Вы тут

Мастацкае вымярэнне


У арт-праекце «Ад Лісабона праз Мінск да Уладзівастока»


Зураб Цэрэтэлі «Лісабон», 2016 г.

Свет стракаты, але кожная фарба ў ім каштоўная, кожная кранае, асабліва калі ў ёй закладзена эмоцыя, характэрная для пэўнага народа. Але і адзін яго прадстаўнік — калі ён мастак — можа сведчыць пра сваю радзіму. Доказы прадстаўлены на маштабнай выстаўцы Ад Лісабона праз Мінск да Уладзівастока, што працуе ў мастацкай галерэі народнага мастака СССР і Беларусі Міхаіла Савіцкага ў Мінску.

Маштабны праект таксама стракаты: у ім ёсць і напоўненасць жыццём праз сакавітыя фарбы (яны адразу прыцягваюць у жывапісных творах Зураба Цэрэтэлі), крохкасць і паэтычнаць захопленасці імгненнямі (што дэманструюць працы францужанкі Ан-Мары Валадось), ёсць разважлівасць і філасофія («Ідзі за часам» заклікае італьянскі мастак Джузэпэ Атыні). Але шэраг прац прапануюць разважаць пра пошук ідэнтычнасці і асэнсаванне сябе (народаў) у вялікай прасторы свету (у творы немкі Зігфрыд фон Гунтэн, Довіле Тамкуце з Літвы, Ерлан Назаркулаў з Казахстана і іншыя). Прынамсі, прасторы, якую аб’ядноўвае Еўропа. Нават Еўразія — геаграфічнае прадстаўніцтва даволі шырокае. У праекце ўзялі ўдзел трыццаць мастакоў з дваццаці васьмі краін Еўропы.

Міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей адзначыў:

— Адметна, што такая выстаўка прадстаўлена ў Мінску, які стаў сімвалам дыялогу паміж рознымі народамі ў палітычных і эканамічных пытаннях. Выстаўка надае новае вымярэнне гэтаму дыялогу — мастацкае. Падобныя маштабныя праекты пацвярджаюць ісціну пра ўніверсальнасць мастацтва, яго аб’яднальныя каштоўнасці. Мы можам разам шмат зрабіць для таго, каб Еўропа стала агульным і ўтульным домам.

На адкрыцці выстаўкі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы Павел Латушка падкрэсліў:

— Ідэя арганізаваць выстаўку нарадзілася чатырнаццатага студзеня мінулага года ў Лісабоне. Я і мастак Віктар Альшэўскі пачалі абмеркаванне, што можна прапанаваць знакавага Беларусі ў Год культуры. Віктар Уладзіміравіч прапанаваў зрабіць выстаўку твораў мастакоў з Мінска і Парыжа, але, на мой погляд, калі брацца за праект, то ён павінен быць маштабным.

Мы ўспомнілі тэзіс Шарля дэ Голя пра неабходнасць стварэння адзінай прасторы ад Лісабона да Урала без раздзяляльных ліній. Гэты тэзіс мы трансфармавалі: вырашылі зрабіць акцэнт на адсутнасці межаў для мастацтва. Праект мог адбыцца толькі па адным прынцыпе: аб’яднальнай краінай павінна была стаць наша радзіма. Але рэалізаваць зудуму не атрымалася б без падтрымкі іншых міністэрстваў і маіх калег-дыпламатаў: у праекце ўзялі ўдзел дваццаць восем пасольстваў Беларусі. Генеральны дырэктар ЮНЕСКА Ірына Бокава ўпершыню прыняла патранат над выставачным праектам сучаснага мастацтва ў Беларусі. Выстаўка адпавядае мэтам ЮНЕСКА: культура — фактар, які садзейнічае агульнаму будаўніцтву свету і згодзе ў ім. Ніколі Беларусь не збірала ў адной прасторы столькі мастакоў з розных краін. Літаральна ноччу перад адкрыццём выстаўкі ў Мінск былі прывезены апошнія два творы з Манака і Андоры. Нават маленькія краіны Еўропы вырашылі паказаць сваё мастацтва ў Беларусі.

Довіле Тамкуце «Памяць», 2013 г.

Арт-праект «Ад Лісабона праз Мінск да Уладзівастока» выклікаў вялікую цікавасць у еўрапейскіх мастакоў. Паколькі выстаўка арганізаваная без узроставых, тэматычных крытэрыяў, сярод творцаў прадстаўлены як мэтры сучаснага мастацтва, так і маладыя, але паспяховыя ў сваіх краінах творцы.

Многія мастакі вырашылі асабіста прысутнічаць на адкрыцці выстаўкі.

— Адзін з матываў майго прыезду ў Беларусь у тым, што я з Усходняга Берліна, — расказаў нямецкі мастак Ульрых Уфрэхт. — Наша частка горада перажывае тыя ж змены, што і ваша краіна. Таму ўдзел у праекце для мяне важны, нават гістарычны.

Экспазіцыя атрымалася рознабаковай. Прасочваецца гульня на кантрастах, адчуваецца самабытнасць еўрапейскіх народаў. У гэтым і сэнс праекта: з аднаго боку, ён паказвае, што ёсць агульнага ў іх, з іншага — дэманструе адметнасць, унікальнасць культуры кожнай з краін.

Падчас падрыхтоўкі выстаўкі арганізатары імкнуліся прыцягнуць увагу да Беларусі, падкрэсліць турыстычны патэнцыял нашай краіны, якая мае багатую гісторыю, адлюстраваную ў тым ліку і ў мастацтве. Месцам правядзення выстаўкі нездарма выбралі галерэю Міхаіла Савіцкага, што знаходзіцца ў Верхнім горадзе, які апяваецца многімі беларускімі майстрамі ў творах.

Віктар Альшэўскі, беларускі мастак і куратар праекта, адзначае:

— На маю думку, Год культуры павінны быць кожны дзень, тыдзень, месяц... Не бывае так, каб культура жыла адзін год: яна ў грамадстве альбо ёсць, альбо няма. У нас, безумоўна, ёсць. І пра гэта ведаюць людзі ў розных краінах. Вы не ўяўляеце, якое жаданне было ў многіх за межных мастакоў паўдзельнічаць у праекце, адчуць Беларусь блізка.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».