Вы тут

Крэдыт даверу


Рыгор Фёдаравіч прыйшоў у рэдакцыю шукаць справядлівасці. Скардзіўся не на чыноўнікаў, не на нейкую арганізацыю, як у нас бывае звычайна. Дый насамрэч і не скардзіўся — хутчэй здзіўляўся. Расказваючы, часам спыняўся на паўслове, бы сам сябе перапытваў: няўжо хтосьці так можа? Адчуваў няёмкасць, нібы не яго крыўдзіцель паступіў з ім па-свінску, а ён сам у нечым перад некім правініўся.


Гісторыя гэтага васьмідзесяцісямігадовага інтэлігентнага і абсалютна ў цвёрдай памяці дзядулі вельмі нават звычайная па нашым часе. Дачка развялася з мужам, які піў і гуляў, і вымушана была выплачваць яму немалую кампенсацыю за частку нядаўна пабудаванай кватэры, каб жылплошча, прыдбаная падчас сумеснага жыцця, засталася ёй. Бацькі з невялікай пенсіяй дапамагалі як маглі, і тут вельмі дарэчы прыйшлася невялікая аднапакаёвая «хрушчоўка» ў цэнтры, якая Рыгору Фёдаравічу засталася ў спадчыну пасля смерці сястры. Яе пачалі здаваць, і ўсё ішло добра, пакуль у кватэру не пасяліліся новыя кватаранты — бацька і сын з невялікага гарадка на Гродзеншчыне. Гаспадару яны здаліся прыстойнымі людзьмі, ён нават скінуў ім дзесяць долараў аплаты. Як і паложана, заключылі ў разлікова-даведачным цэнтры дагавор найму жылога памяшкання, дзядуля сумленна аплаціў падатак за будучы прыбытак ад кватарантаў. Авансу на пачатку месяца ён з іх не ўзяў, бо асабліва не хваляваўся: у дагаворы чорным па белым было напісана, што плаціць будуць 25-га чысла па 250 рублёў (новымі) у месяц.

Вы ўжо здагадаліся, пэўна, чым усё скончылася? Кватаранты пражылі два месяцы, не заплацілі гаспадару ні капейкі, з'ехалі ў невядомым напрамку, нават не паведаміўшы, мала таго — звезлі з сабой ключы ад кватэры. Рыгор Фёдаравіч стаў званіць на нумар, які пакінулі яму для сувязі, — «апарат абанента выключаны». Ён у міліцыю з заявай — атрымаў цалкам лагічны адказ: справа ў плоскасці не крымінальнай, а грамадзянскай, падавайце на крыўдзіцеля, які не выканаў умовы дагавора, у суд. Грошай на судовыя выдаткі ў дзядулі няма, ён і так страціў немалую суму (калі палічыць неатрыманыя за кватэру ды яшчэ падатак, які заплаціў. А цяпер і замок давядзецца мяняць). І тады ён прыйшоў у рэдакцыю не са скаргай — са здзіўленнем: як жа гэта хтосьці мог парушыць заключаны па ўсіх правілах дагавор? А яшчэ Фёдар Рыгоравіч спадзяваўся, што ў нас у горадзе, адкуль яго крыўдзіцелі, ёсць свой карэспандэнт, які знойдзе іх там і паўшчувае: што ж вы, маўляў, парасяты гэткія, старога чалавека крыўдзіце?

Карэспандэнта ў нас у тым райцэнтры не аказалася, але я паслала пісьмо ў тамтэйшы аддзел міліцыі з просьбай дапамагчы. Хай бы знайшоў участковы таго дзецюка (пашпартныя даныя былі ў дагаворы, ім падпісаным) ды пагаварыў па-чалавечы. Больш, на жаль, зрабіць нічога нельга: складу злачынства няма, на махлярства не цягне...

