Вы тут

Сям'я ў Даніі знайшла некалькі старажытных каштоўных прадметаў


Сям'я «паляўнічых на скарбы» ў Даніі знайшла на адным з астравоў адразу некалькі старажытных каштоўных прадметаў. Праўда, з-за аматарскіх дзеянняў узрост знаходкі можна вызначыць толькі прыблізна.


Дацкі «паляўнічы на скарбы» і два яго сыны 10 і 12 гадоў знайшлі на востраве Лалан сапраўдны залаты скарб з дзвюх падвесак, трох фрагментаў караляў і пярсцёнка; акрамя вырабаў з золата, у скарбе былі яшчэ некалькі кавалкаў серабра. Меркаваны ўзрост знаходак — каля 1,5 тысячы гадоў. Найбольшую цікавасць сярод іх уяўляе падвеска-брактэат*, зробленая з тонкага золата, на адным з бакоў якой адбіта выява Одзіна, вярхоўнага боства скандынаўскага пантэона. У тым, што гэта менавіта Одзін, у археолагаў няма сумненняў: раней знаходзілі амулеты з такім жа малюнкам і надпісам «Высокі» — адным з імёнаў бога. Такая падвеска — даволі рэдкая рэч. За ўсю гісторыю даследаванняў на Лалане знаходзілі толькі тры падобныя амулеты, апошні з іх — у 1906 г. Ва ўсёй Паўночнай Еўропе вядома каля тысячы такіх жа медальёнаў.

У Даніі 2016 год быў даволі ўраджайным на знаходкі: так, раней паведамлялася пра знаходжанне найбуйнейшай у гісторыі краіны калекцыі золата вікінгаў, крыжа, які можа змяніць уяўленне аб хрысціянізацыі рэгіёна, кудменя з крумкачамі Одзіна, скарбу з 700 манетамі і пліты з рунамі. Большую частку знаходак зрабілі так званыя аматары, «паляўнічыя на скарбы». Нацыянальны музей Даніі нават заявіў, што не паспявае апрацоўваць усе заяўкі аб знойдзеных старажытнасцях.

Зразумела, што «паляўнічыя» актыўна выкарыстоўваюць у сваіх пошуках металашукальнікі. На жаль, у паведамленнях СМІ нічога не гаворыцца пра тое, якія страты на самай справе наносіць падобная аматарская археалогія. Бо кожны такі выпадак — гэта парушэнне археалагічнага кантэксту. Вядома, добра, што свядомыя аматары аддаюць свае знаходкі ў музейныя калекцыі, аднак з-за іх дзеянняў страчваецца значная частка важнай інфармацыі — напрыклад, мы не можам даведацца, хто, дзе, калі і ў якіх абставінах хаваў скарб. Нездарма датаванне такіх знаходак заўсёды даецца вельмі прыкладнае — не ведаючы кантэксту, нават узрост прадмета вызначыць складана.

* Плоская тонкая манета з золата або серабра з чаканкай на адным баку.

Іван КУПАРВАС

hvir@zviazda.by

Загаловак у газеце: Амулет з Одзінам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.