Вы тут

Кукенойскі князь Вячка (?—1224). Жыццёвы шлях


Больш як два стагоддзі нашы продкі змагаліся з крыжакамі. Разам з беларусамі ў гэтай барацьбе ўдзельнічалі літоўцы, рускія, палякі, украінцы, латышы, эстонцы. Гэта было супрацьстаянне Захаду і Усходу. За крыжацкімі ордэнамі мечаносцаў і тэўтонцаў стаялі сілы ўсёй Заходняй Еўропы. Які лёс чакаў бы нашых продкаў, каб не перамаглі яны ў гэтай вайне?


У сярэдзіне ХІІ стагоддзя пачалася шырокая агрэсія нямецкіх феадалаў на ўсход, землі палабскіх, балтыйскіх і заходніх славян. На захопленых славянскіх землях узнікалі нямецкія герцагствы і графствы. Адразу ж пасля гэтага пачалася заваёва немцамі Усходняй Прыбалтыкі. Папа рымскі прыраўняў паход у Лівонію да крыжовага паходу ў Палесціну, але дзеля таго, каб мець пастаянную вайсковую сілу, каталіцкая царква заснавала ў Лівоніі вайскова-манаскі ордэн мечаносцаў. Папа Інакенцій ІІІ даў мечаносцам статут ордэна храмоўнікаў (тампліераў). Ордэн складаўся з братоў-рыцараў, братоў-святароў і братоў-служачых. Той, хто паступаў у Ордэн, даваў чатыры зарокі: паслухмянства Ордэну, дабрамудрасці, беднасці, прысвячэння свайго жыцця барацьбе з язычнікамі і ворагамі каталіцкай царквы. Кожны брат насіў на адзенні знакі адрознення — чырвоны крыж і меч, адсюль і назва Ордэна — мечаносцы. Жалезная дысцыпліна, добрая баявая вывучка, шчодрая падтрымка каталіцкай царквы рабілі Ордэн галоўнай сілай нямецкіх феадалаў у заваёве Усходняй Прыбалтыкі. Мечаносцы з фанатычным запалам распачалі сваю дзейнасць. «І залілі крывёю паганцаў усе дарогі і месцы. І захапілі яны многіх, і перабілі ўсіх мужчын, і звялі ў палон жанчын і дзяцей. Спустошылі і аддалі агню ўсе весі, а мужчын, якіх захапілі, усіх спалілі жывымі», — пісаў ордэнскі храніст Генрых Латвійскі. Занадта позна зразумеў сваю памылку полацкі князь Уладзімір, які дазволіў каталіцкім святарам «хрысціць» падуладных яму ліваў. Золата, якое плаціў рыжскі біскуп замест даніны ліваў, асляпіла полацкага князя — і быў страчаны дарагі час.

Вячка княжыў у Кукенойсе, што знаходзіўся ў Лівоніі, і быў васалам полацкага князя.

У 1206 годзе на дапамогу крыжакам прыбылі новыя атрады нямецкіх феадалаў, а таксама дацкае войска пад кіраўніцтвам караля Вальдамара. Становішча ў Лівоніі склалася не на карысць Полацка. Адчуўшы сілу, Ордэн ад тактыкі ўступак палачанам, мірных пагадненняў з імі пераходзіць у наступ. Крыжакі напалі на Кукенойс і захапілі яго. Адкрыта далучыць Кукенойскае княства да ордэнскіх уладанняў рыжскі біскуп не наважыўся, таму ён вярнуў горад Вячку з умовай размясціць там крыжацкі гарнізон. Ганарлівы Вячка паўстаў супраць Ордэна: ён расправіўся з варожым гарнізонам, спаліў замак і адправіўся на Русь. Гэта адбылося ў 1208 годзе.

