Вы тут

З-за атручэння этылавым спіртам гіне каля 1,5 тысячы чалавек у год


Той, хто дапіўся да сардэчных настоек або канцэнтрату для ванны, магчыма, ажыццяўляе павольны сыход з жыцця, або пралангіраваны суіцыд.


Настойкі глогу, календулы, валяр'яны і мурашынага спірту прадаюць ужо толькі па адным флаконе ў адны рукі і выключна ў дзённы час. У начны час аптэкі прапануюць аналагі настоек у выглядзе таблетак ці мазяў, якія спірт не змяшчаюць. Пералічаныя прэпараты могуць прызначацца ўрачамі ў якасці таннага сродку для лячэння сардэчных захворванняў, аднак ні для каго не сакрэт, што людзі з алкагольнай залежнасцю набываюць якую-небудзь з настоек і... выпіваюць яе яшчэ да таго, як дойдуць дадому.

Цяпер, напэўна, калі замест двух флаконаў можна купіць усяго адзін, давядзецца крыху патаптаць ногі ад адной аптэкі да другой. Абмяжоўваць даступнасць вадкасцяў са спіртам важна і неабходна — гэта пацвярджае і практыка развітых краін. А нам з нашым узроўнем спажывання (звыш 9 л спірту на душу насельніцтва ў 2015 годзе) і колькасцю залежных (на наркалагічным уліку — каля 165 тысяч беларусаў менавіта з алкагольнай залежнасцю) прымаць падобныя меры трэба было яшчэ ўчора.

— Гэтыя спіртавыя настойкі могуць ужывацца не для нейкага фармакалагічнага эфекту, а для таго, каб дасягнуць стану алкагольнага ап'янення, — тлумачыць намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай часці Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Сяргей ОСІПЧЫК. — Аб'ёмная колькасць спірту там 40—60 працэнтаў, або 40—60 градусаў. Мы зніжаем даступнасць гэтых настоек, якія разглядаюцца як алкагольны напой.

— Уводзіць рэцэпты на іх водпуск не плануецца?

— Такой інфармацыі пакуль няма.

— Некаторыя СМІ звязваюць прыняцце гэтай меры з атручэннем спіртавой вадкасцю для ванны пад назвай «Боярышник» у Іркуцку...

— Ёсць рэзананс у сувязі з гэтай падзеяй, аднак гэты выпадак не мае дачынення да этылавага спірту.

— Ці можа алкагольная залежнасць развіцца ад ужывання настойкі глогу?

— Калі ўжываць у рэкамендаванай дозе, то не. Наогул, гэта малаверагодна. Такія настойкі ўжываюць людзі, у якіх развілася алкагольная залежнасць, і цяпер ім важна не што выпіць, а каб выпіць хоць што-небудзь. Такім чынам, настойкі глогу або той жа календулы набываюцца ў якасці даступнага і таннага этылавага спірту. Другая катэгорыя, якая набывае такія лекі, — гэта пажылое насельніцтва з кардыялагічнымі праблемамі. Звычайна трэба накапаць усяго некалькі кропель у лыжку і запіваць вадой. Але дасягнуць таго ж расслабляючага эфекту можна і з дапамогай прэпаратаў, напрыклад, у таблеціраванай форме, ёсць яшчэ зёлкі, якія можна гатаваць як чай, калі вам гэта рэкамендаваў урач.

— Можа быць, і некаторым алкаголікам на нейкім этапе развіцця залежнасці дастаткова ўсяго некалькіх кропель?

— Так і ёсць. Гэта ў тых выпадках, калі, як мы кажам, зніжана талерантнасць, адчувальнасць да этылавага спірту.

— Ці могуць абмежавальныя меры справакаваць злоўжыванне ўсяго, што ўтрымлівае спірт?

— Разумны здаровы чалавек не будзе ўжываць падобнае. У Іркуцку трэба весці размову пра людзей з цяжкай алкагольнай залежнасцю, якія не ў стане кантраляваць свае дзеянні. Ёсць і яшчэ адзін нюанс у такіх сітуацыях. Той, хто імкнецца выпіваць усё, што заўгодна, каб толькі «выключыцца», такім чынам павольна сыходзіць з жыцця. Існуе нават тэрмін «пралангіраваны суіцыд», калі чалавек уваходзіць у запой, не жадае выходзіць з яго і адмаўляецца ад медыцынскай дапамогі. На фоне ўжывання вялікіх доз алкаголю можа быць і спыненне дыхання, і парушэнне сардэчна-сасудзістай дзейнасці. Дыягназ пры гібелі такіх людзей так і гучыць: алкагольнае атручэнне...

Дарэчы, па выніках судова-медыцынскай экспертызы і па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, з-за атручэння этылавым спіртам у краіне гіне каля 1,5 тысячы чалавек у год.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Спіртавая настойка: для сэрца ці ад... жыцця?

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.