Вы тут

Чым багатыя нетры краіны


Падчас сесіі адзін раз на месяц дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі збіраюцца разам у Авальнай зале, каб выслухаць даклад прадстаўнікоў урада і задаць ім пытанні. Учора Міхаіл РУСЫ, намеснік прэм'ер-міністра, выступіў перад парламентарыямі з дакладам, прысвечаным здабычы карысных выкапняў у нашай краіне.


Ён паведаміў, што ўся нафта, якая здабываецца ў нас, ідзе на экспарт.

— На сёння выяўлена 82 радовішчы нафты, у тым ліку два радовішчы нафта-газавага кандэнсату, — расказаў Міхаіл Русы. — 75 радовішчаў перададзены на баланс вытворчага аб'яднання «Беларуснафта» для распрацоўкі. Сем знаходзяцца на розных стадыях разведкі і падрыхтоўкі да асваення.

Не менш важны энергетычны рэсурс — торф.

— Калі здабыча нафты напрамую залежыць ад распрацоўкі новых радовішчаў, то здабыча торфу, эксплуатацыйныя запасы якога ў рэспубліцы істотныя, напрамую залежыць ад попыту на яго на ўнутраным і знешніх рынках, — канстатаваў віцэ-прэм'ер. — У краіне маецца звыш 9000 радовішчаў торфу з геалагічнымі запасамі каля чатырох млрд тон. З іх разведаныя запасы складаюць больш за 900 млн тон. Тарфяная прамысловасць краіны сення прадстаўлена 25 арганізацыямі, якія вядуць здабычу і перапрацоўку торфу.

Ці не самымі вядомымі карыснымі выкапнямі ў нас з'яўляюцца калійныя солі. У сусветным экспарце калійных угнаенняў, як і па аб'ёмах запасаў калійных солей, Беларусь займае трэцяе месца пасля Канады і Расійскай Федэрацыі. Па словах намесніка прэм'ер-міністра, нягледзячы на тэндэнцыю частага змянення сусветных цэн на калійныя ўгнаенні, галіна развіваецца дынамічна.

Дэпутат ад Салігорскай выбарчай акругі №68 Андрэй РЫБАК задаў пытанне наконт эфектыўнасці выкарыстання прыродных рэсурсаў нашай краіны, у прыватнасці, тых жа калійных угнаенняў:

— Штогод урад выдае пастанаўленне аб забяспечанасці сельгасарганізацый мінеральнымі ўгнаеннямі і сродкамі абароны раслін, якое, як правіла, цалкам не выконваецца, паколькі не хапае грошай. Пры гэтым пастанаўленне закладвае дастаткова высокі ўзровень унясення мінеральных угнаенняў — відаць, ці не самы высокі ў свеце. Якія ёсць навуковыя абгрунтаванні гэтага? Ці ёсць адпаведная неабходнасць?

— Інстытут аграхіміі і глебазнаўства штогод з мясцовымі органамі ўлады, улічваючы якасць кожнага ўчастка зямлі, вызначае яго натуральны патэнцыял і тое, што павінна «прырасці» за кошт мінеральных угнаенняў, — адказаў віцэ-прэм'ер. — У Расіі, напрыклад, ёсць землі, дзе ўгнаенні ўвогуле не патрабуюцца, у нас жа апошнія неабходны літаральна для кожнага ўчастка.

Дэпутат ад Рагачоўскай выбарчай акругі №45 Уладзіслаў ШЧЭПАЎ пацікавіўся развіццём ільнаводчай галіны.

— Ільнаводства ў нас заўсёды на слыху, — заявіў Міхаіл Русы. — Мы рады бачыць любога інвестара. У краіне мадэрнізаваны цалкам 10 ільноперапрацоўчых заводаў, якія вырабляюць прыкладна 40 тысяч тон ільновалакна. Унутраная неабходнасць — 18 тысяч 900 тон. Лішкі мы экспартуем.

* * *

У многіх парламентарыяў былі пытанні, звязаныя з несправядлівасцю расійскіх санкцый на ўвоз айчынных прадуктаў харчавання. Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч выступіў за тое, каб прад'яўляць іскі за неабгрунтаванае закрыццё паставак беларускіх прадпрыемстваў. На думку спікера, гэты механізм выкарыстоўваецца недастаткова.

— Трэба адназначна ставіць пытанне і для судовага разгляду — прад'яўляць іскі за неабгрунтаванае закрыццё, — перакананы Міхаіл Мясніковіч.

— Мы перадалі ў следчыя органы Расіі дзясяткі фактаў па фальсіфікацыі. Праца па ўсіх напрамках павінна весціся і вядзецца. Пытанне даволі тонкае, — сказаў намеснік прэм'ера. Ён адзначыў, што ў механізмах урэгулявання пытанняў да якасці прадукцыі ёсць і заканадаўчыя прабелы. Паводле слоў віцэ-прэм'ера, беларускія спецыялісты знаходзяцца ў Расіі і вядуць адпаведныя перамовы. Ён выказаў надзею, што неабходнае рашэнне будзе знойдзена.

Падчас сумеснага пасяджэння намеснік прэм'ер-міністра праінфармаваў, што Беларусь павялічвае пастаўкі ў Расію мяса і малака. Спікер верхняй палаты нагадаў, што разам з гэтым спыняюцца цэлыя прадпрыемствы. На яго думку, у гэтым плане метад «сярэдняй тэмпературы па бальніцы» неэфектыўны.

Надзея ЮШКЕВІЧ

уushkеvісh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».