Вы тут

Як зрабіць лекі для птушак


Грып, хваробы Ньюкасла ці Гамбара і дзясяткі іншых могуць знішчаць цэлыя пагалоўі на птушыных фермах.
Але гэтага не адбываецца ў тым ліку і дзякуючы намаганням вучоных. Старшы навуковы супрацоўнік аддзела хвароб птушак, пчол і 
фізіка-хімічных даследаванняў Інстытута эксперыментальнай ветэрынарыі імя С.М. Вышалескага Нацыянальнай акадэміі навук Надзея КНЫШ ужо даўно і паспяхова стварае лекі для птушак. Сёлета яна атрымала за сваю працу стыпендыю Прэзідэнта краіны.


Для на­ву­коў­цаў-ве­тэ­ры­на­раў яй­кі — важ­ны да­след­чыц­кі ма­тэ­ры­ял.

— Цікаўнасць да лячэння братоў нашых меншых мне перадалася ў спадчыну, — усміхаецца дзяўчына. — Маці па прафесіі ветэрынарны ўрач, працавала загадчыцай лабараторыі ветэрынарна-санітарнай экспертызы. У дзяцінстве заўсёды цягнула жывёл з вуліцы да яе — на лячэнне. Потым вырашыла звязаць з гэтым і сваё жыццё. Пасля школы паступіла ў Віцебскую ветэрынарную акадэмію, адвучылася там пяць гадоў. Аднакурснікі пераважна марылі пра работу ў прыватных клініках, але лёс распарадзіўся інакш. Большасць з іх увогуле цяпер працуюць не па спецыяльнасці. Мяне ж чакала размеркаванне, а ехаць адпрацоўваць у глыбінку не надта хацелася — за пяць гадоў я і так засумавала па Мінску і сябрах, якія засталіся тут. Таму пачала сама шукаць установу, якая б прыняла маладога спецыяліста. Прыехала сюды проста спытаць пра наяўнасць вакансій, а ўжо праз тыдзень выйшла на працу.

Гэта было ў 2004 годзе. Ужо налета малады ветэрынар паступіла ў аспірантуру (вучылася завочна паралельна з работай). З самага пачатку дзяўчына працавала над пошукам дзейсных вакцын для лячэння птушак, у першую чаргу — курэй.

— Мы адсочваем сітуацыю з хваробамі птушак па ўсёй Беларусі, — кажа навуковец. — Напрыклад, ёсць чатыры гаспадаркі, дзе зафіксавана наяўнасць інфекцыйнага ларынгатрахеіту (вострага рэспіраторнага захворвання курэй, смяротнасць ад якога дасягае 50 працэнтаў. — Аўт.), адпаведна, там праводзяцца рэгулярныя вакцынацыі.

Аднак калі мы правялі даследаванні на шэрагу іншых фабрык, то выявілі антыцелы да гэтай інфекцыі ў 30—60 працэнтах пагалоўя птушак. Гэта значыць, што вірус цыркулюе ў многіх гаспадарках і трэба як мага хутчэй браць яго пад кантроль, каб не пачалася эпідэмія. Тым больш што некаторыя з «небяспечных» фабрык пастаўляюць інкубацыйныя яйкі і куранят у гаспадаркі па ўсёй Беларусі. Акрамя таго, вытворцы абменьваюцца паміж сабой тарай — гэта таксама спрыяе распаўсюджванню інфекцый. Да 1995 года ў нашай краіне вакцыны для птушак зусім не выпускаліся, ды і цяпер мы набываем каля 80 працэнтаў прэпаратаў за мяжой, таму праца ў гэтым кірунку вельмі актуальная для эканомікі.

Падчас рэалізацыі шэрагу дзяржаўных праграм Надзея распрацавала некалькі вакцын: адна была скіравана на барацьбу з інфекцыйным ларынгатрахеітам птушак, другая — з інфекцыйнай бурсальнай хваробай (яе яшчэ называюць хваробай Гамбара — вірус пашкоджвае стрававальную сістэму і ныркі і забівае да 20 працэнтаў пагалоўя), а таксама для барацьбы з бранхітам курэй і хваробай Ньюкасла. Прэпараты ўжо зарэгістраваны, выпушчаны і паспяхова прымяняюцца на некаторых птушкафабрыках.

