Вы тут

«Паміж песнямі» — музыка


Юнкары, мы пачынаем!

З сённяшняга нумара «Чырвонка. Чырвоная змена» пачынае друкаваць найлепшыя «пробы пяра» юных і маладых няштатных аўтараў, якія былі дасланы на наш творчы конкурс. Так атрымалася (і, упэўнены, гэта не выпадковасць), што гонар распачаць эстафету спаборніцтва выпаў удзельнікам з Маладзечна. Падчас правядзення апошніх творчых конкурсаў менавіта яны, члены гуртка журналістыкі пры мясцовым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі, паказалі сябе як найбольш актыўныя і крэатыўныя аўтары. Малайцы, так трымаць! Вашы работы — прыклад для іншых. Так што раім тым, хто хоча, але яшчэ не далучыўся да творчага спаборніцтва, не зацягваць з гэтым. Прайграўшых не будзе! А пераможцы да ўсяго атрымаюць граматы і рэкамендацыі для паступлення на журфак (тыя, хто збіраецца «штурмаваць» яго ў 2017 годзе). Таму вынікі творчага конкурсу будуць падведзены да пачатку ўступнай кампаніі. Нагадаем, што з умовамі яго правядзення можна азнаёміцца ў нумары «Чырвонкі. Чырвонай змены» ад 21.10.2016 года ці на сайце газеты. Чакаем вашых допісаў!


«Паміж песнямі» — музыка

Уладзіслаў Саевіч, Андрэй Мялюк, Яўген Саевіч.

Сёлета Маладзечна было абвешчана культурнай сталіцай Беларусі. Упэўнена, што выбар — не выпадковы. Сапраўды, наш горад поўны талентаў у розных сферах: музыцы, паэзіі, жывапісе... Апошнім часам асабліва стала развівацца маладзёжная рок-культура, з'яўляюцца новыя цікавыя калектывы. Выдатна, што маладым людзям ёсць што сказаць і яны спрабуюць прыўнесці штосьці новае ў наша жыццё.

На адным з фестываляў у Маладзечанскім амфітэатры я пазнаёмілася з трыма братамі, маімі равеснікамі: Андрэем Мелюком, Уладзіславам і Яўгенам Саевічамі. Раней хлопцы ігралі ў розных гуртах, але каля года таму вырашылі аб'яднацца.

— Аднойчы нам спадабаўся выраз Жэні: Bеtwееn Sоngs. Мы не вывучалі англійскую мову, і ён растлумачыў, што ў перакладзе гэта азначае «паміж песнямі». Я зразумеў гэта так: да нас былі музыкі і пасля нас будуць, а мы іграем цяпер. Аднагалосна прызналі, што гэта назва падыходзіць для нашага гурта, — успамінае Андрэй Мялюк.

Кампазіцыі юнакі пішуць самі. Неяк зімой яны вырашылі сабрацца і паспрабаваць прыдумаць сваю музыку, не падобную на іншую. Пасля некалькіх рэпетыцый прадумалі партыі для інструментаў і запісалі плэйбэк.

Браты называюць сваю музыку эксперыментальнай. Яны не прытрымліваюцца пэўнага стылю і выкарыстоўваюць элементы розных жанраў. Галоўнае адрозненне гурта ад многіх іншых у тым, што яны выконваюць толькі музыку.

— Вакол нас і так шмат спевакоў. Практычна на любую тэму можна знайсці кампазіцыю. А вось калі гучыць проста музыка, кожны чуе ў ёй нешта сваё, успрымае па-свойму. Напэўна, таму ніхто з нас і не спрабаваў спяваць, — выказваюць сваё меркаванне хлопцы.

Калектыў пакуль не паспеў абзавесціся шматлікімі прыхільнікамі. Але ў найбліжэйшых планах — запісаць міні-альбом і выкласці яго ў інтэрнэт, каб зразумець, ці будзе іх стыль цікавы слухачам:

— У кожнага чалавека свае густы. Вядома, камусьці наша творчасць спадабаецца, некаму, магчыма, не. Галоўнае, каб мы самі разумелі, чаго хочам і ў якім накірунку нам рухацца. Каб дамагчыся поспеху, трэба мець мэту. Да таго ж мы самі павінны атрымліваць задавальненне ад творчага працэсу.

Удзельнікі гурта Bеtwееn Sоngs сцвярджаюць, што ўжо не ўяўляюць свайго жыцця без музыкі. Часам яна падымае настрой, але часцей юнакі слухаюць яе, калі сумна, таму што яна супакойвае і прыносіць новыя ідэі.

Пра аўтара

Сёлета 17-гадовая Валерыя заканчвае школу і плануе паступаць у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт гісторыі, камунікацыі і турызму.

— Акрамя заняткаў у гуртку па журналістыцы, мне падабаецца рабіць падарункі сябрам сваімі рукамі, — кажа аўтарка пра сябе. — Я вельмі люблю жывёл і заўсёды падкормліваю бяздомных катоў і сабак. А дома ў нас жыве кот Жора, якога я таксама падабрала на дварэ. Яшчэ мне падабаецца фатаграфаваць, і я з задавальненнем удзельнічаю ў розных фотаконкурсах.

Валерыя ГМЫЗА, вучаніца 11-га класа СШ №4 г. Маладзечна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.