Спадзеючыся, што ўсё ж удасца вярнуць Фёдару Рыгоравічу веру ў людзей і справядлівасць, я вось пра што думаю. Звычайнае бытавое сумленне (скарыстаўся — вярні, купіў — заплаці, пазычыў — аддай, паабяцаў — зрабі) — адна з вызначальных рыс нашага нацыянальнага характару. Такія паводзіны лічыліся нормай, а да тых, хто гэтыя нормы парушаў, ставіліся як да прыдуркаватага, — з пагардай і спачуваннем адначасова. Беларусаў ніхто ніколі не назваў хітрымі, падманшчыкамі, прайдзісветамі, і гэтым можна ганарыцца, бо словы «людскасць, чалавечнасць» маюць свае дакладныя адпаведнікі далёка не ва ўсіх нават еўрапейскіх мовах.

Што ж тады за збой адбыўся ў нашай генетычнай памяці? Калі памяняліся прыярытэты? Чаму ў тым, што хтосьці кагосьці абдурыў (пажыў у кватэры і з'ехаў не заплаціўшы, збыў з рук сапсаваную рэч, прадаў дорага тое, што сам купіў за бясцэнак), мы ўсё часцей не толькі не бачым граху ці ўчынку, пра які нават думаць сорамна, — мы з прыхаваным гонарам хвалімся гэтым сябрам і знаёмым, называючы гэта на блатным жаргоне «развесці лоха»? Можа, такі стыль паводзін дыктуе нам няпросты час, у які жывём? Людзі адзін аднаму цяпер чужыя, дый грошай заўжды не хапае. Але ж прадзеды, нават калі пяклі хлеб напалову з мякінай, ніколі так не рабілі. Маральная планка была тады вышэйшая ці Божага гневу баяліся?

На інтэрнэт-барахолцы знаёмая нядаўна малому хадунок купляла. Прывезла яго, акуратна складзены ў пакет, маладая прыветлівая кабета. Яны яшчэ пагаварылі міла пра дзяцей... Адкрыўшы ўвечары пакупку, знаёмая заўважыла, што не хапае дэталяў, без іх той хадунок каб хацеў — не збярэш. Стала тэлефанаваць былой гаспадыні: можа, забылася тыя дэталі пакласці — усякае ж бывае. А тая так спакойна адказвае: а іх і не было, маўляў. На абсалютна лагічнае ў такім выпадку патрабаванне забраць сапсаваны тавар і вярнуць грошы зноў жа спакойна адказала: «У мяне іх не так многа, каб вам вяртаць...» Выраз твару ў маёй знаёмай, калі яна расказвала пра гэты выпадак, быў вельмі падобны на той, што быў на твары Рыгора Фёдаравіча, калі ён прыходзіў у рэдакцыю: здзіўлення і нібы вінаватасці ў тым, што чалавек мог так паступіць. Мы ўсё яшчэ верым людзям і лічым, што так павінна быць. Але наколькі гэтага крэдыту даверу ў нас хопіць?

Днямі мне прыйшло пісьмо з Ляхавіцкага раёна. Чытачка па імені Вольга рашыла чамусьці паспавядацца. На цэлую старонку напісала, як абдурыла дзеда, якога сустрэла на кірмашы ў Баранавічах. Стары прадаваў там бульбу, яна ўгаварыла яго прадаць мех у доўг. Дзед згадзіўся. Ёй спадабалася, дык узяла яшчэ мех, пасля яшчэ. Мала таго — яна яшчэ і грошы ў старога пазычыла з абяцаннем аддаць. Цяпер вось села, падлічыла: доўгу разам з тым, што за бульбу павінна, «націкала» сто трыццаць шэсць рублёў. Дзесяць з іх неяк вярнула. А астатнія... «Я яму званю кожны дзень і абяцаю, што аддам. А аддаваць не хочацца, бо шкада...» І пытанне, якое павісла касым радком на пажаўцелым аркушы са старога школьнага сшытка: «Як вы думаеце, ці ўплывае падман на жыццё чалавека?»

Я асабіста думаю, што ўплывае. «І будзе кожнаму па справах яго...» Пакажыце мне чалавека, які ўласным прыкладам гэта аспрэчыць...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?