Вы тут

Навагодняя тэма


Пра снег я ўжо напісала. Мінулым разам. Як толькі напісала, ён канчаткова знік з твару нашай брэсцкай зямлі. Усё цяпер чорнае, панурае, амаль як у паэта: «У акне слата, і ў душы — там і там бязлюдна...» Але ж хутка Новы год! Свята ўсё роўна прарываецца рознымі праявамі ў дамы, офісы і душы. Дзяды Марозы танцуюць са сваімі Снягуркамі па мокрым асфальце. Іх сядзібы цяпер паадкрывалі не толькі ў кожным горадзе, але, здаецца, і ў кожным другім аграгарадку.


Паводле агентурных дадзеных, гэтым фактам не асабліва задаволены наш самы галоўны, адзіны сапраўдны, афіцыйна зацверджаны пушчанскі Дзед. Ён мае рэзідэнцыю, світу, паўнамоцтвы, міжнародныя абавязацельствы і многае іншае. Ну, напрыклад, хто мае права аддаць каманду пагранічнікам прапусціць Новы год праз мяжу? Толькі ён. Хто можа сустракаць замежных калег і ладзіць для іх як пратакольныя, так і нефармальныя мерапрыемствы? Зразумела, гаспадар пушчанскай рэзідэнцыі. Ён і ладзіць. Да яго прыязджалі многія: і барадаты чараўнік з Вялікага Усцюга і фінскі весялун Ёлупукі.

Імя апошняга, дарэчы, дакладна перакладаецца як «калядны казёл». Дык вось гэты рагаты таварыш, паводле тых жа агентурных дадзеных, але не вельмі дакладных, бо агентам выступала Баба Яга, падчас візіту так захапіўся дэгустацыяй «пушчанкі»... У данясенні не было падрабязнасцяў, вядома толькі, што на выніковы брыфінг да журналістаў ён выйсці не здолеў. Але праблему з гэтага рабіць не сталі. Тэрмінова апранулі ў касцюм каляднага казла вадзіцеля апошняга, той і вымавіў колькі пратакольных слоў. Словам, абышлося. Ды такія справы, згадзіцеся, пад сілу саліднай установе, а не камандзе перасоўных вагончыкаў, якіх у кожным горадзе назвалі сядзібамі альбо домікамі местачковага Дзеда Мароза.

«Цяпер такі свет, што ўсё вырашаюць грошы», — сказала мне адна з апошніх жыхарак далёкай пушчанскай вёсачкі. А гэта і ёсць самая дакладная расшыфроўка сэнсу камерцыйных праектаў, якімі і з'яўляюцца навамодныя сядзібы. Бо ля кожнай пазначаная цана за ўваходны білет. «Дык і там жа не задарам» — скажа нехта пра памесце галоўнага навагодняга персанажа. Ну і замежныя Ёлупукі, Санта Клаўсы, трэба думаць, не на грамадскіх пачатках дораць казку дарослым і дзецям. За казку трэба плаціць. Таму давядзецца змірыцца сапраўднаму Дзеду з паяўленнем мноства двайнікоў. У рэшце рэшт не ўсе могуць дазволіць сабе паехаць у пушчу на святы, а крышачку казкі хочацца калі не ўсім, то многім. Як і калядных падарункаў.

Падарункаў нам цяпер прапануецца багата. Кітайская мясцовая прамысловасць пастаралася. Не толькі вялікія гандлёвыя прадпрыемствы, але і любы газетны кіёск ужо падрыхтаваў цэлыя паліцы не вельмі патрэбнай, але яркай і даволі прывабнай драбязы. Пакуль аўтар гэтых радкоў гартала свежыя газеты ў магазіне «Прэса», яе ўгаварылі купіць пластмасавую ёлачку на батарэйцы за чатыры з капейкамі. Маладая гаварлівая прадавец усміхалася: «Каму-небудзь абавязкова спатрэбіцца для падарунка». Давялося пагадзіцца. Успомніла, што дачка пойдзе павіншаваць малога хрэсніка, дык у дапаўненне да іншых падарункаў ёлачка, якая мільгае, самае тое.

А пра пеўня як сімвал будучага года кітайскія вытворцы паклапаціліся, мусіць, з вясны. Бо розных куранят-пеўнікаў, іншых цацак на гэту тэму — і завадных, і на батарэйках — вочы разбягаюцца. Зайшла ў краму тканін, там ёсць сурвэткі, ручнікі з пеўнямі. «Ручнік з пеўнямі» — няўжо ў Кітаі Булгакава чыталі? — першае, што прыйшло ў галаву. Не, там проста камерцыйная думка працуе, як электронная машына. А мы многа думаем, разважаем, асэнсоўваем, таму і адстаём. Па гэтай прычыне і пеўнікі ў нашых магазінах прыгожыя, яркія, рознакаляровыя, ды не свае. Нашы ў дварах руплівых вясковых гаспадынь ходзяць як прататыпы, мадэлі будучых сувеніраў.

Адзін кобрынскі пяюн адзначыўся нядаўна на зусім высокім узроўні. Не верыце? На прамую лінію да губернатара ў мінулую суботу пазваніла жанчына са скаргай на зачынены магазін. Як стала зразумела потым, гаварыла не ў хаце, на вуліцы, цяпер такія тэлефонныя апараты, што дазваляюць. Было чуваць, што заяўніца трошкі хвалюецца: усё ж з першай асобай размаўляе. У нейкі момант узнікла паўза... якую запоўніла гучнае і выразнае «Ку-карэ-ку!». Любы рэжысёр пазайздросціць. Певень нібы хацеў дапамагчы гаспадыні завастрыць праблему, узмацніць экспрэсію. І здолеў. Усе, хто сядзелі ў зале, ажывіліся і расплыліся ў добрых усмешках. І тут жа пра сябе ўспомнілі пра Новы год. Бо рэклама і гандаль ужо даўно і трывала пасялілі гэтага гарластага персанажа ў нашу падсвядомасць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.