Вы тут

Як «Звязда» пісала гісторыю (1917 — 1927)


Юбілей — не толькі выдатная нагода склікаць сяброў і блізкіх на свята, але і час падвесці пэўныя вынікі, падлічыць не толькі свае гады, але таксама поспехі і пралікі, азірнуцца на ўжо зробленае і пражытае. Тым больш, калі пражыта ні многа ні мала — цэлае стагоддзе!

«Адгартаць» назад 100 гадоў не так проста, як падаецца на першы погляд, але мы вырашылі ўсё ж паспрабаваць зрабіць гэта з дапамогай соцень і тысяч старых нумароў «Звязды». Сведкі веку — пажаўцелыя газетныя старонкі — прапануюць уважліваму чытачу не толькі афіцыйную гістарычную хроніку (урэшце, для гэтага ёсць падручнікі), але ў кожнай публікацыі расказваюць пра розныя этапы жыцця Беларусі — савецкай, акупаванай, партызанскай, незалежнай... Такім чынам, напярэдадні стогадовага юбілею «Звязда» распачынае новы маштабны праект «Падарожжа праз стагоддзе», у якім за некалькі адрэзкаў — дзесяцігоддзяў з 1917-га да 2017-га мы ўзгадаем пра форму і змест, тэмы і герояў, а таксама аўтараў публікацый нашай газеты.


У рэдакцыі захоўваецца копія першай старонкі першага нумара «Звяз­ды».

Ад «Звезды» да «Зьвязды»

...На жаль, самых першых падшывак рэвалюцыйнага 1917-га не захавалася не тое што ў архівах рэдакцыі, якая на пачатку свайго існавання вымушана была вельмі часта мяняць «яўкі»-адрасы, але нават у зборы Нацыянальнай бібліятэкі. Чаму так? Адказ далі ўласна журналісты той, ранейшай, «Звезды» (амаль 10 год газета насіла менавіта такую назву і выдавалася да 1925 года толькі на рускай мове).

У нумары ад 16 студзеня 1919 года адразу звяртаю ўвагу на перадавіцу «На старом пепелище»:

«Партийный орган Белоруссии и западного фронта — «Звезда» — снова возрождается на месте своего первоначального возникновения.

Судьбы нашей газеты тесно связаны с судьбами и ходом революции в нашем крае. Вот она — полулегальный, почти подпольный листок, преследуемый правительством Керенского, постоянно закрываемый, меняющий названия (некаторы час у 1917-м газета выходзіла пад назвамі «Молот» і «Буревестник». — Аўт.) — и всё же жадно читаемый солдатской массой. Это было время, когда наша партия, возглавлявшая возрастающий пролетариат и революционный фронт, впервые выходила на арену политической борьбы...

Далее «Звезда» выходит под своим первоначальным названием и в качестве партийного органа Минского комитета — время, наступившее после ноябрьского переворота, когда начиналось строительство советского государства.

Но вскоре «Звезда» временно прекратила своё существование. Для Советской России наступил период сильных потрясений, период немецкого нашествия и Брестского мира. ...Принуждённая бежать из Минска, «Звезда» снова начинает выходить в Смоленске, где и продолжает быть душой нашей партии и одухотворять совершаемую вокруг революцию...»

Зразумела, што ва ўмовах штодзённага выжывання не выпадала і гаварыць пра тое, каб весці акуратны газетны архіў, які захаваў бы для гісторыі і нашчадкаў і найбольш яркія, і паўсядзённыя публікацыі. Пра што яны былі, здагадацца нескладана — дастаткова пагартаць падручнікі па гісторыі Беларусі пачатку ХХ стагоддзя... Напрыклад, «Звезда» рэгулярна, практычна штодзённа, адсочвала сітуацыю на фронце: так, у студзені 1919-га газета паведаміла чытачам, што «украинскими советскими войсками взят Чернигов», а з іншага боку чырвонаармейскія злучэнні падцягнуліся «к Ковелю, Гродно и Белостоку». Не менш увагі надавалася і падзеям на міжнароднай палітычнай арэне: у рубрыцы «Тэлеграма» друкаваліся свежыя навіны як з Расіі, так і з Латвіі, Літвы, Аўстрыі, Італіі, Швецыі... І, канешне, найважнейшыя падзеі ў БССР — уласна заснаванне новай савецкай рэспублікі і прыняцце яе першай Канстытуцыі, выхад са складу РСФСР, аб'яднанне з Літоўскай савецкай рэспублікай і ліквідацыя Літбела, уваход у склад СССР, савецка-польская вайна, далучэнне Заходняй Беларусі і г.д. — усё гэта займала цэнтральнае месца на газетных старонках.

