Вы тут

БелАЭС паспрыяе развіццю «зялёнай» эканомікі


Увод ва эксплуатацыю Беларускай атамнай электрастанцыі дапаможа знізіць выкіды ў атмасферу шкодных рэчываў і паспрыяць развіццю «зялёнай» эканомікі, упэўнены спецыялісты Мінпрыроды.


Арганічнае паліва страчвае папулярнасць

— Беларусь адной з першых прыняла Парыжскае пагадненне аб клімаце, у адпаведнасці з якім наша краіна ўзяла на сябе абавязацельствы забяспечыць да 2030 года скарачэнне выкідаў парніковых газаў больш чым на 28% у параўнанні з 1990 годам. Таму развіццё нізкавугляроднай энергетыкі становіцца прыярытэтнай задачай для беларускай эканомікі, — адзначыў намеснік кіраўніка ўпраўлення Дзяржаўнай экалагічнай экспертызы Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Васіль Каваленка. — Увод ва эксплуатацыю БелАЭС дазволіць вырашыць шмат пытанняў.

Так, можна скараціць выкарыстанне на дзеючых энергакрыніцах арганічнага паліва (прыроднага газу, мазуту, вугалю). Па словах спецыяліста, штогадовае замяшчэнне прыроднага газу можа скласці да 5 млрд м3, што дазволіць вывесці з эксплуатацыі маральна састарэлае абсталяванне, адмовіцца ад будаўніцтва новых ЦЭЦ, што працуюць на арганічным паліве, устанаўліваць электракатлы.

Акрамя таго, выкарыстанне атамнай энергіі будзе садзейнічаць зніжэнню сабекошту электраэнергіі і ў сваю чаргу — сабекошту прадукцыі, у вытворчасці якой апошняя займае вялікую частку выдаткаў. Напрыклад, паспрыяць развіццю гарадскога электрычнага транспарту, які дазволіць палепшыць якасць атмасфернага паветра.

— Усё гэта дасць магчымасць скараціць выкіды забруджвальных рэчываў і парніковых газаў, а таксама зменшыць выкарыстанне кіслароду, неабходнага для спальвання арганічнага паліва, — падкрэсліў Васіль Каваленка.

Смецце ператварыць... у энергію

Увод ва эксплуатацыю БелАЭС будзе садзейнічаць развіццю ў краіне «зялёнай» эканомікі, асабліва ў частцы перапрацоўкі ўсіх відаў адходаў, лічыць старшыня савета Беларускага грамадскага аб'яднання «Экалагічная ініцыятыва» Юрый Салаўёў.

У нас ёсць увесь тэхнічны і тэхналагічны патэнцыял, дзякуючы якому магчыма перапрацоўваць як уласныя адходы, так і імпартуемыя. А таннай энергіяй, якую плануюць атрымліваць на БелАЭС, можна забяспечыць будучыя смеццеперапрацоўчыя заводы.

Стымул для развіцця электратранспарту

Па словах Андрэя Піліпчука, намесніка кіраўніка ўпраўлення рэгулявання ўздзеяння на атмасфернае паветра і водныя рэсурсы Мінпрыроды, у Беларусі існуе ўнікальная магчымасць для развіцця электратранспарту. 

— У бліжэйшай будучыні доля электратранспарту ў свеце будзе толькі ўзрастаць, — адзначыў ён. — Гэта звязана як з паступленнем на рынкі таннай электраэнергіі, так і з прарыўнымі тэхналогіямі ў вобласці захавання энергіі. Як заяўляюць буйныя вытворцы аўтамабіляў, у хуткім часе на рынку павінны з'явіцца электрааўтамабілі, кошт якіх будзе роўны кошту звычайнага аўтамабіля. Маючы вялікі транзітны патэнцыял, пры развіцці сферы электратранспарту краіна змагла б атрымаць дадатковыя эканамічныя стымулы.

Вераніка КОЛАСАВА

kоlаsаvа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.