Вы тут

Спектакль «Евангелле ад Іуды» ідзе ў Дзяржаўным тэатры лялек


Вось ён прыйшоў... Чалавек з вуліцы, які не асабліва нечым вылучаўся, хіба знешні выгляд выдаваў таго, хто не спяшаецца падпарадкоўвацца правілам, напісаным аднымі людзьмі, каб маніпуляваць другімі: нефармал нейкі. Але каго цяпер такім выглядам здзівіш? Таму спачатку не пазналі. А потым — па ўчынках — падумалі: такі шчыры і з клопатам пра людзей. Ну, ці не сам Хрыстос... Адны паверылі і пайшлі за ім. Другія адчулі небяспеку. Фінал (падобнай гісторыі) ведаем з часоў 2000-гадовай даўніны. Але калі б сапраўды такое здарылася цяпер, то чым бы гісторыя скончылася? Гэта паказвае Дзяржаўны тэатр лялек у спектаклі «Евангелле ад Іуды».


Калі задумаўся на гэтую тэму Уладзімір Караткевіч, то стварыў раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Твор, дзе пераасэнсоўваецца біблейская гісторыя: як бы ўсё тое ж было ў часы беларускага Сярэднявечча. Сам жа Караткевіч дае пазнаку, што гэта ўсё ж іншая гісторыя: ягоны варыянт падаецца як «Евангелле ад Іуды». Рэжысёр пакінуў гэты варыянт назвы, ператварыўшы складаны раман, на чытанне якога спатрэбіцца некалькі дзён, у пастаноўку на тры з лішкам гадзіны. Яна няпростая — тут трэба не толькі лавіць кожнае слова дзеля разумення сэнсу таго, што адбываецца (пры тым што дзея здаецца надта павольнай), але ўвесь час узнікалі пытанні, якія не хацелася адкладаць на потым.

Тэма Караткевіча, прачытаная некалі як аповед пра гістарычную Беларусь (яе вобраз перакрыў у юнацкай свядомасці ўсё іншае), цяпер стала ўспрымацца абсалютна сучаснай, са зваротам: калі б цяпер Хрыстос сапраўды з'явіўся (ды, магчыма, і ўжо сярод нас, пакуль незаўважаны і нераскрыты), ці пазналі б? Як бы мы з ім абышліся, пры тым што маем тысячагадовыя традыцыі хрысціянства і самі такія выключна харошыя людзі, якія існуюць у прасунутым грамадстве ды, як вядома, у фактычна ідэальных умовах?..

Аляксей Ляляўскі любіць і ўмее чытаць Караткевіча. І яшчэ ведае, як яго паказаць — каб прагучала галоўнае, што хвалявала аўтара (у тэатры ідзе яшчэ пастаўленая ім жа «Ладдзя Роспачы»). І ён як рэжысёр можа нават паказаць больш. Ён прапанаваў двойчы пераасэнсаванне: герой Караткевіча Юрась Братчык з выгляду нічым не адрозніваецца ад нас. І няма вось той самай часавай мяжы, закладзенай пісьменнікам (гісторыя з Сярэднявечча — гэта ўсё ж гісторыя), а ёсць наш рэальны свет, дзе чалавек трымае экзамен на людскасць. Няважна, ці ён святы, ці самазванец. Важна, як праходзіць той адрэзак шляху, дзе ў яго была магчымасць быць карысным людзям. Вось так пафасна. Але гэты пафас ці не на кожным кроку ў жыцці (калі не затлумляць свядомасць выключна пошукам забаў).

Не імкнуўся да пафасу Юрась Братчык, нечаканае з'яўленне і слава якога між людзей тлумачыцца цудамі. Але на іх не здольныя аказаліся тыя, што маюць уладу і самі могуць рабіць цуды. Таму пайшлі за Братчыкам іншыя, як за прарокам. Знайшоў спосаб накарміць галодных рыбай і хлебам, калі не зрабілі гэтага тыя, у каго ў руках былі дазволеныя і рэальныя магчымасці. Займеў спадарожнікаў, што хадзілі за ім, вось як той верны паплечнік-яўрэй, які і расказвае праўду пра яго. Праўду, што імкнуліся сцерці і сказіць уладары ды царкоўнікі (з любой хрысціянскай канфесіі, што маюць паству на гэтай зямлі), для якіх слова Божае перастала быць жывым, стала завучанай догмай. Ды і крыж — аснова для прыгожай ілюмінацыі, якая пераліваецца і здалёк прыцягвае ўвагу, нібыта частка дэкарацый для нейкага шоу. І чалавек не ўспрымаецца імі як істота, вартая годнага жыцця.