— У нашай краіне перавага аддаецца папярэджанню захворванняў, а не лекам хуткага дзеяння, менавіта таму мы робім ухіл на распрацоўку вакцын, — тлумачыць Надзея. — Прынцып дзеяння просты: мы ўводзім у арганізм птушкі аслаблены вірус, імунітэт яго «перамагае», і жывёла становіцца неўспрымальнай да хваробы. Але такі аслаблены вірус яшчэ трэба атрымаць шляхам культывавання або пошуку штамаў з нізкай вірулентнасцю (не здольных выклікаць захворванне, але фарміруючых імунітэт). А далей на аснове дадзенага штаму сканструяваць вакцыну. У гэтым і заключалася мая работа. Распрацаваны прэпарат дазваляе скараціць захворванне птушак на 30 працэнтаў і на 15 працэнтаў знізіць іх смяротнасць.

У ві­ва­рыі жы­ве цэ­лы заа­парк: ад ку­рэй да мар­скіх сві­нак.

Створаная навукоўцам вакцына дзейнічае на ўсе дамашнія віды птушак (качак, індыкоў, галубоў, якіх трымаюць аматары, і іншых). Цяпер яны могуць быць абароненымі ад чатырох найбольш распаўсюджаных хвароб. Але гэта не значыць, што працу можна лічыць завершанай. Напрыклад, у савецкія часы ў гаспадарках былі распаўсюджаны толькі дзве хваробы: ньюкаслаўская і інфекцыйны бранхіт. Але з развалам СССР у незалежныя рэспублікі трапіла прадукцыя з замежжа, а разам з ёй — новыя захворванні. Акрамя таго, вірусы птушак, як і чалавечыя, маюць здольнасць эвалюцыянаваць і станавіцца неўспрымальнымі да старых прэпаратаў.

— Работу навукоўцы ў нашым інстытуце цяжка апісаць коратка, — сцвярджае Надзея. — Акрамя навуковых распрацовак, праводзім дыягностыку паталагічнага матэрыялу, які паступае з птушкафабрык. Калі ўзнікаюць падазрэнні на небяспечныя хваробы, выязджаем у гаспадаркі. У час працы над новымі прэпаратамі не выходзім з лабараторый. Пачынаецца перыяд справаздач — «жывем» у кабінетах. Ёсць у нас і ўласны віварый — гадавальнік, дзе вырошчваюць курэй, пацукоў, мышэй, марскіх свінак і іншыя віды для эксперыментаў. Таму спектр працы самы шырокі, магчыма, гэта робіць яе цікавейшай.

Нягледзячы на тое, што Інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі лічыцца адным з найбольш практыка-арыентаваных у Акадэміі навук, заробкі тут не самыя высокія. Тым больш да месца прыйшлася стыпендыя Прэзідэнта таленавітым маладым навукоўцам — 350 рублёў сталі істотнай прыбаўкай. Акрамя таго, з Шабаноў, дзе Надзея мае кватэру, да інстытута, што ў Каменнай Горцы, яна дабіраецца на ўласным аўтамабілі. «Цяпер маю бясплатны бензін на цэлы год», — смяецца навукоўца.

— Калі казаць пра будучыню, то я пакуль кардынальна змяняць нічога не планую, — прызнаецца Надзея. — Разам з калегамі пачалі працу над чатырохвалентнай вакцынай, кажучы проста, «кактэйлем» супраць чатырох захворванняў. Расці далей па навуковым кірунку, атрымліваць ступені не збіраюся, пакуль мне дастаткова таго, што ёсць. За што люблю сваю работу? Так, мне падабаецца праца навукоўцы, хоць раней я нават не магла падумаць, што буду гэтым займацца. Навука захапляе. У ёй шмат нечаканага, кожны дзень можна адкрываць для сябе нешта новае. Да таго ж у нас выдатны калектыў — ніколі не засумуеш.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Акрыленыя працай...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».