Вы тут

Пенсіі працуючых пенсіянераў не зменяцца


Як вядома, з 1 студзеня 2017 года прадугледжана паэтапнае штогадовае павышэнне на 6 месяцаў пенсійнага ўзросту да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, жанчынамі — 58 гадоў. Аналагічна будзе павялічаны і ўзрост, які дае права на льготныя працоўныя пенсіі і пенсіі за выслугу гадоў. 21 снежня прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны падчас анлайн-канферэнцыі на сайтах Мінпрацы і сацабароны і БЕЛТА адказалі на пытанні беларусаў, якія датычацца змяненняў у пенсійнай сістэме. «Звязда» публікуе найбольш цікавыя і актуальныя пытанні і адказы.


— Ці магчыма ў Беларусі далейшае павышэнне пенсійнага ўзросту ў бліжэйшыя гады?

Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Беларусі Валерый Кавалькоў:

— На бліжэйшыя шэсць гадоў рашэнне па пенсійным узросце прынята: ён будзе паступова павялічвацца, кожны год на 6 месяцаў, да 58 гадоў у жанчын і 63 гадоў у мужчын у 2022 годзе. Што датычыцца доўгатэрміновага перыяду — час пакажа. Тут важна, як будуць складвацца дэмаграфічныя працэсы, як будзе працаваць эканоміка і, адпаведна, якой будзе сітуацыя з паступленнем унёскаў у бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Значэнне будуць мець і іншыя фактары — занятасць, міграцыя і г.д.

— Пытанне з нагоды перадпенсійнага ўзросту. Зараз гэта 53 гады для жанчын і 58 гадоў — для мужчын. А ў 2017-м і наступных гадах?

Валерый Кавалькоў:

— Па меры павышэння пенсійнага ўзросту будзе адпаведна павялічвацца і перадпенсійны ўзрост. Адзначу, што прыняты Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 снежня 2016 года № 452, які прадугледжвае ўнясенне адпаведных змен у норму Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 30 лістапада 2000 г. № 180 аб перадпенсійным узросце, у адпаведнасці з якім вызначаецца тэрмін дзеяння кантракта, што заключаецца (падаўжаецца) з работнікам.

— Узрост выхаду на пенсію залежыць толькі ад даты нараджэння? Ці мае значэнне дата звароту па прызначэнне пенсіі?

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Мінпрацы і сацабароны Ларыса Яшкова:

— Улічваючы, што пэўнаму каляндарнаму году адпавядае свой пенсійны ўзрост, дата звароту па прызначэнне пенсіі, безумоўна, мае значэнне. Так, калі грамадзянін дасягнуў агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту ў снежні канкрэтнага года і не рэалізаваў свае пенсійныя правы да канца гэтага года, то права на пенсію ў яго паўстане толькі ва ўзросце, які ўстаноўлены ў годзе яго звароту па прызначэнне пенсіі.

— Калі ў 2017 годзе мне выходзіць на пенсію, за які перыяд трэба пацвердзіць заработную плату для яе вылічэння?

Ларыса Яшкова:

— У 2017 годзе заробак для вылічэння пенсіі будзе вызначацца за апошнія 23 гады запар стажу працы, але не больш чым за фактычна існуючы стаж працы. Таму калі вы да дня прызначэння пенсіі працягнеце працаваць, то заробак будзе ўлічвацца пачынаючы з 1994 года альбо, калі былі перапынкі ў працы, — за больш ранні перыяд. За час да ўвядзення ў краіне персаніфікаванага ўліку (да 1 студзеня 2003 года) для вылічэння пенсіі заробак пацвярджаецца даведкамі працадаўцаў.

— Ці можна выбраць для вылічэння пенсіі больш высокі заробак за ўсю працоўную дзейнасць?

Начальнік галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Наталля Мурашкевіч:

— Не, такая магчымасць заканадаўствам не прадугледжана. Заробак для вылічэння пенсіі вызначаецца за ўстаноўлены заканадаўствам перыяд. Так, у 2016 годзе пенсія вылічваецца з заробку за апошнія 22 гады стажу працы, але не больш чым за фактычна існуючы стаж працы. Штогод названы перыяд павялічваецца на адзін год да фактычна наяўнага ў грамадзяніна стажу працы.

— Чаму перыяды вучобы, догляду за дзецьмі перасталі ўлічваць для пенсіі?

Валерый Кавалькоў:

— Такія перыяды як улічваліся, так і ўлічваюцца ў стаж і ўплываюць на памер пенсіі. Гэта рэгламентуецца Законам Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні».

Аднак для прызначэння працоўнай пенсіі па ўзросце неабходны яшчэ і мінімальны перыяд працы з выплатай абавязковых страхавых унёскаў (страхавы стаж). У перыяды навучання, догляду за дзецьмі і іншыя перыяды грамадска карыснай дзейнасці (прадугледжаныя часткай другой артыкула 51 Закона) выплата ўнёскаў не ажыццяўляецца (не ажыццяўлялася). Таму такія перыяды не залічваюцца ў страхавы стаж.

— Лічу, што страхавы стаж неапраўдана вялікі для тых, хто служыў у арміі, даглядаў непрацаздольных.

Наталля Мурашкевіч:

— Па агульнапрынятым падыходзе ва ўмовах старэння насельніцтва права на пенсію за кошт сродкаў страхавання даецца тым, хто на працягу значнага перыяду ажыццяўляў працоўную дзейнасць з выплатай унёскаў на дзяржаўнае сацыяльнае (пенсійнае) страхаванне. Пры гэтым патрабаваная працягласць мінімальнага страхавога стажу эканамічна і сацыяльна абгрунтавана тым, што працоўная пенсія выплачваецца грамадзянам працяглы перыяд — у сярэднім больш за 20 гадоў (жанчынам — каля 26 гадоў). Прычым гэты перыяд паступова павялічваецца за кошт росту працягласці жыцця.

