Вы тут

Падводзім вынікі года па мясцовых бюджэтах


Сацыяльна арыентаваная дзяржава — гэта не лозунг, а сухія лічбы і канстатацыя факта. У доказ гэтага намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення бюджэтнай палітыкі Міністэрства фінансаў — начальнік упраўлення мясцовых бюджэтаў Таццяна АСТРЭЙКА паказвае, што ў гэтым годзе прырост расходаў у галіне адукацыі і аховы здароўя склаў у сярэднім каля 12% у мясцовых бюджэтах. Паводле прагнозаў, на 2017 год тэмп захаваецца. Карэспандэнт «МС» высветліў, з якімі вынікамі заканчваюць год органы мясцовага самакіравання.


— Па выніках дзесяці месяцаў гэтага года максімальны бюджэт сельскага Савета перавышае мінімальны ў 83 разы. У Хацежынскага — 1119,7 тыс. рублёў, у Лапаціцкага — 13,5 тыс. рублёў. Як сельскім Саветам дамагацца больш высокіх паказчыкаў?

— Памер бюджэту пярвічнага ўзроўню сур'ёзна залежыць ад колькасці насельніцтва, якое пражывае на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. Уплывае і плошча сельсавета, і ўзровень урбанізацыі... Лідзіруючыя пазіцыі па аб'ёме сельскіх бюджэтаў традыцыйна займаюць Хацежынскі і Бараўлянскі сельсаветы Мінскага раёна. У Бараўлянскім пражывае каля 35 тыс чалавек. Замыкаюць спіс бюджэтаў пярвічнага ўзроўню Лапаціцкі і Гіжэнскі сельсаветы Слаўгарадскага раёна. Магілёўскай вобласці. На іх тэрыторыі пражывае каля тысячы жыхароў. Гэта рэгіёны, пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Сярод іншых фактараў, якія ўплываюць на бюджэт, трэба адзначыць неабходнасць фінансавання буйных нерэгулярных выдаткаў. Напрыклад, такіх, як будаўніцтва інфраструктуры. Тут вялікую ролю грае наяўнасць зберажэнняў. З іншага боку, бясспрэчны той факт, што фінансава незалежныя ад вышэйстаячых улад бюджэты маюць магчымасць фінансавання большага аб'ёму выдаткаў з разліку на аднаго жыхара. Такія выдаткі, як інфраструктурныя, не з'яўляюцца штогадовымі. Яны нерэгулярныя. Калі казаць пра 2016 год, то найбольшы аб'ём рэшткаў свайго бюджэту аддае на фінансаванне такіх выдаткаў Каладзішчанскі сельскі Савет.

Па сутнасці, многія сельскія Саветы карыстаюцца сваім геаграфічным становішчам. Яны жывуць за кошт рэнты. Другая пазіцыя пасля падаходнага падатку — гэта даходы ад распараджэння зямельнымі ўчасткамі. Натуральна, больш запатрабаванымі з'яўляюцца ўчасткі каля горада Мінска і буйных абласных гарадоў. Перыферыйным раёнам значна цяжэй іх рэалізаваць. Але гэта стымул, каб працаваць лепш і знаходзіць перавагі ў сваім населеным пункце.

— Выдаткі на адукацыю сёлета складаюць 336,7 рубля з разліку на аднаго жыхара, а на ахову здароўя — 286,6 рубля. Гэта тэндэнцыя павелічэння або памяншэння ў параўнанні з мінулым годам?

— Выдаткі бюджэту на сацыяльны блок узрастаюць. Тэмп супастаўляльны з узроўнем інфляцыі. Гэта звязана з нягнуткасцю гэтых выдаткаў. Толькі гэтыя дзве сферы фарміруюць палову расходаў мясцовых бюджэтаў.

Калі фарміруецца бюджэт, у першую чаргу закладваюцца грошы, каб не было нястачы прадуктаў харчавання, медыкаментаў... І ўжо потым сродкі накіроўваюцца на развіццё: на набыццё абсталявання, капітальнае будаўніцтва, капрамонт. Гэта бюджэтныя інвестыцыі. Нельга сказаць, што яны маленькія ў мясцовых бюджэтах. Калі параўноўваць, у Еўропе яны складаюць каля 2% ВУП, у нашай краіне — 3,5% — 4% ВУП. А калі мы паглядзім у цэлым на бюджэт дзяржавы, то парадку 2/3 бюджэтных інвестыцый знаходзяцца ў рэгіёнах.

