Вы тут

Праект «МедыяГід» распрацавалі ў ГрДУ імя Янкі Купалы


Праект па павышэнні медыяадукаванасці «МедыяГід» распрацавалі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Ён стаў вынікам сумеснай працы студэнтаў і выкладчыкаў кафедры журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму. Сярод ключавых задач праекта — павышэнне медыяадукаванасці насельніцтва і прыцягненне ўвагі аўдыторыі да пагроз, звязаных са знаходжаннем у інтэрнэце.


«МедыяГід» плануецца рэалізаваць у рамках Інавацыйнага медыйнага кластара. Да вырашэння праблемы ліквідацыі медыянеадукаванасці і будуць прыцягнуты прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, Гродзенскага аблвыканкама, Беларускага саюза журналістаў, СМІ і школ.

Усяго прадугледжана шэсць этапаў праекта. Першы ўжо ўвасабляецца ў жыццё. У яго рамках адбываецца фарміраванне цікавасці насельніцтва да медыяадукаванасці. Студэнты кафедры журналістыкі стварылі сацыяльную рэкламу — невялікія відэаролікі з удзелам медыяперсон Гродзеншчыны, якія заклікаюць гледачоў выконваць элементарныя правілы медыйнай адукаванасці: пазбягаць «інфармацыйнага смецця», правяраць інфармацыю, атрыманую з інтэрнэту, не размяшчаць асабістую інфармацыю ў сацыяльных сетках, не пераводзіць грошы незнаёмым асобам на іх электронныя рахункі.

На другім этапе ўдзельнікі праекта правядуць сацыялагічнае даследаванне, скіраванае на вывучэнне асаблівасцяў медыяспажывання моладзі. На трэцім пройдуць сустрэчы, лекцыі, майстар-класы і іншыя мерапрыемствы ў школах, гімназіях і ліцэях, а таксама будуць створаны клубы «МедыяГід» ва ўстановах адукацыі і культуры.

На чацвёртым этапе плануецца ўвесці медыятопік «Медыяадукаванасць» у парадак дня гродзенскіх СМІ. На пятым — стварыць медыядом «Беларуская журналістыка: учора, сёння, заўтра», дзе будзе размешчана гісторыя журналістыкі Гродзеншчыны, з'явяцца алічбаваныя копіі самых яркіх і рэзанансных матэрыялаў вядомых журналістаў. Да інфармацыйнага напаўнення рэсурсу будуць прыцягнуты маладыя журналісты.

І, нарэшце, на шостым этапе плануецца падрыхтоўка метадычных матэрыялаў па медыяадукаванасці і медыяадукацыі для беларускіх школ і ВНУ.

Для даведкі: інавацыйны медыйны кластар Гродзенскай вобласці быў створаны ў сакавіку гэтага года. Сярод яго заснавальнікаў — галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і рэдакцыя газеты «Гродзенская праўда».

Дзейнасць структуры скіравана на распрацоўку і ўкараненне інфармацыйна-камунікацыйных інавацый у рэгіянальныя СМІ, падрыхтоўку і перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі кадраў.

Таксама запланавана выкананне навукова-даследчых работ па вырашэнні актуальных і перспектыўных праблем рэгіянальнай інфармацыйнай прасторы, рэалізацыя спецыяльных праектаў, удзел у праграмах міжнароднага супрацоўніцтва.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Скажам «не» інфармацыйнаму смеццю!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.