Вы тут

Паверыць у сябе дапамагаюць маладым людзям у Міханавічах


Крыху больш за год таму ў вёсцы Міханавічы, што пад Мінскам, стартаваў сумесны праект (менавіта так гэта называецца) прыхода свяціцеля Дзімітрыя Растоўскага і тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мінскага раёна па стварэнні пункта дзённага знаходжання для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Сёння яго наведваюць 24 чалавекі ва ўзросце ад 18 гадоў. За гэты адносна кароткі час даказана, што такія ўстановы сябе апраўдваюць. Адкрыццё гэтага пункта — прыклад супрацоўніцтва царквы і дзяржавы ў сацыяльнай сферы. Гэта адзін з першых падобных праектаў у Мінскай вобласці. Прыход выдзеліў для работы памяшканні, а дзяржава стварыла рабочыя месцы, аплачвае працу сацыяльных работнікаў і інструктараў.


Ай­цец Дзі­міт­рый:  «Гэ­тую пры­га­жосць ства­ры­лі дзе­ці з аб­ме­жа­ва­ны­мі маг­чы­мас­ця­мі».

Хто б думаў, што Дзмітрый Шыцікаў — інвалід першай групы, з дыягназам дзіцячы цэрэбральны параліч і затрымкай у развіцці — пачне здзіўляць навакольных сваімі малюнкамі?

— Хлопец пачынаў з таго, што вучыўся праводзіць лінію ручкай. Але ў яго нічога не атрымлівалася. І тады выкладчыца Ірына Міхайлаўна прапанавала яму ўзяць у рукі мел. Ён трэніраваўся некалькі месяцаў. І праз паўгода адбыўся цуд: раптам пачаў маляваць карціны, — расказаў настаяцель прыхода Дзімітрый Грыцэнка. — І калі ў яго цікавімся, як гэта ў цябе атрымліваецца, адказвае: «Я не ведаю». Можна сказаць, што гэта Божы цуд, міласць да хлопца, яго сям'і, кіраўніка гуртка і да нас усіх. Спецыялісты сцвярджаюць, што гэтыя работы маюць мастацкую каштоўнасць.

У кабінеце фізічнай рэабілітацыі для наведвальнікаў усталяваны трэнажоры, дзе яны аднаўляюць дробныя функцыі і маторыку. Для кожнага складаецца адпаведная праграма, праводзяцца індывідуальныя заняткі. У гуртку дамаводства вучаць гатаваць розныя стравы, сервіраваць стол, правільна расстаўляць талеркі і раскладваць відэльцы і лыжкі. Хлопцы і дзяўчаты ахвотна наведваюць гурток фатаграфіі. Для аматараў фотасправы спонсары выдзелілі неабходную апаратуру.

Словам, за кароткі тэрмін удалося прымусіць маладых людзей паверыць у свае сілы, у тое, што яны такія ж самыя, як і ўсе астатнія.

— Мы сябе пазіцыянуем як прадаўжальнікі справы і вучні айца Ігара Карасцялёва, які ўжо некалькі дзясяткаў гадоў служыць у Мінску, у прыходзе Усіх Смуткуючых Радасць. Менавіта ён стварыў сацыяльныя майстэрні для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Мы ўзялі гэтую ідэю, каб вучні-інваліды змаглі сацыялізавацца ў грамадства, вызвалілі сваіх бацькоў, каб навучыліся абслугоўваць самі сябе і атрымалі магчымасць працаваць. Канешне, такі працэнт людзей невялікі, але яны прынясуць карысць грамадству — не толькі духоўную, але і матэрыяльную, — упэўнены айцец Дзімітрый.

Дэ­пу­тат Па­ла­ты прад­стаў­ні­коў На­цы­я­наль­на­га схо­ду (у цэнт­ры) пе­рад­ае ў дар пры­хо­ду свя­ці­це­ля Дзі­міт­рыя Рас­тоў­ска­га іко­ну свя­той Ва­лян­ці­ны Мін­скай.

А цяпер тут плануецца пабудаваць яшчэ і шматфункцыянальны цэнтр для падрыхтоўкі спартсменаў-параалімпійцаў.

— Дзеці павінны разумець, што за імі стаіць грамадства, што можна дабівацца перамог, як нашы спартсмены-параалімпійцы Андрэй Праневіч ці Ігар Бокій, заваёўваць медалі на спаборніцтвах самага высокага ўзроўню, — канстатуе намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па параалімпійскіх відах спорту Аляксандр Флёрка. — Наша галоўная задача ў тым, каб прыцягнуць і падрыхтаваць рэзерв для нацыянальнай камады, каб спартсмены прадстаўлялі Беларусь на міжнароднай арэне, каб дзеці-інваліды палюбілі спорт і ахвотна ім займаліся.

— Спорт — адна з форм рэабілітацыі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, — лічыць дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Мікалай Улаховіч. — Тут павінен з'явіцца цэлы комплекс: з басейнам, адкрытымі пляцоўкамі для заняткаў тэнісам і гульнявымі відамі спорту. Гэты цэнтр — прыклад таго, як трэба працаваць з дзецьмі. А яшчэ хочам, каб гэтыя дзеці займаліся спортам. Мы звяртаем увагу не проста на інвалідаў, а на інвалідаў-спартсменаў. А наогул рух — гэта жыццё, спорт для такіх людзей павінен быць бясплатным.

Адным са спонсараў, мяркуецца, будзе адкрытае акцыянернае таварыства «Газпрам трансгаз Беларусь». Намеснік генеральнага дырэктара таварыства Юрый Ляшэнка выказаў упэўненасць, што царква і нядзельная школа, якую таксама дапамаглі пабудаваць газавікі, сталі важнымі часткамі духоўнага жыцця аграгарадка МІханавічы.

Свае кар­ці­ны Дзміт­рый Шы­ці­каў ма­люе крэйдай.

— Гэтая ідэя нарадзілася некалькі гадоў таму, — дадаў Мікалай Улаховіч. — Менавіта Міханавічы лічацца пасёлкам газавікоў. Разам са старшынёй сельскага Савета дэпутатаў Святланай Давальцовай мы вырашылі звярнуцца да грамадскасці, айца Дзімітрыя, да раённай улады. У малых населеных пунктах, як сказаў кіраўнік дзяржавы, трэба будаваць інфраструктуру, спартыўныя комплексы. Што мы і робім.

Спецыялісты камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама актыўна супрацоўнічаюць з многімі манастырамі, але такога глабальнага праекта яшчэ не было. Ён дасць людзям з абмежаваннямі вялікія магчымасці для сацыяльнай адаптацыі. Невыпадкова сюды прыходзіць усё больш тых, каго напаткалі цяжкія жыццёвыя абставіны. І ім дапамагаюць набыць упэўненасць у сабе.

Калі тут з'явіцца спартыўны комплекс, пасёлак стане пляцоўкай культурнага і спартыўнага жыцця не толькі Мінскай вобласці, але і краіны. А пакуль тут закладзена і асвечана Алея беларускай параалімпійскай славы. Пачатак добрай справе пакладзены.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.