».