Зрэшты, пераказваць з дапамогай даўніх артыкулаў тыя самыя падручнікі па гісторыі — справа няўдзячная і бессэнсоўная, таму давайце засяродзімся лепш на звычайным, паўсядзённым жыцці, якое не спынялася ў віхуры разбурэння старога, капіталістычнага, і будаўніцтва новага, рабоча-сялянскага свету. Падтрымка няўстойлівай эканомікі і тым больш сацыяльнай сферы, барацьба з крыміналам, жыллё і транспарт, медыцына і адукацыя — усе гэтыя пытанні трэба было вырашаць неадкладна.

«Звез­да» ў 1919-м.

Імем рэвалюцыі

Напрыклад, у 1919 годзе, паводле звестак «Звезды», Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусіі вылучыў на «восстановление Советской власти в крае» 1,5 мільёна рублёў, і яшчэ 1 мільён — на развіццё Камісарыяту поштаў і тэлеграфаў «в связи с продвижением наших войск на запад», у той час як Смаленскі дзяржаўны ўніверсітэт атрымаў грашовую падтрымку ўсяго ў 300 тысяч рублёў.

Тады ж для вырашэння жыллёвага пытання ў Мінску карэспандэнты «Звезды» прапанавалі стварыць камісію па перасяленні рабочых «из нездоровых помещений в квартиры буржуазии»: «Необходимо выработать хотя бы приблизительную таксу, осадить домовладельцев и квартиронанимателей, склонных к спекуляции. О национализации говорить рано, но не следует игнорировать подготовку к ней».

Яшчэ адно найвастрэйшае і балючае пытанне таго перыяду — забеспячэнне насельніцтва харчовымі прадуктамі, а найперш — хлебам. Цэны на яго раслі з небяспечнай хуткасцю: толькі за студзень 1919 года фунт падаражэў утрая, да 3 рублёў 70 капеек. «В данный момент все вопросы должны временно отойти на задний план и все живые силы должны быть сконцентрированы для отражения наступления царя-голода на Красный Минск, — з трывогай зазначалі журналісты «Звезды». — Нельзя ждать ни одной минуты. Ибо спекуляция на спекуляции едет и спекуляцией погоняет. Когда цены уже взвинчены, их трудно «осадить». Як меру барацьбы «Звезда» прапанавала зафіксаваць цану хлеба на ўзроўні 3 рублёў за фунт і прымусіць гандляроў адпускаць менавіта па гэтай цане — пад пагрозай пакарання па законах рэвалюцыйнага часу.

...Акрамя хлеба, у чырвоным Мінску не хапала шмат чаго — у тым ліку рабочых рук і адукаваных спецыялістаў. Нездарма гарадскі Аддзел размеркавання рабочай сілы, як вынікае з публікацый «Звезды» ў 1919—1920 гг., узмоцнена шукаў урачоў, сясцёр міласэрнасці, настаўнікаў для выкладання, у прыватнасці, польскай і рускай мовы. (Заўважым, што і амаль праз 100 гадоў у сталіцы існуе падобны кадравы голад...) Пазней, дарэчы, часовы ўрад правёў нацыяналізацыю аптэк і прыцягнуў да абавязковай адпрацоўкі для дапамогі фронту ўсіх сталічных урачоў, якіх у Мінску налічвалася... каля 120 чалавек.

