Вы тут

Падатак на дармаедства ўжо заплаціла больш за 10 тыс. грамадзян краіны


Так званы падатак на дармаедства ўжо заплаціла больш за 10 тысяч грамадзян нашай краіны. Агульная сума грошай, якая паступіла ў бюджэт ад гэтага збору, складае 3,2 млн рублёў. Намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Гомельскай вобласці Дзмітрый ДАЙНЕКА адзначае, што дзесяціпрацэнтнай зніжкай за выплату збору да 1 ліпеня скарысталіся 408 жыхароў Гомельшчыны.


— База ў нас агульная для ўсёй Беларусі — яна вядзецца Міністэрствам па падатках і зборах. Што датычыцца рэгіёнаў — мы працуем з кожным плацельшчыкам асабіста. Лічбы колькасці апавяшчэнняў пастаянна мяняюцца, пры гэтым адны зніжаюцца, а іншыя дадаюцца літаральна штогадзінна. Людзі дасылаюць новыя дакументы, самі прыходзяць, каб растлумачыць сітуацыю са сваім працаўладкаваннем, кагосьці дадаём у базу, кагосьці выдаляем... Пастановай да Дэкрэта Прэзідэнта №3 «Пра папярэджанне сацыяльнага ўтрыманства» дакладна вызначана, якія органы прадстаўляюць інфармацыю ў агульную базу грамадзян. Даведкі падаюць не толькі пашпартныя службы і Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Ідзе збор інфармацыі пра ўладароў аграсядзіб, індывідуальных прадпрымальнікаў, святароў, студэнтаў... Вельмі шмат было зроблена, але ж ёсць моманты, якія ніхто, акрамя непасрэдна фізічных асоб, растлумачыць не можа. Бо толькі сам чалавек ведае, дзе ён знаходзіўся і колькі часу.

— Вы маеце на ўвазе тых, хто сёння працуе за мяжой?

— Менавіта тых, хто працуе там нелегальна. Мы шмат інфармацыі бачым, у тым ліку па нашых грамадзянах, якія працуюць у Расійскай Федэрацыі легальна. Калі ж чалавек працуе нелегальна, адпаведна, яго не бачна ў базах даных. Тады яму і трэба да нас прыходзіць і даказваць, што ён адсутнічаў на тэрыторыі пэўны час, або заплаціць гэты збор.

Ёсць сярод нашых суайчыннікаў тыя, хто афіцыйна нідзе не працуе. Пры гэтым маюць дарагія машыны і маёмасць. Такія людзі плацяць збор адразу і не задаюць ніякіх пытанняў. Мы з імі працуем па іншай схеме.

— Чаму ўзнікалі памылкі і апавяшчэнні атрымлівалі людзі, якія не з'яўляюцца ўтрыманцамі?

— Бываюць накладкі праграмы, бывае, спрацоўвае чалавечы фактар. Здараецца, чалавек памёр за мяжой і не трапіў у базу даных па нейкай прычыне. Або ў 2015 годзе чалавек жыў, а памёр зусім нядаўна. Яму накіроўвалі апавяшчэнне. Аднак гэта адзінкавыя выпадкі. Такія пытанні здымаюцца вельмі хутка. Людзі з разуменнем ставяцца да нейкіх недакладнасцяў, і сур'ёзных скаргаў не было.

— Ёсць пэўныя катэгорыі грамадзян, якім асабліва складана даказваць, што яны не ўтрыманцы?

— Тут усё проста. У падатковую можна нават не хадзіць, а прадставіць нейкія дакументы. Электронныя сэрвісы развіваюцца актыўна. Неабавязкова ксеракапіраваць дакументы — можна іх сфатаграфаваць і нам даслаць. Гэта ж проста. Напрыклад, з Італіі нам дасылалі па электроннай пошце копію пашпарта з візай і штампам выезду. Мы такія дадзеныя правяраем, і ўсе пытанні да чалавека здымаюцца. Галоўнае, каб гэтыя дакументы былі. Калі працавалі ў іншай краіне — трэба прадставіць даведку. Некаторыя гавораць: у Расіі можна купіць любую даведку. Можна, але ж мы абавязкова праверым яе сапраўднасць. У нас многа магчымасцяў, каб удакладніць любую інфармацыю. Студэнтам, якія вучацца за мяжой, дастаткова пацвердзіць, што яны адсутнічалі на тэрыторыі Беларусі звыш 183 дзён.

— Нагадаем, што за няўплату збору чалавеку пагражае штраф ад 2 да 4 базавых велічынь або арышт. Пакуль што вырашылі не прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці тых, хто не заплаціў збор. Але ж урэшце будуць устаноўлены пэўныя тэрміны выплаты. Які механізм пакарання?

— Пакуль мы праводзім тлумачальную работу. Урэшце, толькі суд вырашыць, якое пакаранне прызначыць утрыманцу. Калі арышт, ён павінен будзе адпрацаваць 10 дзён на вызначаных работах, пасля чаго спагнанне здымаецца.

Сёння шмат людзей, якія кажуць: я не знайшоў работу — давайце адпрацую. Яны больш актыўна становяцца на ўлік у службу занятасці.

— Дзмітрый Мікалаевіч, усё часцей ідзе размова пра тое, што важны не фіскальны эфект Дэкрэта №3, а сацыяльны.

— Так, і ў свядомасці нашых суайчыннікаў мы нешта зрушылі. Звычайныя людзі пільна сочаць за прымяненнем гэтага дэкрэта — не толькі чыноўнікі. Кожная арганізацыя, якая ўцягнута ў збор дадзеных, аналізуе сваю работу. Важна, каб людзі былі больш цярпімымі і ставіліся з паразуменнем да праблем, якія падчас узнікаюць. Дэкрэт трэба выконваць. У ім ёсць пэўныя моманты, якія не зусім падабаюцца людзям. Але ж, калі чалавек можа даказаць, што ўдзельнічаў у працоўнай дзейнасці, ён павінен нейкім чынам інфармаваць падатковую інспекцыю. Сёння многія, хто раней працаваў нелегальна, самі прыходзяць да работадаўцаў і патрабуюць, каб іх аформілі афіцыйна. У іншым выпадку прыйдзецца плаціць збор. Каб узяць крэдыт, патрэбна даведка з указаннем узроўню даходаў. Хто дасць, калі чалавек працуе неафіцыйна? Людзі задумваюцца аб гэтым. Цяпер расце колькасць наёмных супрацоўнікаў у індывідуальных прадпрымальнікаў. Усё менш і менш людзей працуюць без афіцыйных дагавораў, а значыць, менш атрымліваюць заробкі ў канверце. Хтосьці выйшаў з ценю, стаў плаціць «белую» зарплату і рабіць выплаты ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Плануецца, што да канца года будуць унесены змены ў Дэкрэт Прэзідэнта №3. Ужо агучана прапанова дазволіць уладам вызваляць ад выплаты падатку тых, хто трапіў у складаныя жыццёвыя сітуацыі. Хутчэй за ўсё будуць пашыраны катэгорыі грамадзян, якіх вызваляць ад выплаты збору. Гэта, напрыклад, тыя, хто праходзіць альтэрнатыўную службу, спартсмены нацыянальнай ці зборнай каманд Беларусі, іншыя катэгорыі грамадзян.

Нагадаем, што згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», грамадзяне, якія не ўдзельнічалі ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаванні менш за 183 дні, абавязаны заплаціць збор у памеры 20 базавых велічынь.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Выйдзі з «ценю». І жыві спакойна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».