Вы тут

Мінскай ЦЭЦ-3 споўнілася 65


У жыцці, асабліва ў эканоміцы, усё ўзаемазвязана. Калі ў 1946 годзе ўрад СССР прыняў рашэнне аб будаўніцтве ў сталіцы Беларусі прамысловага гіганта — Мінскага трактарнага завода, то для забеспячэння яго электрычнай і цеплавой энергіяй спатрэбілася ўзвядзенне заводскай ЦЭЦ. Яе будаўніцтва пачалося ў тым жа годзе, а пуск першага агрэгата Мінскай ЦЭЦ-3 адбыўся ў кастрычніку 1951-га.


— Тады гэта было найбольш дасканалае ў Савецкім Саюзе айчыннае цеплафікацыйнае абсталяванне, а для Беларусі — першы вопыт эксплуатацыі энергаабсталявання высокага ціску, — расказвае намеснік дырэктара станцыі Леанід Прыбыльскі, які больш за 20 гадоў узначальваў калектыў. — Але вельмі хутка ў беларускай сталіцы выраслі новыя прамысловыя гіганты — МАЗ, падшыпнікавы завод, завод колавых цягачоў і іншыя, і іх энергетычнае забеспячэнне таксама было даверана ЦЭЦ-3. У сувязі з развіццём прамысловасці, бурным ростам горада, яго камунальнай гаспадаркі і сацыяльнай інфраструктуры статус станцыі змяніўся. У 1954 годзе яна ўключана ў склад Беларускай энергасістэмы, з заводскай становіцца, скажам так, сталічнай і бярэ на сябе адказнасць за вельмі шырокае кола гарадскіх спажыўцоў, забяспечвае цеплавой і электрычнай энергіяй больш за 20% карыстальнікаў.

Нязменным застаўся курс на самае дасканалае абсталяванне, пастаяннае імкненне за навукова-тэхнічным прагрэсам. Дастаткова прасачыць хаця б асноўныя этапы абнаўлення вытворчых магутнасцяў. 1955 год: уведзена новае прагрэсіўнае абсталяванне ў рамках будаўніцтва першай чаргі. 1957 год: завершана будаўніцтва другой чаргі. Пачатак 60-х гадоў: пашырэнне ЦЭЦ-3 (трэцяя чарга) прадаўжалася з прымяненнем найбольш эфектыўнага на той час у СССР абсталявання. Былі ўстаноўлены магутныя турбаагрэгаты і катлы, удасканальвалася цеплавая схема. Толькі адзін штрых: калі абсталяванне першай і другой чаргі было разлічана на параметры 100 атм і 500 °С, то пры далейшым пашырэнні ЦЭЦ гэтыя паказчыкі выраслі адпаведна да 130 атм і 550 °С.

З данецкага вугалю і антрацытавага штыбу (спрошчана — пылу) перайшлі працаваць на газамазутнае паліва, што суправаджалася рэканструкцыяй энергетычных котлаагрэгатаў. Цікавая дэталь: у гэты перыяд на станцыі ўпершыню ў галіне былі ўведзены і асвоены галаўныя ўзоры турбіны Т-100-130 і катла ТП-87, якія потым сталі актыўна ўкараняцца на іншых электрастанцыях.

Раслі сталіца і яе індустрыя, развівалася і станцыя. Ажыццяўленне спецыяльнага праекта пашырэння Мінскай ЦЭЦ-3 у пачатку 80-х дазволіла перавесці сістэму хімводаачысткі падпіткі катлоў з падземнай крыніцы водазабеспячэння на паверхневую, пры гэтым прадукцыйнасць павялічылася. Уведзена новая сістэма газазабеспячэння, якая абумовіла пераход станцыі на газавае паліва. А з эксплуатацыі былі выведзены дымавыя трубы вышынёй 100 м і пабудавана новая 180-метровая, што дазволіла ў 4 разы знізіць канцэнтрацыю шкодных выкідаў у атмасферу ў зоне ўплыву станцыі.

