Вы тут

Музей на экране смартфона з'явіўся ў БДПУ


Пабачыць яго можна ў БДПУ.

Ці ведаеце вы, навошта апошні расійскі імператар Мікалай ІІ сустракаўся з прадстаўнікамі Мінскага настаўніцкага інстытута ў 1914 годзе? А чаму на многіх групавых здымках выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага вышэйшага педагагічнага інстытута асобныя твары замазаны? Ці навошта ў вучэбнай установе былі кулямёты? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні можна знайсці ў абноўленым музеі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка.


Смарт­фон ці план­шэт — не­аба­вяз­ко­вы, але па­жа­да­ны ін­стру­мент для пра­гля­ду экс­па­зі­цыі.

З першага ж погляду новы музей, які размясціўся ў холе трэцяга паверха галоўнага корпуса БДПУ, здзіўляе сваёй тэхналагічнасцю. Акрамя традыцыйных стэндаў з дакументамі і гістарычнымі прадметамі, тут знаходзіцца цэлы набор інтэрактыўных сродкаў, якія нячаста пабачыш у іншых установах такога кшталту. Так, кожны наведвальнік можа скарыстацца адным з інфакіёскаў у выглядзе сэнсарных панэляў, што размешчаны на сценах, каб атрымаць тэкставую і візуальную інфармацыю пра гісторыю БДПУ, яго знакамітых выпускнікоў, прагледзець як архіўныя хронікі, так і знятыя ў апошнія гады ролікі пра жыццё ўніверсітэта. Прычым у лічбавым выглядзе захоўваюцца і тыя экспанаты, якіх няма на стэндах.

Кожная фатаграфія, прадстаўленая ў экспазіцыі, — таксама інтэрактыўны элемент. Усталяваўшы спецыяльную праграму на свой смартфтон ці планшэт і адсканаваўшы пры дапамозе камеры QR-код, размешчаны каля кожнага здымка, можна пабачыць на экране выяву ў найлепшай якасці, а таксама вялікае тэкставае апісанне да яе. У гэтай жа праграме можна прагледзець відэа з камер, якія ўсталяваны ў зале музея, у рэжыме анлайн.

— Музей у нашым універсітэце існаваў і раней, ён адкрыўся ў 1995 годзе, — расказвае рэктар БДПУ, прафесар Аляксандр ЖУК. — Але знаходзілася экспазіцыя ў невялікім памяшканні, была не так багата абсталяваная. Цяпер жа мы маем выдатную пляцоўку з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій. Разлічваем, што гэты музей, па-першае, будзе важны для нашых студэнтаў, будучых педагогаў, якія змогуць даведацца больш пра традыцыі і гісторыю ўстановы, у якой яны навучаюцца. Па-другое, візіт сюды будзе цікавым і для абітурыентаў. Мы ўжо цяпер разумеем, што рыхтаваць будучых студэнтаў трэба яшчэ са школы (для гэтага, напрыклад, ствараем педагагічныя класы, якіх у краіне ўжо больш за 300), і музей стане добрым памочнікам. Менавіта таму мы і рабілі ўхіл на выкарыстанне смартфонаў — моладзі гэта блізка. Ну і, па-трэцяе, універсітэт наведвае шмат гасцей, у тым ліку замежных, — будзе што ім паказаць. Упэўнены: новы музей не стане намінальным, а будзе актыўна выкарыстоўвацца.

Сама экспазіцыя цікавая не толькі для звязаных з педагогікай людзей. Гісторыя ўніверсітэта — адлюстраванне лёсу краіны, і ў экспазіцыі музея БДПУ гэта добра прасочваецца.

— У пачатку мінулага стагоддзя мінскі губернатар звяртаўся да Мікалая ІІ з просьбай адкрыць у горадзе настаўніцкі інстытут, каб рыхтаваць настаўнікаў для работы ў гімназіях, семінарыях, а не толькі для сельскіх школ, — праводзіць экскурс намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце гістарычнага факультэта БДПУ Мікалай ЕСЯЛЁНІС. — Так выйшла, што адкрыццё ўстановы практычна супала з візітам імператара ў Мінск 22 кастрычніка 1914 года — ён прыехаў у горад на некалькі гадзін, каб асабіста наведаць параненых афіцэраў і салдат у мясцовым шпіталі і ўручыць ім узнагароды. Вядома, усё вышэйшае саслоўе Мінска сабралася, каб вітаць імператара, сярод іх была і група прадстаўнікоў настаўніцкага інстытута. Захаваўся здымак з той сустрэчы, яго можна пабачыць у экспазіцыі.

Асабліва добра гісторыю 1930-х ілюструюць здымкі, якія раней лічылі пашкоджанымі. На групавых фатаграфіях выкладчыкаў асобныя твары быццам бы зацёртыя — аказваецца, студэнты ВНУ ўласнымі рукамі замалёўвалі тых людзей, якіх асудзілі як «ворагаў народа». Іншы дакумент гэтага ж часу — фота з заняткаў кулямётнага гуртка ў 1938 годзе: зброю выкарыстоўвае... дзяўчына. Пачатковая ваенная падрыхтоўка ў Савецкім Саюзе тады была абавязковай для ўсіх грамадзян, не зважаючы на пол.

Яшчэ адзін эпахальны гістарычны здымак — з цырымоніі ў Сан-Францыска ў 1945 годзе, калі быў зацверджаны Статут Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. Удзел у стварэнні дакумента прымала і дэлегацыя з БССР, два чалавекі з яе складу прадстаўлялі Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага. Тут жа захоўваецца асобнік Статута, падпісаны беларускімі ўдзельнікамі канферэнцыі.

...Такіх гісторый тут — сотні. Асобны стэнд прысвечаны Максіму Танку, імя якога носіць БДПУ цяпер, яшчэ адзін — унікальнай традыцыі «Зорных паходаў», падчас якіх студэнты і выкладчыкі ўжо больш як 50 гадоў запар наведваюць месцы баявой славы, дапамагаюць ветэранам, даглядаюць помнікі. Таму калі вас цікавіць гісторыя, абавязкова зазірніце на трэці паверх галоўнага корпуса БДПУ — і не забудзьцеся пра планшэт!

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.