Вы тут

У маладзёжнай сталіцы прайшоў рэспубліканскі конкурс «Лідар года»


У маладзёжнай сталіцы Беларусі на базе Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта ўпершыню прайшоў рэспубліканскі конкурс «Лідар года». Удзел у ім узялі самыя актыўныя студэнты з 16 ВНУ краіны.


Прэтэндэнтаў на гэта званне чакаў шэраг конкурсных выпрабаванняў, у тым ліку марафон відэакліпаў «Я шчаслівы як ніхто!!!» і літаратурных візітных картак. У відэакліпе фіналісты павінны былі прадставіць сюжэтнае музычнае відэа, у якім яны дэманстравалі свае дасягненні, унікальнасць і дэвіз па жыцці. А ў сваёй літаратурнай візітоўцы прэзентавалі сябе ў форме найбольш блізкага ім літаратурнага жанру: байкі, верша, легенды, казкі і г.д.

У конкурсным выпрабаванні «Універсітэт будучыні» фіналістам спатрэбілася аратарскае майстэрства: лідары выкладалі дакладную стратэгію дзеянняў студэнцкага самакіравання на бягучы навучальны год, прычым з прэзентацыяй канкрэтных мерапрыемстваў, дзеянняў і праектаў.

Падчас інтэлектуальнага паядынку «Лідар-менеджар — гэта Я» фіналістам прапанавалі выказаць сваё меркаванне па сцвярджэнні, звязаным з абранай тэмай, а таксама максімальна хутка вырашыць нестандартную сітуацыю: «Вы — кіраўнік студэнцкага савета, у якога ёсць геніяльная ідэя, супраць якой выступае рэктар», «Вам давядзецца сустрэцца з важным чалавекам, імя і імя па бацьку якога вы забылі...», «Вам даручылі правесці маштабную акцыю, важнасць якой разумеюць не ўсе студэнты...»

Канкурэнтнай, спаборніцкай атмасферы на конкурсе не было. Наадварот, студэнты актыўна наладжвалі сяброўскія сувязі, дзяліліся вопытам і з усіх сіл імкнуліся падтрымаць таварышаў. «Мы хадзілі адзін да аднаго на прэзентацыі, дапамагалі нават падшываць касцюмы, — расказаў старшыня студэнцкага савета, студэнт IV курса БДУІР Ілья ЛЯСУН. — 20 хвілін спрабавалі дапамагчы дзяўчыне з БНТУ расшпіліць сукенку — заеў замок! Набліжаўся інтэлектуальны конкурс, а на ёй была сукенка ў стылі сярэднявечча. Пасля некалькіх беспаспяховых спроб я сказаў ёй: «Нічога страшнага, выходзь так, з каронай — наадварот, весялей будзе!» І на гэтых словах замок нарэшце паддаўся».

Эрудыцыя і лідарскія якасці дапамаглі студэнту БДУІР вывесці свой універсітэт у фінал і стаць там пераможцам у намінацыі «Я шчаслівы як ніхто!!!». А лідарам года па рашэнні журы стаў Раман ШУХНО з Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Творчымі натхняльнікамі і арганізатарамі конкурсу выступілі Міністэрства адукацыі і Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт. Нагадаем, што маладзёжнай сталіцай Беларусі ў 2016 годзе на конкурснай аснове быў выбраны горад Баранавічы. У 2017 годзе на статус маладзёжнай сталіцы прэтэндуюць Полацк, Ліда, Шклоў і Маладзечна. Менавіта гэтыя чатыры гарады выйшлі ў фінал конкурсу.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: «Я шчаслівы як ніхто!!!»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.