«Звезда» працавала практычна ў кругласутачным рэжыме, бо мела дзве рэдакцыі — дзённую і начную (дзяжурную), друкавалася штодня, уключаючы нядзелю, і вяла самую актыўную перапіску з чытачамі. Асноўныя рубрыкі — «Деревенская жизнь», «Рабочая жизнь», «Партийная жизнь» — трэба сказаць, задавалі агульны тон у кожным нумары. Аднак у ім хапала месца і для палемічных артыкулаў, і для гарадскіх навінаў, і для эканамічных аглядаў, і для крымінальнай хронікі, і нават для культурна-асветніцкага сектара: так, ідэйныя актывісты маглі даведацца з газеты, што ў адной з цэнтральных сталічных зал таварыш Рычард Пікель чытае папулярныя лекцыі на тэму «Інтэлігенцыя і сацыялізм» або «Задачы Чырвонай арміі ў сусветнай рэвалюцыі», а звычайныя мяшчане — што ў Беларускім савецкім тэатры ідзе п'еса ў 1-й дзеі «Модны шляхцюк» Каганца.

Пра набалелае чытачы маглі выказацца і самі: у раздзеле «Почтовый ящик» рэдакцыя вяла перапіску з аўтарамі — камусьці рэдакцыя дапамагала парадай, камусьці адказвала на пытанні, кагосьці запрашала забраць належны ганарар, а камусьці проста казала лаканічнае «не пойдзе». У рубрыцы «Чистилище» актыўныя карэспандэнты нястомна выкрывалі недахопы на месцах, дасылалі злабадзённыя фельетоны ў фармаце «Маленьких рассказов» і нават складалі «Огоньки» — вострасацыяльныя анекдоты з сучаснага жыцця. Адны расказвалі, як у іх адмаўляюцца прымаць «керанкі» нароўні з царскімі грашыма — нават спецыяльна прыняты дэкрэт часовага ўрада яшчэ доўга не мог вырашыць гэту праблему, другія скардзіліся, што неўтаймоўная спекуляцыя пранікла нават у шэрагі Чырвонай арміі, трэція абураліся, што ў хлебных лаўках прадаюць булачкі з белага хлеба — па 4 рублі за штучку, — і гэта пры строгай забароне рабіць выпечку з пшаніцы, якую везлі на экспарт...

Рэ­клам­ныя аб'­явы ўжо ў 1920-х дру­ка­ва­лі­ся цэ­лы­мі па­ло­са­мі.Рэ­клам­ныя аб'­явы ўжо ў 1920-х дру­ка­ва­лі­ся цэ­лы­мі па­ло­са­мі.

Мы наш, мы новы...

Напачатку 1920-х, пасля канчатковага вяртання са Смаленска ў Мінск, «Звезда» засталася вернай сабе і пры ўсім накале партыйнай рыторыкі заклікала не толькі найхутчэй будаваць камуністычнае грамадства ва ўсім свеце («Скоро, скоро воссияет солнце свободы!»), але і дапамагала суайчыннікам паляпшаць уласнае жыццё тут і цяпер. Вульф Нодэль, які быў адказным рэдактарам газеты ў 1921—1925 гг., узнімаў у сваіх перадавіцах самыя злабадзённыя тэмы: ад увядзення НЭПа і перадачы зямлі сялянам да неабходнасці барацьбы з татальным п'янствам і падтрымкі мацярынства і дзяцінства. Паляпшэнне ўмоў у дзіцячых дамах, якія пасля грамадзянскай вайны былі перапоўнены, і становішча працоўных жанчын наогул сталі ключавымі тэмамі «Звезды» нароўні з палітычнымі і эканамічнымі навінамі — у газеце з'явілася спецыяльная «Страничка женщины-работницы».

Працягваюць трымаць руку на пульсе падзей і пазаштатныя аўтары — рабкары з Барысава, Мазыра, Слуцка, Чэрвеня, Капыля і іншых гарадоў і вёсак. Яны вядуць рубрыку «Под колпаком «Звезды», паводле матэрыялаў якой афіцыйныя органы рэгулярна праводзяць праверкі і робяць справаздачы пра іх вынікі. А яшчэ менавіта ў гэты час інфляцыя набірае тэмпы з такой імклівасцю, што газета, якая напачатку 1922 года каштавала ў Мінску 15, а ў правінцыі 10 рублёў, у снежні каштуе ўжо 1200 рублёў і вымушана шукаць сродкі на існаванне — пачынаюць цэлымі палосамі-прасцінамі друкавацца рэкламныя падборкі: прыватныя аб'явы зубных урачоў і анонсы распродажаў у крамах, інфармацыя пра правядзенне тых ці іншых таргоў і здачы ў арэнду, напрыклад, шэрагу беларускіх вадаёмаў ва ўсіх паветах...

