Вы тут

Міхаіл Мясніковіч наведаў прадпрыемства «Белшына»


Міхаіл МЯСНІКОВІЧ, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, наведаў прадпрыемства «Белшына». Падчас візіту спікер заявіў, што першую чаргу мадэрнізацыі завода звышбуйнагабарытных шын (ЗБГШ) плануюць скончыць у студзені наступнага года.


«Тэхнічнае пераўзбраенне прынесла прадпрыемству адчувальныя вынікі, — заявіў парламентарый. — Таварыства паляпшае якасныя і колькасныя паказчыкі сваёй працы. Так, за студзень-кастрычнік бягучага года ў параўнанні з аналагічным перыядам 2015-га выручка павялічылася на 25%, адзначаецца рост экспарту — дзве трэція вырабленай прадукцыі рэалізуюцца за межамі Беларусі».

Па словах сенатара, пакуль ёсць нараканні па якасці прадукцыі з боку Міністэрства прамысловасці, а таксама сельскай гаспадаркі. Але, на думку Міхаіла Мясніковіча, у гэтым «ніякіх непераадольных пытанняў няма», і ў «Белшыны» ёсць добрая перспектыва.

Пры гэтым мадэрнізацыя на «Белшыне» праведзена своечасова і мусіць прыўнесці эканамічны эфект, а тэрмін акупнасці ў 10—12 год — норма для такой вялікай вытворчасці. Структура інвестыцыйнага капіталу напружаная, але небезнадзейная. «Таму я лічу, што спяшацца з другой чаргой мадэрнізацыі завода пакуль не варта, трэба досыць добра адпрацаваць тэхналогію па першай. Тут плануецца вырабляць больш за 1,1 тысячы звышбуйнагабарытных шын. Такім чынам, можна будзе «абуваць» усе нашы «БелАЗы» вялікай грузапад'ёмнасці, а таксама экспартаваць прадукцыю», — адзначыў спікер верхняй палаты беларускага парламента.

Калі вывесці завод ЗБГШ на запланаваныя праектныя магутнасці, можна будзе гаварыць аб высокай канкурэнтаздольнасці «Белшыны» на рынку, росце выручкі, рэнтабельнасці рэалізуемай прадукцыі і эфектыўнай працы прадпрыемства ў цэлым. Пры гэтым, па словах парламентарыя, прадпрыемства нясе страты з-за нездаровай канкурэнцыі з боку расійскіх вытворцаў. Так, адзначаецца рост імпарту шын, аналагі якіх маюцца ў айчыннай кампаніі. Больш нізкія цэны на расійскія звязаны з «рашэннямі па энерганосьбітах і па сыравіне для сваіх (расійскіх. — «Зв.») прадпрыемстваў шыннай прамысловасці па цэнах ніжэй, чым для беларускіх пакупнікоў», што стварае няроўныя ўмовы на агульным рынку. «Па шмат якіх іншых паказчыках мы не набліжаемся ў межах фарміравання адзінай эканамічнай прасторы без выдаткаў і абмежаванняў, а разыходзімся. На жаль, гэта імкненне выжыць у цяжкі час у адзіночку, я лічу, з'яўляецца памылковым», — падкрэсліў сенатар.

Цяпер разам з урадам абмяркоўваюцца новыя падыходы працы ў Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расіі і Еўразійскім эканамічным саюзе для таго, каб разам праводзіць узгодненую эканамічную палітыку. Пры гэтым спікер дапускае «меры дзяржаўнага пратэкцыянізму», але яны павінны быць узгоднены і не шкодзіць партнёрам па агульнай эканамічнай прасторы. «Зразумела, канкурэнцыя павінна быць, але яна мусіць быць здаровай», — лічыць Міхаіл Мясніковіч.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіzda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Здаровая Канкурэнцыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

​Дзе прызначалі спатканні ў даваенным Мінску?

Атрымаць падказкі вам дапаможа экскурсія «Рамантыка мінскіх дворыкаў».

Культура

Алесь Бадак: Важна знайсці перакладчыка, які цябе зразумее

Алесь Бадак: Важна знайсці перакладчыка, які цябе зразумее

Паэт і празаік Алесь Бадак шмат гадоў працаваў у літаратурных перыядычных выданнях Беларусі, а з 2015 года ўзначальвае выдавецтва «Мастацкая літаратура».