Вы тут

Прайшла сумесная тэлефонная лінія Мядзельскага райвыканкама і «Звязды»


На сумесную прамую тэлефонную лінію, якую зладзілі Мядзельскі райвыканкам і газета «Звязда», звярнулася мясцовая жыхарка. Жанчына паскардзілася, што на аўтазапраўках прадаюць спіртное круглыя суткі. І яе муж панадзіўся начамі бегаць за «зладзейкай з наклейкай». Зразумець заяўніцу можна, паколькі такія штодзённыя вылазкі моцна б'юць па сямейным бюджэце, які, мякка кажучы, не гумавы. Кабета прасіла, каб прыкрылі лазейку.


Першы намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Валасевіч адказаў, што пра гэтую праблему мясцовыя ўлады ведаюць. Але вырашыць яе не ў іх кампетэнцыі, паколькі прадаўцы маюць адпаведную ліцэнзію. Тым больш што аналагічная сітуацыя склалася па ўсёй краіне. Трывогу з гэтай нагоды б'юць і органы правапарадку. На жаль, воз, як кажуць, і сёння там. Пытанне павінна вырашацца на ўзроўні ўрада, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Ды і наогул, аднымі забаронамі праблему не вырашыш. Аматар выпіць знойдзе, дзе купіць гарэлку.

Другі званок быў ад жыхаркі курортнага пасёлка Нарач, якой перашкаджаюць бадзяжныя сабакі: «Нельга выйсці з крамы. Сунуць пысу проста ў сумкі з прадуктамі». Жанчына патрабавала адстрэльваць жывёл. Але Уладзімір Васільевіч растлумачыў, што страляць у такім выпадку нельга. Гэта жорстка ў дачыненні да сабак, ды і для людзей небяспечна.

— А чаму вы не адкрыеце прытулак за кошт бюджэту? — пацікавілася заяўніца.

Чыноўнік растлумачыў, што за бюджэтныя сродкі будаваць прытулак дорага. Разам з тым, безнаглядных жывёл рэгулярна адлоўліваюць спецыяльныя брыгады. Да праблемы можна падысці і з іншага боку: хто разводзіць «нічыйных» сабак? Самі людзі. Нацешацца, ды і выкінуць на вуліцу, як непатрэбную рэч. А тыя збіраюцца ў зграі, небяспечныя для людзей.

Усяго за тры гадзіны на «тэлефонную лінію» паступіла толькі два званкі. Гэта можа сведчыць пра тое, што ў раёне наладжана добрая зваротная сувязь з насельніцтвам. І, зрэшты, сур'ёзных праблем у прынцыпе не ўзнікае.

— За 9 месяцаў гэтага года на суботніх «прамых тэлефонных лініях» зафіксаваны 44 звароты. За такі ж час летась іх было 52. Інфармацыя аб правядзенні такіх мерапрыемстваў штотыдзень змяшчаецца на стэндах райвыканкама, сельскіх выканаўчых камітэтаў, у раённай газеце «Нарачанская зара». Акрамя таго, пастаянна ладзяцца прыёмы грамадзян кіраўніком раёна, яго намеснікамі, членамі выканкама і райсаветам, у тым ліку і з выездам на месцы.

Да кожнага пытання — індывідуальны, узважаны падыход, запэўнівае кіраўніцтва Мядзельскага райвыканкама. Кожнае пытанне вырашаецца ў межах дзеючага заканадаўства. У раёне распрацаваны графік чарговасці ўладкавання і асфальтавання дарог, капітальнага рамонту жыллёвага фонду. Інфармацыя пра гэта надрукавана ў раённай газеце. Створана таксама адпаведная камісія, якая вырашае, якія аб'екты ў першую чаргу патрабуюць рамонту. Гэта знізіла колькасць зваротаў. Людзі ведаюць, напрыклад, калі будзе рамантавацца іх дом, асфальтавацца або падсыпацца жвірам іх вуліца.

— Мы не раздаём пустых абяцанняў, — кажа Уладзімір Валасевіч. — Абяцаем толькі тое, што можам рэальна зрабіць, і даём заяўніку аргументаваны адказ. Можна абяцаць і не выканаць, а гэта ўплывае на аўтарытэт улады.

У раёне распрацаваны графік чарговасці ўладкавання і асфальтавання дарог, капітальнага рамонту жыллёвага фонду. Інфармацыя надрукавана ў раённай газеце. Створана таксама адпаведная камісія, якая вырашае, якія аб'екты ў першую чаргу патрабуюць рамонту.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

nadzieja@zviazda.by

Загаловак у газеце: Без пустых абяцанняў

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.