Вы тут

Георгій Ліхтаровіч: Вячаслаў Дубінка быў вельмі добрым празаікам


Яны пазнаёміліся ў 1968 годзе ў фоталабараторыі пры рэдакцыі “Звязды”. Зусім яшчэ малады і нявопытны фатограф зазірнуў павітацца з творцам, чыімі работамі на старонках перыёдыкі захапляўся, і быў здзіўлены прыязнасцю і цеплынёй стаўлення старэйшага калегі. Так пачалося доўгае і плённае сяброўства двух выдатных майстроў – фотамастака Георгія Ліхтаровіча і майстра выцінанкі, таленавітага фатографа, пісьменніка Вячаслава Дубінкі. Сёлета адзін з іх мог бы святкаваць 75-годдзе, але лёс склаўся так, што яго постаць застаецца толькі светлай зоркай ва ўспамінах сяброў, калег, вучняў. Разам з Георгіем Ліхтаровічам мы згадваем майстра, мастака, чалавека Вячаслава Дубінку.


 

Прытоены, хатні рамантызм

- Прозвішча Вячаслава Дубінкі я часта бачыў у газетах. Прыцягвала перадусім незвычайнасць яго фотаздымкаў. Яны вылучаліся нейкім прытоеным, хатнім рамантызмам, беларускасцю. Дубінка часта здымаў архітэктурныя помнікі, цікавых людзей. Я ж толькі пачынаў фатаграфаваць, рыхтаваўся працаваць у гэтай галіне. Калі я вярнуўся з войска, пачаў сам друкавацца ў газетах і неяк проста прыйшоў у рэдакцыю “Звязды”, каб пазнаёміцца. Завітаў у фоталабараторыю, дзе на той час Дубінка працаваў разам з Юрыем Івановым. Мяне вельмі здзівіла добразычлівае, простае стаўленне Вячаслава Дубінкі да мяне, яшчэ зусім маладога і нявоптынага. Ён не надзьмуваў шчокі, не рабіў выгляду, быў сам сабою. А ў вачах – лёгкая ўсмешка, вясёлыя агеньчыкі. Гэта і спрыяла добрым кантактам, гутаркам. Ён падказваў, як трэба працаваць, што здымаць для газеты. Накіраваў мяне на працу ў “Чырвоную змену”, бо пабачыў, што маладзёжная тэматыка мне больш цікавая.

Майстэрня – гэта цэлы свет

- Доўгі час нашы шляхі ішлі побач, мы амаль не мелі агульных спраў, хіба што толькі падчас працы сустракаліся на мерапрыемствах, рабілі фотаздымкі для розных выданняў. Ён працаваў у “Звяздзе”, а я – у Акадэміі навук, газеце “Голас Радзімы”, выдавецтве “Беларусь”. Але з канца 1990-х мы сапраўды пасябравалі, пачалі ладзіць сумесныя праекты. Слава адчуваў, што як фатограф я у нечым майнейшы, чым ён сам, таму запрашаў мяне да супрацоўніцтва. Адсутнасць прафесійнай рэўнасці, нейкай канкурэнцыі талентаў і амбіцый – вялікая рэдкасць у нашай прафесіі. Я часта бываў у яго майстэрні. Гэта, безумоўна, быў цэлы свет, таму і маю мноства фотаздымкаў адтуль. Ездзілі разам па вёсках, здымалі храмы. У Дубінкі была задумка зрабіць серыю фотаздымкаў праваслаўных храмаў Міншчыны. У кіраўніцтва праваслаўнай царквы мы не знайшлі падтрымкі і дапамогі, таму, я думаю, што на вандроўкі, якія ўсё ж здзейснілі, Слава траціў уласныя грошы, хоць пра гэта ніколі не казаў.

Сур’ёзныя справы. З усмешкай

- Ён быў таленавітым у многіх справах. Нават стварыў жартоўную фірму “Не спі ў шапку”, час ішоў такі, калі нельга было губляць любую магчымасць зарабіць. Рабіў шмат рэчаў рукамі, напрыклад, вокладкі са скуры, афармляў выданні. Неяк нават маю паэтычную кнігу “Агульны сшытак” апрануў у скуру, ператварыў у фаліянт. А шчыраванне на ніве выцінанкі – сапраўднае дзіва беларускай культуры. Ён пачаў працаваць у гэтым відзе мастацтва ў канцы 1960-х і фактычна стаў першым, хто адрадзіў беларускае майстэрства выразання з паперы. Даказаў, што гэта не гульня, а цэлы від мастацтва, вёў праграму на тэлебачанні, ладзіў шыкоўныя выстаўкі. Сёння я з удзячнасцю захоўваю некалькі выцінанак, якія Слава мне падарыў. Яны вісяць на ганаровым месцы. Раз-пораз глянеш – і згадаеш сябра.