Да 1224 года пра Вячку няма ніякіх звестак у летапісах. Чым займаўся ўвесь гэты час былы кукенойскі князь? Не будзе перабольшаннем сказаць, што так і не ўклаў у похвы ён свой меч, працягваў ваяваць з крыжакамі. Вячка паступіў са сваёй дружынай на службу Ноўгараду, і, відаць, удзельнічаў у паходах наўгародцаў у Лівонію і Эстонію. Як вопытнага і смелага ваяводу наўгародцы пасылаюць Вячку ў Юр'еў (цяпер Тарту) — фарпост Ноўгарада ў эстонскай зямлі. Да 1219 года крыжакі з дапамогай дацкіх войскаў захапілі Паўночную Эстонію і працягвалі наступ на эстонскія землі. З'яўленне ў Юр'еве Вячкі выклікала ўздым вызваленчай барацьбы эстаў супраць крыжакоў. Супраць Вячкі ў Рызе пачынаюць рыхтаваць паход. Было сабрана вялікае войска, у склад якога ўвайшлі мечаносцы, паломнікі, купцы, гараджане Рыгі, дружыны ліваў і лэтаў. Вайсковыя сілы ўсёй Лівоніі і Эстоніі былі кінуты на Юр'еў. З самага пачатку паходу крыжакі прыняліся за рабаўніцтва сёлаў эстаў. Падышоўшы да Юр'ева, ордэнскія войскі разбілі стан і шчыльным колам абклалі горад. Восем дзён крыжакі будавалі абложныя машыны, катапульты, штурмавую вежу з узроўнем замка. Вежу насунулі над ровам і пад яе абаронай крыжакі спусціліся ў роў і пачалі падкопвацца пад вал. Каб аблегчыць штурм замка, крыжакі паслалі да Вячкі паслоў і прапанавалі яму «вольны шлях для выхаду з яго людзьмі, коньмі і маёмасцю, толькі б ён пакінуў замак і гэты народ (эстаў. — В.Ч.) адступнікаў». Вячка разумеў, што горад не абараніць: рана ці позна вораг захопіць яго — занадта няроўныя былі сілы, але ён адмовіўся ад ордэнскай прапановы.

Многа дзён доўжылася аблога. Крыжакі абстрэльвалі замак з балістрыяў і катапультаў. І ўдзень, і ўночы працягваўся падкоп пад замак. У адказ з замкавых сцен стралялі з лукаў і балістрыяў. «І біліся так шмат дзён», — сведчыць Генрых Латвійскі. Раззлаваныя крыжакі на вайсковай радзе вырашылі нікога з абаронцаў замка не шкадаваць і «адпомсціць ліхадзеям на жах іншым». Нарэшце быў гатовы падкоп, і крыжакі пайшлі на штурм. Абаронцы замка адчайна адбіваліся ад ворага. Эсты адкрылі спецыяльныя адтуліны ў вале, праз якія скочвалі ўніз вогненныя колы. Але закутыя ў даспехі рыцары раскідалі агонь, збілі полымя са штурмавой вежы і ў сваю чаргу запалілі замкавую браму. Частка штурмуючых пранікла ў адтуліны ў вале і, зламаўшы супраціўленне эстаў, уварвалася ў замак. За крыжакамі на штурм кінуліся дружыны ліваў і лэтаў. Уварваўшыся ў замак, крыжакі пачалі жорсткую расправу з абаронцамі: «І адразу пачалі забіваць народ, і мужчын, і жанчын, не шкадавалі нікога, так што лічба забітых даходзіла ўжо да тысячы», — піша Генрых Латвійскі. Вячка разам з дзвюма сотнямі воінаў заняў абарону ва ўнутраных умацаваннях. Усе воіны і сам князь загінулі ў няроўным баі. Крыжакі авалодалі замкам.

Смерць Вячкі і ягоных вояў, аднак, не была дарэмнай: подзвіг беларускага князя натхняў рускіх і беларускіх воінаў на Чудскім возеры і ў далейшай барацьбе з Ордэнам.

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.