За вялікімі тэмамі беларускія журналісты не забываліся і на мясцовыя, здавалася б, дробныя рэчы: паляпшэнне ўмоў утрымання пацыентаў псіхіятрычнай клінікі і выкараненне прастытуцыі, асветніцтва на сяле і арганізацыю кінаўпраўленнем Беларусі з гэтай мэтай 3 вясковых кінематографаў, недапушчальнасць бюракратыі і цяганіны — «ведь смешно: заказные письма доходят из Америки в Россию за 10 дней, а бумажка от заведующего Муни к его районному коменданту идёт столько же...»

Вас, мабыць, зачапіла загадкавае «Муні»? О, гэта асобны момант, на які варта звярнуць увагу: у 20-я гады многія савецкія газеты, у тым ліку і «Звезду», запаланілі грувасткія, часам проста жудасныя моўныя наватворы. Скажам, МУНІ — скарочаная назва Мінскага ўпраўлення нерухомай маёмасцю. А вось ці кожны здагадаецца, што стаіць за скарачэннямі «шкраб», «Белэвак», «Всемедикосантруд», «Заптамокруг», «Минцерабкоп», «Доброхим», «фабзавместком», «МОПР», «Охрматмлад»? Нават тагачасныя чытачы часта прасілі патлумачыць ім незразумелыя «советские словечки».

Нягледзячы на перагружанасць публікацый гэтымі наватворамі і патэтыкай, гартаць газету сярэдзіны 20-х досыць цікава: з 1923 года «Звезда» публікуе першыя інтэрв'ю, змяшчае палітычныя карыкатуры, а з 1924 года перыядычна друкуе фотаздымкі і выпускае асобным дадаткам сатырычна-гумарыстычны часопіс «Дубинка».

Ка­ры­ка­ту­ры на га­зет­ных ста­рон­ках.

Наша ўсё

Тэма развіцця, выхавання, адукацыі дзяцей і моладзі знаходзілася ў «Звезды» на пастаянным кантролі. Так, у сярэдзіне 20-х газета шмат піша пра развіццё масавай выхаваўчай дзіцячай арганізацыі (да 1924 года яна насіла імя Спартака і толькі потым стала вядомай многім пакаленням савецкіх дзяцей ленінскай піянерыяй). У «Звезду» дасылаюць свае нататкі так званыя «спартакі-дзеткары», а пазней двойчы на месяц пачынае выходзіць адмысловы дзіцячы дадатак — газета «Юны будаўнік».

Мяркуючы па публікацыях, для журналістаў у гэтай сферы не было нязначных тэм. З аднолькавым імпэтам яны запісваюць інтэрв'ю з першым рэктарам БДУ, прафесарам Уладзімірам Пічэтам, які расказаў пра тыповую хваробу тагачасных універсітэтаў — «это отсутствие экономистов и юристов, большей частью работающих в центральных учреждениях Москвы»; абмяркоўваюць сістэму навучання ў беларускіх школах («наиболее соответствующей системой признана семилетка с техникумом над ней») і адзначаюць важнасць перавыхавання і сацыялізацыі «цяжкіх» падлеткаў: «Минский институт социального перевоспитания и могилёвская колония для морально дефективных детей объединены в белорусский институт социального перевоспитания, который будет помещаться в совхозе «Крынки» Слуцкого округа. Институт рассчитан на 100-120 человек, будут организованы сапожные, портняжная, столярная и слесарно-кузнечная мастерские».

Без увагі не застаецца нават адкрыццё або скарачэнне ясляў для дзяцей чыгуначнікаў! «Теперь уже не надо привязывать ребёнка к кровати и оставлять его на произвол судьбы, когда уходишь на работу. Работница уверена, что её ребёнок будет цел и невредим, идя с работы, она забирает своё дитя сытым и с весёлой рожицей», — абараняе з газетных старонак такую неабходную дзіцячую ўстанову А. Дубатоўка, прымушаючы нас — чытачоў-нашчадкаў — больш цаніць існуючую сёння сістэму дашкольнай адукацыі...