Герой фотаздымка – хатні бусел

- Часта яго ўспамінаю. Здараюцца жыццёвыя сітуацыі, сустракаюцца людзі, агульныя знаёмыя. Ён рана пайшоў з жыцця. Шкада… Столькі планаў было, столькі імпэту, жыццёвай моцы. І дабрыні. Мне здаецца, па жыцці ён не мог усур’ёз злавацца. Канечне, здаралася, што прыкрыкне і прытопне, але праз колькі хвілін ужо быў зноў спакойны і вясёлы. Ён месцамі ставіўся да нейкіх рэчаў не вельмі ўважліва і здзіўляўся, калі атрымлівалася не так, як ён думаў, уяўляў. Жыў з лёгкай усмешкай на твары, але займаўся сур’ёзнымі справамі, значнымі праектамі. Умеў здзіўляцца жыццю. Напрыклад, калі ў мяне зімою бусел жыў у кватэры, ён адзіны пра гэта напісаў, сфатаграфаваў. Ды і ў цэлым гісторыя пра бусла цікавая. У вёсцы на Случчыне была ў нас хатка, дзе з сям’ёй праводзілі лета. І неяк да суседскіх гусей прыйшоў бусел, якога мацнейшыя птушкі пакінулі зімаваць. Відаць, быў слабы ці хворы. Бусла гусі пабілі, таму суседзі прынеслі птушку нам. Мы яго выхадзілі пры хаце, а калі насталі халады, не знайшлі куды ўладкаваць, таму забралі з сабою ў кватэру, дзе ён у нас і перазімаваў у асобным пакоі. А ўвесну зноў вярнуўся ў вёску, відаць, знайшоў пару і праз некалькі месяцаў перастаў прылятаць да хаты.

Не чужы

- Усіх людзей, каго хацеў пакінуць побач на сваіх фотаздымках, Слава прыводзіў да знакавай таполі і здымаў побач з ёй. Вялікае старое дрэва расце паміж карпусамі хімічнага і юрыдычнага факультэтаў БДУ. Дубінка недалёка меў майстэрню, на вуліцы Ленінградскай. Мяне таксама хацеў там сфатаграфаваць, развесіць на дрэве мае работы, але нешта не атрымлівалася, таму памятны кадр зрабілі ў парку Горкага каля хвоі. Кепскіх людзей на тых здымках не было. Слава імкнуўся больш фатаграфаваць простых людзей, але партрэтаў знакамітасцей патрабавалі час і праца. Вядома, ганарыўся здымкамі вядомых людзей, але, шчыра кажучы, яны былі менш удалыя, чым фота звычайных вяскоўцаў. Ён сам лепш іх адчуваў, і яны прымалі фатографа як свайго. А для Славы ўсе дзверы былі адчыненыя. Таму і на фотаздымках – шчырыя эмоцыі, добрыя прыязныя пагляды, адкрытыя ўсмешкі. Для фатографа вельмі важна не быць чужаком.

Эмоцыі – у словы

- Дубінка быў вельмі добрым празаікам, пісаў цікавыя апавяданні, нават прыдумаў свой жанр – “карацелькі”. Я трошкі дапамагаў яму працаваць. Месцамі са словам ён выплёскваў эмоцыі, пісаў вельмі імпульсіўна, а на рэдагаванне і працу па ўдасканаленні тэкстаў, відаць, не сталавала цярплівасці. Не магу сказаць, што я быў рэдактарам твораў сябра, проста не меў на гэта права, але мы гадзінамі абмяркоўвалі тэксты, разам вырашалі, як яны будуць выглядаць у выніку. Гэта былі прыемныя моманты абмену думкамі, меркаваннямі. Я заўжды Славе быў удзячны за тое, што мог даведвацца з яго “карацелек” новыя словы.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesialuha@zviazda.by

Фота Георгія ЛІХТАРОВІЧА  і Вячаслава ДУБІНКІ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».