Магутныя істоты — на сцэне ў масках і пад покрывам, выглядам нават як першасвятары часоў Ісуса Назараніна (але з мёртвай душой, пра што сведчаць умоўныя трункі, якія ў пэўны момант абкружаюць гэтых персанажаў па аналогіі з німбамі лялечных вобразаў апосталаў) — ідуць на змову, шукаюць, як пазбавіцца ад нязручнага Братчыка. Ён увесь усталяваны лад перавярнуў з ног на галаву, што небяспечна, бо апошнія могуць стаць першымі. Гэта ж як канец свету... Але на кожнага паслядоўніка і нечаканага прарока можна знайсці шыбеніцу. А можна абысціся інакш, разабраўшыся з адным. Скампраметаваць. Асудзіць. Зняважыць. Паставіць у такія ўмовы, калі няма іншага выйсця, як пайсці на смерць, каб іншыя паверылі ў тое, што ўсё магчыма не толькі Богу, але і чалавеку — калі ў ім сапраўды вобраз Божы...

На сцэне краіна ўмоўная. Гэта хутчэй прастора, дзе існуюць людзі. І гэта маглі б быць людзі і прарокі эпохі Сярэднявечча (як задумваў Караткевіч), да чаго адсылае «Тайная вячэра» Леанарда ў пачатку спектакля. Але потым прастора рассоўваецца: металічная канструкцыя аказваецца надзіва пластычнай, ператвараючыся ў абстрактныя карціны (загадкі для аматараў мастацтва!), палацы ці вязніцы, вокны ці клеткі, падобныя на калідоры ў вечнасць.

Калі перасоўвацца па іх, то Аляксей Ляляўскі і мастак-пастаноўшчык Людміла Скітовіч пазначаюць: у кожнай эпосе маглі быць такія асобы, што не ўпісваліся ў звыклыя правілы гульні, яны маглі выклікаць смех і здзек, былі блазнамі ў вачах іншых, парушалі парадак, траплялі за краты. Як Юрась Братчык. Ён тут неадназначны, імпульсіўны. Але чуллівы, чалавек, у якога ёсць сэрца. А калі трэба — рашучы.

Але дзякуючы такім неадназначным асобам — якія гатовыя былі шукаць сэнс жыцця і адстойваць ісціну цаной уласнага жыцця — чалавецтва ўзнімалася над цемрашальствам і адкрывала новыя магчымасці для развіцця. Яны свядома і ўпарта неслі кожны свой крыж (не абавязкова літаральны, як гэта робіць герой на сцэне), дзеля таго каб нагадаць іншым: чалавеку ўласціва імкнуцца да ўдасканальвання сваёй душы і жыцця. Мог думаць пра гэта аўтар рамана, калі ствараў. Нездарма ж у праграмцы асабліва адзначана, што адбывалася ў свеце ў той час (1965 — 1966 гады), а Караткевіч быў нераўнадушным чалавекам (ці не сведчаннем таго стаў гэты твор?). У спектаклі пра той час нагадвае музыка гурта Тhe Doors. Але і гэты час — не галоўны герой пастаноўкі Ляляўскага. Да такой думкі скіроўвае адсылка да музычных тэм Тома Уэйтса і ўвесь гукавы шэраг (над гэтым як кампазітар працаваў Леанід Паўлёнак, аматар сучасных эксперыментаў у беларускай музыцы).

Час тут — умоўная катэгорыя. Магчыма, што за 2000 гадоў людзі не памяняліся. І гэта менавіта яны (мы) галоўныя героі пастаноўкі. Тыя, дзеля каго прыходзіў Прарок.

Быў суд. Несправядлівасць. Шлях. Усё насамрэч не на такой далёкай адлегласці, як здаецца. Замест уласнай дасканаласці чалавек здабыў яе ілюзію: дасягнуты мінімум выгод цывілізацыі дае ганарлівасць і самазадаволенне з заспакаеннем: навошта яшчэ да нечага імкнуцца? Але сучаснага чалавека,  які імкнецца і хоча большага, таксама можна ўкрыжаваць, няхай і не літаральна. Прамяняць на грошы. Адабраць каханне. Вымусіць да здрады тых, хто побач. Не зразумець. Не падтрымаць у добрай справе. У прынцыпе ў наш час у кожнага бываюць моманты, калі ён здае свой экзамен на людскасць, пра што і пісаў Караткевіч. Таму ў сцэнічнай прасторы паўстае... загатоўка для крыжа. Засталося знайсці (ці пачакаць) таго, хто гатовы ў яе ўпісацца. Пайсці да канца.

Часам гэта значыць — даседзець да канца. Каб у думках прамовіць словы разбойніка. І гэта таксама свайго роду выпрабаванне на людскасць.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Загаловак у газеце: Упісацца ў крыж

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.