4 студзеня 1925 года карэспандэнты «Звезды» пабывалі на 1-м Усебеларускім настаўніцкім з'ездзе і прывезлі адтуль цікавыя лічбы: «Дети от 12 до 15 лет в городах посещают школу на 37 проц., в деревнях — на 6 проц.». «Мы теперь разрабатываем план всеобщего обязательного обучения. Рассчитываем, что через 10 лет нам его полностью удастся осуществить, — прыводзіць газета словы дэлегатаў з'езда і робіць выснову, што «окончательный крест на могиле неграмотности» будзе пастаўлены ў 1934 годзе.

Ад сталіцы да заграніцы

Асобна штодня публікуецца падборка навін, дзе можна сустрэць інфармацыю пра адкрыццё сталічнага Дома Чырвонай арміі, дзе працуюць гурткі ад марксісцкага да харавога і шахматнага; пра візіт у Мінск вядомых скульптара-акадэміка Меркурава і архітэктара Осіпава, якія вялі перамовы па ўсталяванні ў беларускай сталіцы, меркавана на плошчы Свабоды, помніка Леніну; пра рэарганізацыю яўрэйскага аддзела Пушкінскай бібліятэкі ў самастойную Цэнтральную яўрэйскую бібліятэку, якая плануе папоўніць фонды з дапамогай усіх саюзных рэспублік і нават замежных краін; пра адкрыццё ў лістападзе 1925 года шырокавяшчальнай радыёстанцыі, якую чуюць «даже такие отдалённые уголки, как Климовичи и Мозырь».

Але больш увагі журналісты надаюць усё-такі вёсцы — земляробам, якія кормяць рэспубліку. Менавіта для іх адказны рэдактар «Звезды» Нодэль прапануе заснаваць асобнае «рэвалюцыйна-сялянскае» свята — Дзень ураджаю (з аднаго боку, каб «показать разницу состояния крестьян и хозяйства крестьянской бедноты и среднячества в Советской Белоруссии с положением крестьян, стонущих под польской пятой, в оккупированной Белоруссии (посадничество)», а з другога — каб зладзіць «живое празднество, демонстрацию радости по окончании полевых работ»).

Замест кропкі над «i»

У 1927-м «Звезда» — ужо «Зьвязда» — перасягае 20-тысячны тыраж і вядзе сваю падпіску як «штодзённая вялікая палітычная і літаратурная газета». На тое ёсць усе падставы — ці не ў кожным нумары выходзіць адмысловая «Літаратурная старонка», дзе друкуюцца ўрыўкі з твораў беларускіх пісьменнікаў — М. Лужаніна, К. Чорнага, П. Глебкі, У. Дубоўкі і іншых, змяшчаюцца крытычныя артыкулы мастацтвазнаўцаў, вядзецца грамадская дыскусія аб утварэнні ўласнай Акадэміі навук, каб «беларускі навуковы рух ішоў уперад больш хуткімі тэмпамі», адсочваецца тэатральнае і музычнае жыццё Беларусі. У юбілейным нумары, прысвечаным 10-годдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі, аўтары газеты падлічылі здабыткі сацыялістычнай культуры за гэты перыяд: развіццё літаратуры, музыкі, кіно, тэатра, музейнай справы. Газета не без гонару зазначае, што ў даваенны час усе школы ў рэспубліцы былі рускамоўнымі, а «зараз мы маем: 40 проц. школ беларускіх, каля 30 проц. яўрэйскіх і рэшта — польскія і расійскія».

Але на гэтым узнёслым фоне гучаць і першыя трывожныя званочкі — звесткі аб партыйных чыстках, што адбываюцца паўсюдна, ад універсітэтаў да фабрычных ячэек і неўзабаве закрануць таксама журналістаў... Зрэшты, гэта ўжо іншы перыяд гісторыі і іншая нагода для падарожжа па падшыўках, якое мы абавязкова працягнем.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

tselyashuk@zviazda.by

Фо­та Сяр­гея НІ­КА­НО­ВІ­ЧА

Загаловак у газеце: Як мы пісалі гісторыю (1917 — 1927)

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.