Так, для прызначэння працоўнай пенсіі па ўзросце на агульных падставах у 2016 годзе патрабуецца не менш за 15 гадоў 6 месяцаў страхавога стажу. Штогод яго працягласць будзе павышацца на 6 месяцаў да 20 гадоў да 2025 года.

З іншага боку, такія патрабаванні па мінімальным страхавым стажы для работнікаў пасільныя. Бо стаж у 15—20 гадоў працы фарміруецца на працягу ўсяго працаздольнага перыяду жыцця, што дазваляе яго сфарміраваць нават з улікам магчымага адцягнення на іншую сацыяльна значную дзейнасць.

— У перыяд з 1995 па 1999 год займалася прадпрымальніцкай дзейнасцю і добрасумленна плаціла падаткі. Паколькі прадпрымальнікі ў гэты перыяд былі вызваленыя ад выплаты ўнёскаў у пенсійны фонд, страхавыя ўнёскі я не плаціла. Цяпер мне кажуць, што гэты перыяд не будзе мне ўключаны ў пенсію. Гэта насамрэч так?

Валерый Кавалькоў:

— Згодна з артыкулам 51 Закона «Аб пенсійным забеспячэнні» перыяд ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці ўключаецца ў стаж для мэт пенсійнага забеспячэння пры ўмове выплаты абавязковых страхавых унёскаў. У перыяд да
1 жніўня 2002 года для індывідуальных прадпрымальнікаў заканадаўствам быў устаноўлены добраахвотны парадак выплаты абавязковых страхавых унёскаў (а не вызваленне ад іх выплаты): г.зн. прадпрымальнік сам вырашаў, плаціць яму страхавыя ўнёскі альбо не, і тым самым фарміраваць пенсійныя правы, ці не.

Падстаў для ўключэння ў стаж перыядаў прадпрымальніцкай дзейнасці без выплаты страхавых унёскаў не маецца.

— Ці не прывядзе павышэнне пенсійнага ўзросту да росту напружанасці на рынку працы? Як вядома, вакансій з прымальным узроўнем аплаты працы ў рэгіёнах краіны не так і шмат, а тут яшчэ тысячы работнікаў, што не выйдуць на пенсію ў свае 55/60 гадоў і працягнуць працаваць...

Валерый Кавалькоў:

— Рашэнне аб павышэнні пенсійнага ўзросту — з улікам таго, што яно павінна быць паступовым, па 6 месяцаў у год — якраз прынята з улікам ёмістасці рынку працы.

Пры гэтым трэба ўлічваць, што ўжо сёння занятасць сярод «новых» пенсіянераў досыць высокая. У першы год пасля прызначэння пенсіі працягваюць працаваць каля 70% жанчын і больш за палову мужчын. Пры павышэнні пенсійнага ўзросту група такіх работнікаў, якія і не мелі намеру пакінуць рынак працы, будзе, як і сёння, працягваць працаваць.

Да таго ж у нас створаны і будуць стварацца новыя працоўныя месцы, як гэта прадугледжана Указам кіраўніка дзяржавы № 78.

Як будзем выходзіць на пенсію

З 2017-га кожны год будзе ўстанаўлівацца «новы» пенсійны ўзрост шляхам яго павышэння ў адносінах да папярэдняга года на 6 месяцаў.

Пенсійны ўзрост складзе...

у 2017 годзе:

для мужчын — 60 гадоў 6 мес. (у другім паўгоддзі пенсія можа быць прызначаная народжаным з 1 студзеня па 30 чэрвеня 1957 г.),

для жанчын — 55 гадоў 6 мес. (у другім паўгоддзі пенсія можа быць прызначаная народжаным з 1 студзеня па 30 чэрвеня 1962 г.);

у 2018 годзе:

для мужчын — 61 год (у другім паўгоддзі пенсія можа быць прызначаная народжаным з 1 ліпеня па 31 снежня 1957 г.),

для жанчын — 56 гадоў (у другім паўгоддзі пенсія можа быць прызначаная народжаным з 1 ліпеня па 31 снежня 1962 г.);

у 2019 годзе:

для мужчын — 61 год 6 мес. (у другім паўгоддзі пенсія можа быць прызначаная народжаным з 1 студзеня па 30 чэрвеня 1958 г.),

для жанчын — 56 гадоў 6 мес. (у другім паўгоддзі пенсія можа быць прызначаная народжаным з 1 студзеня па 30 чэрвеня 1963 г.);

у 2020 годзе:

для мужчын — 62 гады (у другім паўгоддзі пенсія можа быць прызначаная народжаным з 1 ліпеня па 31 снежня 1958 г.),

для жанчын — 57 гадоў (у другім паўгоддзі пенсія можа быць прызначаная народжаным з 1 ліпеня па 31 снежня 1963 г.);

у 2021 годзе:

для мужчын — 62 гады 6 мес. (у другім паўгоддзі пенсія можа быць прызначаная народжаным з 1 студзеня па 30 чэрвеня 1959 г.),

для жанчын — 57 гадоў 6 мес. (у другім паўгоддзі пенсія можа быць прызначаная народжаным з 1 студзеня па 30 чэрвеня 1964 г.);

З 2022 года пенсіі будуць прызначаць мужчынам — у 63 гады, жанчынам — у 58 гадоў.

Святлана Бусько

busko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.