Седзячы ў Мінску, не бачна, дзе трэба пабудаваць школу, а дзе — бальніцу. Мясцовым уладам лепш ведаць, куды выдаткаваць грошы.

— У органаў мясцовага кіравання і самакіравання ёсць даўгавыя абавязкі. Пастаўскі, Кіраўскі, Пінскі, Брэсцкі, Маларыцкі раёны маюць доўг 60—79% да даходаў бюджэту. Ці можам мы казаць, што гэта праблемныя рэгіёны?

— Доўг гэтых раёнаў знаходзіцца ў межах параметраў эканамічнай бяспекі. На падставе сусветнай практыкі ў нас у заканадаўстве ўстаноўлены парог бяспекі ў 80% даходаў без уліку сродкаў, што перадаюцца ніжэйстаячым бюджэтам. Але гэтыя раёны знаходзяцца ў зоне рызыкі. Дастаткова прыняць адно рашэнне, каб трапіць у гэтую зону. Так, Пастаўскі раён вырашыў рэканструяваць ільнозавод. А Пінскі, Брэсцкі, Маларыцкі далі гарантыю па крэдыце. Чым гэта небяспечна? У выпадку, калі зніжаюцца даходы, адразу 79% можа тэарэтычна пераўтварыцца ў 85%. Калі доўг больш за 80%, ёсць рызыка, што для бюджэту будзе вялікая нагрузка. Ён не зможа разлічыцца або па аблігацыі, або па выкананні гарантый. Альбо будзе вымушаны вымыць цалкам усе свае сродкі. Кажучы канкрэтна аб гэтых раёнах — яны ў нас рызыкоўныя, але не крытычныя. Трэба эканоміць, разлічвацца па даўгах, быць больш стрыманымі ў выдатках, на якія не хапае бягучых паступленняў.

Органы мясцовага кіравання і самакіравання ў Беларусі маюць права запазычанняў і прадстаўлення гарантый. Такое права ёсць не ва ўсіх органаў улады ў свеце. Аблігацыі могуць выпускаць толькі абласныя, раённыя і гарадскія выканкамы. Іх трымальнікамі з'яўляюцца банкі. Даходы ад выпуску аблігацый — адна з крыніц фінансавання дэфіцыту бюджэту. Як паказвае статыстыка, у асноўным запазычанні бяруцца для таго, каб аказваць падтрымку рэальнаму сектару эканомікі. Часцей за ўсё для дапамогі сельскагаспадарчым арганізацыям.

Другая форма даўгавых абавязацельстваў — бюджэтныя крэдыты. Мясцовыя бюджэты могуць звярнуцца ў вышэйстаячыя. Сельвыканкамы — у раённыя. Бюджэтныя крэдыты бясплатныя. Аднак у якасці дысцыплінуючай меры Законам аб рэспубліканскім бюджэце на 2017 год прадугледжана прадастаўленне бюджэтных крэдытаў за плату (50% стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь) для тых аблвыканкамаў, чый доўг перавысіў параметры эканамічнай бяспекі. Ён выдзяляецца на фінансаванне часовых касавых разрываў. Я рэкамендую карыстацца такім інструментам. Дапусцім, калі ў раённым бюджэце ўзнікае разрыў — напрыклад, у маі-чэрвені вялікая частка педагогаў ідзе ў адпачынак. Ім трэба разава выплаціць вельмі вялікую суму адпускных выплат.

Трэцяя форма — патрабаванні банкаў, прад'яўленыя выканкамам, па выкананні гарантый. Выканкам можа даць гарантыю па крэдыце, які прадастаўляецца нейкай арганізацыі. І калі надыходзіць тэрмін плацяжоў па крэдыце, але прадпрыемства па якіх-небудзь прычынах не можа яго пагасіць, тады, у адпаведнасці з усталяванай працэдурай, банк звяртаецца да выканкама і ўжо прад'яўляе да яго як гаранта свае патрабаванні. У такім выпадку ўмоўны доўг трансфармуецца ў прамы.