Цікавімся ў ветэрана вытворчасці яшчэ адной сапраўды наватарскай, нават эпахальнай падзеяй у айчыннай энергетыцы, да якой калектыў станцыі меў самае непасрэднае дачыненне — пускам парагазавага блока ПГУ-230 у 2009 годзе.

— Гэта быў самы магутны і эканамічны блок у энергасістэме Беларусі, яго магутнасць складала 230 МВт і 136,5 Гкал/г. Абсталяванне паступіла ад розных вытворцаў — з Швейцарыі, Славакіі, Расіі, і спатрэбілася, не спыняючы станцыі, усё ўвязаць, адладзіць у адзіны агрэгат. Нашы спецыялісты аказаліся на вышыні. Скажу нават больш: рэалізацыя маштабнага праекта, аналагаў якому не было, запатрабавала сумесных намаганняў Мінэнерга, ДВА «Белэнерга», РУП «Мінскэнерга», ААТ «Белэнергабуд», шэрагу лепшых профільных праектных, мантажных і іншых арганізацый. Група работнікаў заслужана атрымала дзяржаўныя ўзнагароды.

Пераход на ўкараненне парагазавых тэхналогій у энергетыцы Беларусі сябе апраўдаў. Летась ПГУ далі 30% усёй электраэнергіі ў рэспубліцы і дазволілі істотна знізіць расход паліва на яе выпрацоўку.

Курс на навукова-тэхнічны прагрэс вытрымліваецца. Распрацавана тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне рэканструкцыі чаргі 140 ата. У цэхі прыйдзе яшчэ больш магутнае абсталяванне — сучасныя турбаагрэгаты і катлы, параметры якіх адпавядаюць лепшым сусветным узорам. Будуць абноўлены ўсе тэхналагічныя схемы. Стаіць задача поўнай аўтаматызацыі тэхналагічных працэсаў.

— Вельмі важна, што за 65 гадоў сфарміраваўся ўнікальны па сваіх прафесійных і чыста чалавечых якасцях калектыў, — палічыў патрэбным падкрэсліць падчас нашай размовы намеснік дырэктара Юрый Унуковіч. — Гэта той асноўны рэсурс, які забяспечвае бесперабойную дзейнасць прадпрыемства. Калі спрабаваць называць прозвішчы, то не хопіць ніякага месца, бо спатрэбіцца ўспомніць ледзьве не ўсіх, хто звязаў свой лёс з ЦЭЦ-3, а зараз пайшоў на заслужаны адпачынак. Свой вопыт і творчыя адносіны да прафесіі яны перадалі змене высокакваліфікаваных і адданых справе спецыялістаў. Аб гэтым сведчыць такі факт: у маі 2009 года станцыю наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка, які даў высокую ацэнку рабоце калектыву энергетыкаў.

Субяседнік расказаў і пра тое, што на станцыі ўдзяляецца ўвага сацыяльным пытанням. У 1995 годзе быў уведзены ў эксплуатацыю 72-кватэрны жылы дом у Чыжоўцы. Яшчэ адзін 45-кватэрны дом здадзены ў 2008 годзе. Штогод на прадпрыемстве праводзяцца спартакіяды, на працягу дзесяці гадоў працуе хор народнай песні...

Святкаванне 65-годдзя Мінскай ЦЭЦ-3 пройдзе 22 — 23 снежня. Адбудуцца сустрэча кіраўніцтва і калектыву станцыі з ветэранамі, святочны канцэрт, а таксама ўрачыстыя мерапрыемствы з удзелам адміністрацыі Заводскага раёна і вучняў падшэфнай сярэдняй школы № 162 сталіцы.

Уладзімір БЯРЭЗІН, Вераніка ХІЛЬКЕВІЧ

РУП «Мінскэнерга» УНП 100071593

Загаловак у газеце: Ад заводскай — да сталічнай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».