— Гомельская вобласць у нас самая паспяховая — у яе самы нізкі сукупны доўг рэгіёнаў. Як яна дамаглася такога ўзроўню?

— Улады Гомельскай вобласці дэманструюць прыклад вельмі ўзважанай даўгавой палітыкі. Яны супастаўляюць бягучыя імгненныя выгады з наступствамі і не жывуць у доўг перад новымі пакаленнямі. З года ў год Гомельская вобласць альбо наогул не мае пратэрмінаванай крэдыторскай запазычанасці, альбо яна нязначная. Крэдыторская запазычанасць — гэта калі тавары, работы, паслугі ў бюджэтныя арганізацыі пастаўлены, але за іх яшчэ не разлічыліся. Сёлета ў Гомельскай вобласці бюджэт выконваецца напружана. Гэта абумоўлена тым, што знізіліся паказчыкі выніковасці фінансава-гаспадарчай дзейнасці буйнейшых падаткаплацельшчыкаў — Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода і Беларускага металургічнага завода (Жлобін). І нават у такіх умовах яны вельмі рацыянальна накіроўваюць фінансавыя патокі.

Прынцыповай пазіцыі ненарошчвання даўгавой нагрузкі прытрымліваецца і Брэсцкі аблвыканкам. Яго доўг з'яўляецца мінімальным. Для параўнання, у 2016 годзе гадавы аб'ём выдаткаў на абслугоўванне доўгу ў Брэсцкай вобласці складае каля 5 млн рублёў, Віцебскай — 55 млн рублёў. І гэтая нізкая даўгавая нагрузка дазволіла абласному бюджэту Брэсцкай вобласці інвеставаць у новыя аб'екты будаўніцтва 103 млн рублёў за 11 месяцаў гэтага года, а Віцебскай вобласці — 64.

На сёння цалкам вольныя ад даўгоў такія гарады, як Гомель, Гродна, Магілёў, Наваполацк і Жодзіна.

А ў Мінску, Брэсце, Віцебску, Баранавічах, Пінску і Бабруйску доўг складае 1 — 3% прыбытку пры парогавым значэнні 80%. Гэта бяспечна для іх.

— Агульны аб'ём пратэрмінаванай запазычанасці па бюджэтных пазыках за дзевяць месяцаў 2016 года павялічыўся на 33,1 млн руб. Прадугледжаны нейкія штрафы за гэта?

— Гаворка ідзе ў дадзеным выпадку пра запазычанасць прадпрыемстваў перад бюджэтам. Калі бюджэт заплаціў па выкананых гарантыях банку, цяпер прадпрыемства павінна бюджэту. Гэты доўг не прападае. Калі прадпрыемства не можа заплаціць банку, палітыка «бізуна» не працуе. Таму прыняты шэраг заканадаўчых актаў, згодна з якімі асобным групам прадпрыемстваў даецца адтэрміноўка і растэрміноўка ў пагашэнні гэтай запазычанасці перад бюджэтам. Але ўмовай іх прадастаўлення з'яўляецца тое, што льготны графік трэба выконваць абавязкова. Інакш ён спыняе сваю дзейнасць. Такі падыход паўплываў на тое, што з указаных 33 млн прыкладна 30 млн — у Гомельскай вобласці. Раней гэтая запазычанасць была бягучай у рамках ільготнага графіка. Гомельскі аблвыканкам працуе над гэтай праблемай. Штрафы таксама існуюць — пры нявыплаце ўключаецца «лічыльнік» за кожны дзень пратэрміноўкі. З выхадам Указа №106 ад 23 сакавіка 2016 года, які тычыцца дзяржаўных праграм і недзяржаўнай фінансавай падтрымкі, бюджэтныя пазыкі сталі аказвацца толькі ў выключных выпадках па рашэнні кіраўніка дзяржавы.

Надзея АНІСОВІЧ

аnіsоvісh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: У новы год без даўгоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».